RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці 1 снежня стартуе дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы»

У Магілёўскай вобласці 1 снежня стартуе дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», паведаміла дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.

Маштабная акцыя праводзіцца ў рэгіёне восьмым разам напярэдадні навагодніх і калядных святаў.

Марафон, які працягнецца да 31 студзеня 2020 года, будзе ўключаць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Сабраныя падчас іх правядзення сродкі будуць накіраваныя на аказанне дапамогі дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзіцячым дамам сямейнага тыпу, установам адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, дзейнасць якіх накіравана на дапамогу дзецям і сем’ям, на набыццё духоўна-маральнай, сацыяльна значнай літаратуры для дзіцячых бібліятэк, пастаноўку і правядзенне праграм, святаў і мерапрыемстваў.

«Узяць удзел у марафоне можа кожны, арганізаваўшы ўласную акцыю для дзяцей або пералічыўшы сродкі на дабрачынны рахунак Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд», – падкрэсліла Ірына Фісюк. – Падвядзенне вынікаў акцыі «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» адбудзецца падчас дабрачыннага балю, сродкі ад якога таксама будуць пералічаны на рахунак марафону».

Арганізатарам марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» выступае Магілёўскае абласное аддзяленне РГА «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама.

Усіх неабыякавых просяць адгукнуцца на акцыю дабра. Можна сабраць фінансавую дапамогу ў калектыве і пералічыць сродкі на разліковы рахунак BY45BLBB30150700038162001001 у Дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Магілёўскай вобласці BIC BLBBBY2X або праз сістэму АРІП на дабрачынны рахунак для BY25BLBB31350700038162001002.

Ад фізічных асоб ахвяраваць сродкі можна, патэлефанаваўшы з гарадскога тэлефона на нумар 89022151111 (велічыня ахвяравання за злучэнне складае 3 рублі) або абанентам МТС, набраўшы з мабільнага тэлефона *222*5# (велічыня ахвяравання складзе 2 рублі).

Ад юрыдычнай асобы, прадпрыемства або арганізацыі неабходна заключыць з МГА РГА «Беларускі дзіцячы фонд» дагавор аб аказанні спонсарскай дапамогі (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 ад 1 ліпеня 2005 года).

Аб падрабязнасцях правядзення марафону можна будзе даведацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў» 13 снежня з 14.00 да 19.15.

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая