Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці акруговымі камісіямі зарэгістравана 66 кандыдатаў у дэпутаты

У Магілёўскай вобласці акруговымі камісіямі зарэгістравана 66 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў.

Ён адзначыў, што акруговымі камісіямі завершана праверка адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням выбарчага кодэкса. Згодна з іх рашэннем, у рэгіёне зарэгістравана 66 кандыдатаў у дэпутаты з 82.

Акруговыя выбаркамы адмовілі ў рэгістрацыі 16 прэтэндэнтам. Сярод асноўных прычын – прадастаўленне ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці неадпаведных сапраўднасці звестак, якія маюць істотны характар; недастатковая для рэгістрацыі кандыдата колькасць дакладных подпісаў выбаршчыкаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам; наяўнасць непагашанай судзімасці; наяўнасць у падпісных лістах больш за 15 % недакладных подпісаў выбаршчыкаў ад агульнай колькасці правераных.

З агульнай колькасці зарэгістраваных у якасці кандыдатаў 46 чалавек вылучана адным спосабам вылучэння, 20 – двума спосабамі. У цэлым грамадзянамі шляхам збору подпісаў вылучаны 31 чалавек, працоўнымі калектывамі – 16, палітычнымі партыямі – 39, або 59,09 % прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

У выбарчую гонку ўключаюцца прадстаўнікі 9 партый: Аб’яднанай грамадзянскай партыі – 10 чалавек, Ліберальна-дэмакратычнай партыі – 9, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 5, Камуністычнай партыі Беларусі і партыі БНФ – па 4 чалавекі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 3, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» – 2, Беларускай патрыятычнай партыі і партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» – па 1 чалавеку.    

«Гэта выбарчая кампанія адрозніваецца высокай альтэрнатыўнасцю, – адзначыў Валерый Берастаў. – Конкурс у сярэднім складае 5 чалавек на адзін дэпутацкі мандат. Самая высокая канкурэнцыя ў Бабруйскай-Ленінскай № 78 выбарчай акрузе, дзе кандыдацкія пасведчанні атрымала 9 чалавек. Самы нізкі конкурс – 2 чалавекі на месца – у Бабруйскай сельскай № 80 акрузе».

Выбарчая кампанія ўступае ў актыўную фазу – з сённяшняга дня пачынаецца перадвыбарная агітацыя. Кандыдаты ў дэпутаты могуць размяшчаць свае перадвыбарчыя праграмы ў сродках масавай інфармацыі, праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, іншыя агітацыйныя мерапрыемствы. Так, у Магілёўскай вобласці тэлеэфіры са зваротамі кандыдатаў будуць трансляваць 21-31 кастрычніка, радыёэфіры – з 28 кастрычніка па 6 лістапада. Жыхары Прыдняпроўскага краю змогуць пачуць і ўбачыць выступленні патэнцыяльных дэпутатаў на тэлеканале «Беларусь 3» і ў эфіры «Радыё Магілёў».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая