RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці конкурс сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты складае 6,3 чалавека на месца

У Магілёўскай вобласці конкурс сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання складае 6,3 чалавекі на месца. Пра гэта паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў.

Найбольшая канкурэнцыя назіраецца ў акруговых выбарчых камісіях Бабруйскай-Ленінскай № 78 акругі – 9 прэтэндэнтаў на месца, Бабруйскай-Першамайскай № 79, Магілёўскай-Цэнтральнай № 85, Магілёўскай сельскай № 88, Асіповіцкай № 89 акруг – 8 прэтэндэнтаў на месца.

Чарговы этап выбарчага працэсу – вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання – завяршыўся 7 кастрычніка. Прэтэндаваць на месца ў парламенце меў права чалавек, якому споўніўся 21 год. Ён павінен пастаянна пражываць у Беларусі, не мець судзімасцей. Вылучацца можна было трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў (іх трэба не менш за тысячу), палітычнай партыяй, працоўным калектывам. Заканадаўства дазваляе выбраць адзін або некалькі спосабаў.

Валерый Берастаў паведаміў, што кандыдатамі ў дэпутаты ў Магілёўскай вобласці выдзвінуліся 82 чалавекі. Усяго ў выбарчыя камісіі рэгіёна паступіла 102 камплекты дакументаў ад удзельнікаў выбарчай гонкі. Палітычныя партыі вылучылі 46 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, або 45,1 % ад іх агульнай колькасці. Шляхам збору подпісаў вылучылася 38,2 % кандыдатаў у дэпутаты. Менш вылучэнцаў ад працоўных калектываў – 16,7 %.

Жанчын сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія партфелі – 29,3 %, маладых людзей да 30 гадоў – 7,3 %. Пераабрацца паспрабуюць 4 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання (4,9 %). Трапіць у парламент паспрабуюць і дэпутаты мясцовых Саветаў, іх 11 % ад агульнай колькасці вылучэнцаў. Што тычыцца прафесійнай дзейнасці вылучэнцаў, то прадстаўнікоў навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту сярод іх – 15,9 %, занятых у прамысловасці, будаўніцтве, сферы транспарту 12,2 %, прадпрымальнікаў – 9,8 %.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пройдзе 8-17 кастрычніка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая