RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці праходзіць вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі

З 9 верасня ў краіне пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яно пройдзе па 8 кастрычніка ўключна.

Савет Рэспублікі – адна з двух палат парламента Беларусі. У яе ўваходзяць 64 дэпутаты, пры гэтым 56 абіраюцца, а яшчэ 8 прызначае Прэзідэнт Беларусі.

Выбарчым кодэксам вызначана, што права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць Прэзідыумам мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам, прычым адна кандыдатура можа вылучацца ад некалькіх раёнаў.

Членам верхняй палаты можа быць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнага рэгіёна не менш за 5 гадоў. Пры гэтым адзін чалавек не можа адначасова з’яўляцца членам двух палат парламента, а член Савета Рэспублікі не можа адначасова быць і членам урада. Тэрмін паўнамоцтваў сенатара – чатыры гады.

У адпаведнасці з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў Магілёўскай вобласці праходзяць сумесныя пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і выканкамаў. Асноўным на парадку з’яўляецца пытанне «Аб вылучэнні кандыдата ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання».

Такія пасяджэнні ўжо адбыліся ў 12 рэгіёнах з 21-га і горадзе Магілёве. У прыватнасці, ад Круглянскага, Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў была вылучана кандыдатура генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліву і газіфікацыі «Белпалівагаз» Аляксея Кушнарэнкі (1975 год нараджэння). Непасрэдна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці Кушнарэнка пражыў 9 гадоў, калі ўзначальваў РУП «Магілёўаблгаз». Ураджэнец Полацка Віцебскай вобласці мае вышэйшую адукацыю – скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. За 21 год працы ў сістэме газавай гаспадаркі ён унёс значны ўклад у развіццё прамысловасці і паліўна-энергетычнай інфраструктуры Віцебскай і Магілёўскай абласцей. У цяперашні час з’яўляецца дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.

Бабруйскі, Глускі, Клічаўскі і Кіраўскі раёны вылучылі кандыдатуру дырэктара ўнітарнага камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Саўгас “ДОБРААХВОТНІК”» Клічаўскага раёна Алега Портніка, які нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску. У 1981-м скончыў Беларускую сельгасакадэмію па спецыяльнасці «Заатэхнія». Пачынаў працоўную дзейнасць у Пухавіцкім раёне з кіраўніка племянной свінагадоўчай фермы. З 1996 года ўся яго працоўная біяграфія звязана з «Саўгасам “ДАБРААХВОТНІК”» і Клічаўскім раёнам. Пад кіраўніцтвам Алега Портніка працоўны калектыў прадпрыемства ўносіць важкі ўклад у гарантаванне харчовай бяспекі краіны. За сваю працу ён узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» і ордэнам Пашаны.

Магілёўскі раён і Чавускі раёны вылучылі кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Алега Дзячэнку 1971 года нараджэння – прарэктара па вучэбнай рабоце УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» (з 2017 года). Алег Дзячэнка – жыхар Магілёва. У 1995 годзе з адзнакай скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Гісторыя» з прысваеннем кваліфікацыі «Настаўнік гісторыі, сацыяльна-палітычных дысцыплін і асноў права» і прысуджэннем акадэмічнай ступені бакалаўра педагагічных навук. У 2000 годзе скончыў аспірантуру Інстытута філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і датэрмінова абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук па спецыяльнасці «Філасофія рэлігіі». У 2004 годзе Алегу Дзячэнку было прысвоена вучонае званне дацэнта. У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова працуе з 1995 года.

Магілёў вылучыў кандыдатуру першага сакратара Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Дзмітрыя Варанюка, які нарадзіўся ў 1987 годзе ў Ташкенце (Узбекістан). У 2009-м скончыў факультэт прыродазнаўства па спецыяльнасці «Геаграфія» Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, у 2018-м – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці «Дзяржаўнае будаўніцтва». Працаваў сакратаром БРСМ МДУ імя А. А. Куляшова, першым сакратаром Ленінскага раённага камітэта БРСМ Магілёва, першым сакратаром Магілёўскага і Мінскага абласных камітэтаў, сакратаром Цэнтральнага Камітэта. 30 мая 2018 года абраны першым сакратаром ЦК БРСМ.

Кандыдатуры, якія вылучаюцца на раённым узроўні, затым будуць разгледжаны на пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Магілёўскай вобласці па выбарах членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, якое пройдзе 7 лістапада ў Палацы культуры вобласці. Усяго ад Магілёўскай вобласці ў верхнюю палату парламента будзе дэлегавана 8 чалавек.

Матэрыял падрыхтаваны з выкарыстаннем артыкулаў раённых газет Магілёўскай вобласці

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая