RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці праходзіць выязны практычны семінар для асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве на пасады кіраўнікоў арганізацый АПК

У Магілёўскай вобласці праходзіць выязны практычны семінар для асоб, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, а таксама ў рэзерве кадраў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Мерапрыемства адкрыла сустрэча ўдзельнікаў палілогу з кіраўніком рэгіёна Леанідам Зайцам.

Сёння Беларусь добра ведаюць за мяжой, у тым ліку дзякуючы якасным прадуктам харчавання і харчовым брэндам, адзначыў старшыня аблвыканкама. Аграпрамысловы сектар корміць не толькі краіну, але і паспяхова прадае лішкі прадукцыі іншым дзяржавам. Гэта стала магчымым дзякуючы прафесійнай працы кадраў усіх звёнаў і кірункаў. «Наяўныя вынікі неабходна шанаваць, паважаць і прымнажаць», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю заўважыў, што ў Беларусі надаецца вялікая ўвага падрыхтоўцы спецыялістаў розных галін. Сваю актуальнасць не губляе лозунг «Кадры вырашаюць усё!». Калі гаспадарку ўзначальвае граматны лідар, падабраныя такія спецыялісты сярэдняга звяна, якія ўмеюць развівацца, камунікабельныя, энергічныя, у арганізацыі ёсць будучыня, перспектывы ўпэўненага росту.

Звяртаючыся да моладзі, Леанід Заяц адзначыў: «Кожны з вас ужо скончыў ВНУ, свядома выбраўшы прафесію ў сельскагаспадарчай галіне. Вы патрэбныя рэгіёну, у якім нарадзіліся і выраслі, нашай краіне. Пастаянна працуйце над сабой, фарміруйце лідарскія якасці, жывіце па сумленні, не будзьце ганарыстымі. Тады вас запаважаюць навакольныя людзі, а кіраўнікі ўбачаць перспектыўных спецыялістаў, якія не шкадуюць сябе дзеля поспеху агульнай справы».

Сёння ўдзельнікі практычнага семінара вывучаць вопыт работы па сацыяльна-эканамічным развіцці аграпрамысловага комплексу ў сучасных умовах на прыкладзе Бялыніцкага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас «Радзіма»». Паводле слоў Леаніда Зайца, прадпрыемства – адно з найлепшых у Магілёўскай вобласці. Тут пад кіраўніцтвам Аляксандра Лапатэнтава працуе каманда аднадумцаў. У дужай і ўзорнай гаспадарцы развітая вытворчая, сацыяльная сфера, а ўзровень жыцця вяскоўцаў даўно зраўняўся з гарадскім. І важна, што ў СВК актыўна дзеляцца сваімі напрацоўкамі. 

Моладзь наведае вытворчыя аб’екты гаспадаркі, машынны двор, алею Славы, музей, ферму па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ў в. Саглассе, а таксама азнаёміцца з ходам рэканструкцыі малочна-таварнай фермы ў сучасны малочна-таварны комплекс у в. Старое Сяло. У вучэбнай аўдыторыі Вішоўскай сярэдняй школы дацэнт кафедры псіхалогіі кіравання Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук Наталля Азаронак правядзе для маладых спецыялістаў заняткі з элементамі псіхалагічнай дыягностыкі па асновах паспяховага лідарства. Пра антыкарупцыйнае заканадаўства раскажа лектар Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры РДГА «Веды», юрыст, падпалкоўнік юстыцыі, старшы следчы па асабліва важных справах упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці ў запасе Алена Краўчанка.

Завершыцца семінар падвядзеннем вынікаў, абменам думкамі па актуальных пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці, станаўлення эфектыўнага кіраўніка ў сучасных умовах у фармаце «Адкрытага мікрафона».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая