Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці стартуе рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку»

У Магілёўскай вобласці з 21 верасня стартуе рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку», прымеркаваная да дня ўтварэння Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Пра гэта паведаміла старшы інспектарабласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

«Летапіс руху юных пажарных вядзецца з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, а арганізацыйнае аб’яднанне паміж ужо існуючымі клубамі юных выратавальнікаў-пажарных, як грамадскай структуры, адбылося 14 кастрычніка 2001 года, калі і была створана Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных, – расказала Вольга Нехарошых. – Дзень нараджэння Магілёўскага абласнога аддзялення БМГАВП – 12 лістапада 2002 года. Сёння колькасць членаў арганізацыі ў Магілёўскай вобласці – больш за 24 тысячы юнакоў і дзяўчат».

1-ы этап акцыі пройдзе з 21 верасня па 30 кастрычніка. З дабрачынна-шэфскай місіяй «112 добрых спраў» выратавальнікі і актывісты БМГАВП адправяцца да тых, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе: да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінока пражываючых пенсіянераў і інвалідаў. Фронт працы значны: устаноўка АПА, нарыхтоўка дроў, уборка тэрыторыі і іншыя гаспадарчыя працы. У межах гэтага этапу юныя ратавальнікі разам з домаўладальнікамі будуць рыхтаваць беларускія стравы і занатоўваюць гэта дзеянне здымкай відэароліка «Бабуліны рэцэпты бяспекі».

2-і этап – з 1 па 9 кастрычніка. Акцыя будзе праходзіць у дамах састарэлых, дамах ветэранаў, ТЦСАНах, ДК, а таксама сярод аматарскіх аб’яднанняў (клубаў, гурткоў) для людзей сталага ўзросту. 1 кастрычніка, у Міжнародны дзень пажылых людзей будуць арганізаваны масавыя мерапрыемствы: кірмашы бяспекі, канцэрты, сумесна з юнымі ратавальнікамі конкурсы «СуперСТАР + ЮнСпас», «Мудрасць. Вопыт. Бяспека»і інш. Праз аддзяленні РУП «Белпошта» і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пенсіянеры атрымаюць паштоўкі з віншаваннямі. Таксама людзі «залатога ўзросту»змогуць прадэманстраваць свае паэтычныя і музычныя таленты ў конкурсе «Прыпеўкі бяспекі».

3-і этап –з 12 па 16 кастрычніка. У месцах масавага знаходжання людзей (цэнтрах дзіцячай творчасці, палацах моладзі, кінатэатрах, актавых залах, ДК, на адкрытых пляцоўках, у парках і г. д.) будуць арганізаваны канцэртныя праграмы: творчыя нумары актывістаў БМГАВП, славуты і ўсімі любімы КВЗ, конкурсы, віктарыны, латарэі, прэзентацыя арганізацыі, флэшмоб ад юных ратавальнікаў да дня нараджэння БМГАВП. Асаблівая фішка этапу – «Восеньскі баль юных ратавальнікаў». На свяце, акрамя «вальсавання» і танцавальна-конкурснай праграмы, будуць і ўрачыстыя моманты: узнагароджанне актывістаў БМГАВП і прадстаўнікоў адукацыі, пасвячэнне юных ратавальнікаў у рады БМГАВП і ўручэнне ім членскіх білетаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая