RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці з’явіліся першыя экіпажы-трохтысячнікі

У Магілёўскай вобласці з’явіліся першыя экіпажы-трохтысячнікі, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Лідарства ў рэгіёне па-ранейшаму ўтрымліваюць два экіпажы камбайнераў і тры кіроўцы ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» (Магілёўскі раён). Паводле даных на сённяшнюю раніцу, сямейны дуэт Аляксея і Юрыя Макосавых сабраў 3014 т ураджаю, а Аляксандр Верхатураў і яго памочнік Віктар Пятроў намалацілі 3007 т. На адвозцы збожжа вызначыліся Андрэй Максутаў (перавёз 3423 т), Уладзімір Котаў (3418 т) і малады кіроўца Міхаіл Цалабёнак (3289 т).

У цэлым у Магілёўскай вобласці па 1 тыс. т і больш збожжа новага ўраджаю намалацілі 83 экіпажы камбайнераў, 2 тыс. т і больш – тры экіпажы, адзін з іх моладзевы. Дарэчы, памочнікамі камбайнераў на жніве ў рэгіёне працуе 12 жанчын.

На сушыльных агрэгатах няма роўных у галіне брыгадзе з «Зары» ў складзе Міхаіла Бялькова, Мікалая Кізунова, Уладзіслава Шумскага і Дзмітрыя Шылы. На іх рахунку больш за 15, 5 тыс. т высушанага збожжа.

Жніво ў рэгіёне ўжо праведзена на 67% пасеваў збожжавых і зернебабовых культур. Намалочана звыш 552 тыс. т збожжа, ураджайнасць склала 26 ц/га. У ліку лідараў на ўборцы – Кіраўскі раён, хлеба тут зжата на 87% плошчаў. У Клічаўскім і Краснапольскім раёнах зерне ўбрана на 79%. Шклоўскія хлебаробы перасягнулі 76-працэнтную мяжу. Самы вялікі намалот – звыш 73 тыс. т, як і самая высокая ўраджайнасць – 41 ц/га – у Шклоўскім раёне, 31 ц/га – ураджайнасць у Горацкім раёне, па 30 ц/га атрымліваюць Магілёўскі і Круглянскі раёны.

Па ўраджайнасці сярод гаспадарак вобласці пальму першынства трымае ЗАТ «Агракамбінат “Зара”». Тут намалочваюць 62,6 ц/га. На другім месцы – СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна (57,4 ц/га), на трэцім – ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна (56 ц/га).

Усе работы ў Магілёўскай вобласці вядуцца ў комплексе, падкрэслілі ў камітэце. З палёў пасля жніва прыбіраюць салому, праводзяць узворванне, рыхтуюць глебу для сяўбы азімых культур. Разам са жнівом ідзе ўборка насеннікаў злакавых траў. Лён выцераблены на 79% плошчаў. У Мсціслаўскім, Хоцімскім і Магілёўскім раёнах заданне выканана цалкам, блізкія да гэтага чавускія і дрыбінскія льнаводы. Вядзецца ўздым ільнотрасты.

У той жа час актыўна працягваецца зялёнае жніво. Нарыхтавана больш за 106 тыс. т сена, гэта на 12,8 тыс. т больш за леташняга, сенажу – 1448 тыс. т (плюс 5,5 тыс. т). Сіласу маецца 37,8 тыс. т. У палімернай упакоўцы нарыхтавана 85,3 тыс. т каштоўных кармоў. Усяго назапашана 476,2 тыс. т кармавых адзінак, на адну ўмоўную галаву жывёлы выходзіць па 12,08 ц кармавых адзінак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая