Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскім аблвыканкаме разгледзелі ход выканання у 2019 годзе плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 1

На пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама сёння разгледзелі ход выканання ў 2019 годзе плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Як было адзначана падчас пасяджэння, на планавай аснове ў рэгіёне рэалізуюцца арганізацыйныя і практычныя мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Адпрацаваная сістэма інфармавання і навучання грамадзян па пытаннях папярэджання пажараў і гібелі ад іх, дзеянняў у выпадку ўзнікнення іншых надзвычайных сітуацый. Прымаюцца меры па аказанні дапамогі адзінокім і адзінока пражываючым састарэлым грамадзянам, інвалідам, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, рамонце печаў і электраправодак. Ажыццяўляецца кантроль за забеспячэннем пажарнай бяспекі суб’ектамі гаспадарання. Арганізаваны работы па абсталяванні сістэмамі пажарнай аўтаматыкі аб’ектаў сацыяльнай сферы.

«Калі прымалася Дырэктыва №1, было нямала скептыкаў, – адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Васіль Акуліч. – Аднак час паказаў яе дзейснасць і актуальнасць, паколькі ў аснове дакумента – захаванне жыцця чалавека, прадухіленне гібелі людзей ад знешніх прычын, траўматызму».

Паводле слоў Васіля Акуліча, у Магілёўскай вобласці прымаліся сур’ёзныя меры, накіраваныя на ліквідацыю фактараў рызыкі. І вынікі сумеснай працы розных структур прывялі да скарачэння многіх паказчыкаў.

Так, паводле інфармацыі пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка, у бягучым годзе знізілася колькасць патанулых, няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі на вытворчасці, злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Менш зарэгістравана наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбояў, махлярстваў, крадзяжоў, злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Скарацілася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, загінулых і параненых у іх людзей. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння злачынстваў па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі.

Разам з тым, аналіз стану спраў у рэгіёне па разглядаемым пытанні сведчыць аб наяўнасці шэрагу праблем. Адзначаецца рост хуліганстваў, крадзяжоў, грабяжоў, злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. За 10 месяцаў 2019 года ў вобласці адбылося 663 пажары, што на 10% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У агні загінула 60 чалавек –столькі ж і ў 2018-м, у тым ліку 2 дзяцей. У 2,1 раза больш пацярпела на пажарах людзей. Пры гэтым асноўныя прычыны здарэнняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, непатушаныя цыгарэты і алкагольнае ап’яненне.

Дарэчы, апошняя прычына праходзіць чырвонай ніткай па ўсіх паказчыках. Да яе далучаюцца бязладнае стаўленне людзей да свайго здароўя і бяспекі, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, парушэнне працоўнай, вытворчай дысцыпліны і інш.

Васіль Акуліч запатрабаваў узмацніць прафілактычную працу па арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці людзей у гаррайвыканкамах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Менавіта з пытанняў захавання жыцця і здароўя, на яго думку, павінны пачынацца усе планёркі і паседжанні.

  

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая