RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве адбылася абласная педагагічная канферэнцыя

Абласная педагагічная канферэнцыя, якая прайшла сёння ў Палацы культуры вобласці, сабрала звыш 600 чалавек. На ёй па традыцыі падвялі вынікі працы рэгіянальнай сістэмы адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе і вызначылі задачы на будучыню.

У маштабным форуме прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц, яго намеснік Валерый Малашка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай і, вядома, педагагічная грамадскасць рэгіёна.

«Аналізуючы вынікі працы за мінулы год, можна канстатаваць, што сістэма адукацыі вобласці прадэманстравала гатоўнасць і магчымасць працаваць якасна і прафесійна, – падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. – Сёння ж перад намі стаіць задача далейшага ўдасканалення бесперапыннай адукацыі, якая адпавядае патрэбам грамадства і дзяржавы».

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэгіёна налічваецца больш за 2,5 тыс. месцаў. У 2020 годзе задача іх крокавай даступнасці ў мікрараёнах інтэнсіўнай жылой забудовы павінна быць вырашана, канстатаваў Уладзімір Рыжкоў.

Таксама начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі паведаміў аб станоўчай дынаміцы вынікаў вучэбнай дзейнасці: высокі і дастатковы ўзроўні па выніках года паказалі 45% выпускнікоў 9-х і 65% – 11-х класаў. Разам з тым, якасць адукацыі не павінна вымярацца выключна вынікамі цэнтралізаванага тэставання або прадметнымі алімпіядамі. «Адукацыю трэба ацэньваць па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня, – упэўнены Уладзімір Рыжкоў. – Пры гэтым важна ствараць умовы для яго самавызначэння, забяспечыць сацыяльную і прафесійную мабільнасць асобы».

Прынятыя ў рэгіёне меры па будаўніцтве новых школ дазволілі не толькі павысіць даступнасць, але і адпрацаваць механізм пераходу да электроннай адукацыі. За кошт рэспубліканскага бюджэту абсталяваны 71 кабінет фізікі, 78 – хіміі. Да канца года будуць пастаўлены 122 інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы ў 91 установе агульнай сярэдняй адукацыі.

За апошнія гады ў вобласці выбудавана сістэма ўзаемадзеяння ўстаноў розных тыпаў, рэалізуюцца традыцыйныя праекты і з’яўляюцца новыя. Так, створаны педагагічны кластар, адкрыты класы аграрнай накіраванасці, функцыянуюць цэнтры ўстаноў прафесійнай адукацыі, сумесна з ВНУ рэалізуюцца навукова-даследчыя ідэі.

Сёння больш за палову школьнікаў Магілёўшчыны займаецца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе не толькі захавана даступнасць, але і пашыраны спектр паслуг. Чарговым дасягненнем стала прызнанне каманды Прыдняпроўскага краю найлепшай у турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў ліпені ў Смаленскай вобласці.

Гаворачы аб задачах на перспектыву, Уладзімір Рыжкоў адзначыў неабходнасць далейшага абнаўлення аўтобуснага парку і ажыццяўлення кантролю за яго тэхнічным станам; забеспячэнне навучэнцаў якасным харчаваннем з улікам набыцця сучаснага абсталявання, якое дазваляе прыгатаваць ежу з мінімальнымі стратамі пажыўных рэчываў. Акрамя таго, мяркуецца працягнуць удасканаленне арганізацыі аздараўлення, у тым ліку планавых аб’ёмаў, працу па стварэнні камфортных умоў пражывання навучэнцаў і студэнтаў у інтэрнатах.

«Рэалізацыя задач, якія стаяць перад органамі кіравання адукацыяй, установамі, у канчатковым выніку накіравана на дасягненне галоўнай мэты – павышэнне якасці адукацыі пры захаванні і ўмацаванні здароўя навучэнцаў. Упэўнены: яны будуць паспяхова рэалізаваны дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і прафесійнаму патэнцыялу педагогаў», – падкрэсліў Уладзімір Рыжкоў.

Падчас канферэнцыі педагагічныя работнікі, якія падрыхтавалі ў 2019 годзе пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, атрымалі дыпломы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Найлепшыя спецыялісты сферы адукацыі рэгіёна таксама былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства адукацыі, нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая