Рус Бел Eng 中文

У Магілёве адкрылі інтэграваную паліклініку ў мікрараёне Казіміраўка

У Магілёве адкрылі інтэграваную паліклініку ў мікрараёне Казіміраўка. Урачыстае пераразанне чырвонай стужкі адбылося сёння з удзелам ганаровых гасцей, прадстаўнікоў выканаўчай улады, медперсаналу, будаўнікоў, жыхароў абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт сайта.

Будынак на шэсць паверхаў (плюс цокальны) і плошчай 16 тыс. кв. м сумяшчае дарослую і дзіцячую паліклінікі, падстанцыю хуткай медыцынскай дапамогі на 4 машыны. Тут будуць абслугоўваць жыхароў мікрараёнаў «Казіміраўка» і «Спадарожнік», сельскае насельніцтва Магілёўскага раёна – усяго 31,6 тыс.чалавек, у тым ліку 22 тыс. дарослых і 9,6 тыс. дзяцей. Пры гэтым магутнасць новай установы аховы здароўя разлічана на 850 наведванняў на змену (600 дарослая паліклініка і 250 дзіцячая). У лячэбнай установе будзе працаваць больш за 300 чалавек. Прыём пацыентаў пачнецца ўжо заўтра.

Дарослая і дзіцячая паліклінікі цалкам самастойныя: у кожнай свой уваход і рэгістратура. Усюды добраўпарадкавана безбар’ернае асяроддзе, ёсць бясплатны wi-fi і шмат канап. Малым чаканне прыёму палягчаюць тэлевізары ў калідорах –тут будуць паказваць мультфільмы.

Для дарослых пацыентаў арганізавана праца двух аддзяленняў урачоў агульнай практыкі, сучаснай клініка-дыягнастычнай лабараторыі, стаматалагічнага аддзялення з артапедыяй, рэнтгеналагічнага з дзвюма рэнтгенаўстаноўкамі, дыягнастычных кабінетаў. Акрамя таго, у новай паліклініцы размясціліся жаночая кансультацыя і аддзяленне рэабілітацыі, якое ўключае саляны пакой і водалячэбніцу, наведванне якіх магчымае толькі пасля кансультацыі фізіятэрапеўта, паколькі ёсць супрацьпаказанні да працэдур. Дарэчы, у водалячэбніцы ўстаноўлены тры джакузі, дзе можна прайсці працэдуры жамчужнай і травяной ванны, душ Шарко і узыходны душ-масаж.

Акрамя стандартнага, у медустанове ўстаноўлена абсталяванне, якога няма больш ні ў адной падобнай установе горада. Яно размешчана такім чынам, каб пацыент мог прайсці абследаванне, не выходзячы з кабінета ўрача.

У паліклініцы ўсталяваны адзіны ў галіне фетальны манітор для назірання за станам плода і маці. Ён можа дыягнаставаць недаразвіццё плода на 10-й секундзе абследавання. На апараце для мамаграфіі ўрачы могуць праводзіць скрынінгавыя, а калі спатрэбіцца і дыягнастычныяабследаванні. У распараджэнні афтальмолага два апараты-сканеры для УГД вока. Да гэтага моманту такі апарат быў адзін на ўсю вобласць – у Магілёўскай абласной бальніцы. Ён выяўляе захворванні абалонак вачэй, у тым ліку наватворы. Відэаўралагічная стойка дазваляе праводзіць эндаскапічныя даследаванні мачавыводных шляхоў, біяпсію і малахірургічныя аперацыі.

У працу ўстановы ўпершыню ў Магілёўскай вобласці ўкаранёны комплекс «Разумная паліклініка», які забяспечвае размеркаванне і аптымізацыю патокаў пацыентаў, павышае эфектыўнасць працы. Ён уключае адкрытую рэгістратуру, абсталяваную электроннай чаргой, працу з электроннымі амбулаторнымі картамі. Каля кожнага кабінета знаходзіцца табло, дзе адлюстроўваецца нумар талона пацыента. Ёсць і дадатковыя, якія дазваляюць або забараняюць уваходзіць, напрыклад, у кабінет на рэнтгеналагічнае абследаванне.

Каб запісацца на прыём да ўрача, у пацыента ёсць некалькі варыянтаў: прыйсці ў рэгістратуру, патэлефанаваць у кол-цэнтр, скарыстацца тэрміналам замовы талончыкаў (ва ўсёй паліклініцы такіх 17). Першы час тлумачыць, як імі карыстацца, будуць спецыяльныя работнікі. На прыёме званкоў, у тым ліку выкліку ўрача на дом, асобна працуюць два чалавекі, а ў рэгістратуры адначасова могуць прымаць трох пацыентаў.

Улік працоўнага часу медперсаналу таксама электронны. На першым паверсе для гэтага ўстаноўлены спецыяльныя фотарэгістратары. На цокальным паверсе для работнікаў паліклінікі ёсць распранальні з душавымі, пакоі адпачынку і прыёму ежы, а таксама буфет, які будзе працаваць як сталовая.

Інтэграваная паліклініка абышлася абласному бюджэту больш чым у Br47 млн., але яна была вельмі неабходная жыхарам новых раёнаў горада, у якіх расце насельніцтва. Раней усе яны адносіліся да розных паліклінік абласнога цэнтра, а машынам хуткай медыцынскай дапамогі трэба было пераадольваць немалыя адлегласці. Таму і было прынята рашэнне пабудаваць такую ўстанову аховы здароўя, дзе дапамогу будуць аказваць ўсёй сям’і.

Разумеючы важнасць аб’екта, будаўнікі ўзвялі яго менш чым за год. Заказчыкам па аб’екце выступіла КУП «Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва», праекціроўшчыкам – ААТ «Інстытут Магілёўграмадзянпраект», падрадчыкам – ААТ «Будаўнічы трэст №12».

Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, новая паліклініка – увасабленне ў жыццё сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. Ажыццяўленне праекта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва аблвыканкама, падтрымцы ўрада, шэрагу арганізацый Магілёва, якія ўнеслі свой фінансавы ўклад у будаўніцтва аб’екта. «Медыцынская дапамога павінна быць даступнай, якаснай і эфектыўнай для ўсіх, – адзначыў Ігар Сяргеенка. – Паліклініка, якую адкрылі сёння ў Магілёве, – медустанова сучаснасці і будучыні, якая сведчыць, што якасць медыцынскіх паслуг у рэгіёнах не саступае сталічным цэнтрам. Тут усё зроблена з улікам напрацаванага сістэмай аховы здароўя нашай краіны вопыту».

На паліклінікі прыходзіцца 80% зваротаў да сістэмы арганізацыі медыцынскай дапамогі, –дадаў выканальнік абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. –Таму ў сучасных паліклініках павінна быць сканцэнтравана максімальная колькасць аказваемых паслуг. «І мы бачым гэта сёння на прыкладзе новай паліклінікі ў Магілёве. Тут будуць весці пацыентаў ад нараджэння і да «залатога»ўзросту, – канстатаваў ён.

«Пабудаваць паліклініку такога ўзроўню дапамагло рашэнне нашага Прэзідэнта – ён пазначыў мадэль фінансавання аб’екта, – расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Паспяховыя прадпрыемствы горада і вобласці аказалі спонсарскую дапамогу –яны бязвыплатна перадалі для будаўніцтва 1,25% ад выручкі. За гэтыя грошы мы змаглі вырашыць многія пытанні жыхароў нашай вобласці: мадэрнізавалі медыцынскія ўстановы, радзільню ў Магілёве, бальніцу ў Асіповічах».

У цэлым у 2020 годзе ў арганізацыях аховы здароўя вобласці закуплена і абноўлена медыцынскае абсталяванне на суму больш за Br26,8 млн., набыта 26 адзінак аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі. Пачата будаўніцтва кардыяхірургічнага корпуса Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, вядзецца капітальны рамонт Магілёўскай паліклінікі №5, Мсціслаўскай, Глускай, Кіраўскай цэнтральных раённых бальніц.

Кантакты УАЗ «Магілёўская паліклініка №3» у Казіміраўцы

Рэгістратура: 68 00 55, +375 29 697 01 73 (A1);

рэгістратура педыятрычнага аддзялення:

68 00 53, 68 00 54, 8 044 784 76 77 (А1).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая