RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве на плошчы Леніна пачалі ўстанаўліваць галоўную навагоднюю ёлку вобласці

У Магілёве на плошчы Леніна пачалі ўстанаўліваць галоўную навагоднюю ёлку вобласці. Яе асновай стане металічная канструкцыя, якая складаецца са зборных модуляў.

Вышыня навагодняй прыгажуні разам з верхняй ялінкай і зоркай складзе прыкладна 37 м. Дыяметр унізе – каля 10 метраў. Для збору ўсёй канструкцыі плануецца выкарыстоўваць жывыя елкі, якія замест лапак будуць устаўлены ў спецыяльныя прыстасаванні. Лясныя прыгажуні пойдуць пад сякеру ў межах санітарнай высечкі.

Светлавое афармленне галоўнай навагодняй ёлкі вобласці будзе ажыццяўляцца ў комплексе з бліжнімі скверамі. Паводле традыцыі, ёлка ўпрыгожыць цэнтральную плошчу горада да 14 студзеня, пасля чаго яе дэмантуюць.

Вялікія жывыя і штучныя прыгажуні размесцяцца і на іншых пляцоўках Магілёва, дзе плануецца праводзіць навагоднія мерапрыемствы.

Дарэчы, купіць галоўны сімвал навагодніх святаў можна будзе на 180 гандлёвых кропках Магілёўскай вобласці, 18 з іх размесціцца ў горадзе на Дняпры. Акрамя таго, грамадзяне змогуць набыць лясных прыгажунь непасрэдна ў лясніцтвах па месцы жыхарства.

Лясгасы рэгіёна падрыхтавалі больш за 18 тыс. дрэў для рэалізацыі з 20 снежня на ёлачных базарах. Акрамя звыклых ялінак, у продажы будуць хвоі, дрэвы ў кадках і навагоднія букеты.

Рэкамендуемы кошт ялінкі вышынёй да 1 м – Br5,8 без ПДВ; ад 1 да 2 м – Br7,7; ад 2 да 3 м – Br15,9. Кошт навагодняга букета складзе Br3,17.

У многіх буйных крамах і гандлёвых цэнтрах горада шырокі асартымент штучных ёлак, а таксама навагодніх упрыгожванняў.

УВАГА:

За незаконную высечку елак прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь для грамадзян, а для юрыдычных асоб – да 300 базавых велічынь. Акрамя таго, за кожнае дрэва вінаватыя павінны пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю. Гэта яшчэ не менш за адну базавую велічыню.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая