RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве прынялі рашэнне не будаваць шматпавярхоўку на месцы стадыёна каля СШ № 35

У Магілёве на месцы спартыўнага стадыёна каля сярэдняй школы №35 не будуць будаваць дзесяціпавярховы жылы дом. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Уладзімір Скачак.

У генплане горада тэрыторыя стадыёна пазначана як месца для магчымага будаўніцтва шматпавярховага дома. Таму УКБ гарвыканкама і ўнесла ў свой план будаўніцтва тут шматпавярхоўку, прапаноўваючы ў якасці кампенсацыі стварыць побач сучасную спартыўную пляцоўку. Падчас грамадскага абмеркавання гэтага праекта шмат жыхароў выказалася супраць яго рэалізацыі. Яны абгрунтавалі гэта тым, што спартыўны аб’ект запатрабаваны, тут актыўна займаюцца фізічнай культурай і спортам як іх дзеці, так і яны самі.

Мясцовыя жыхары стварылі ініцыятыўную групу, сталі звяртацца ў розныя інстанцыі і змагацца за выратаванне стадыёна, не разабраўшыся, што з імі толькі раяцца па гэтым пытанні, бо УКБ гарвыканкама нават не прыступала да стварэння праектнай дакументацыі. З просьбай не дапусціць будаўніцтва жылога дома на месцы спартыўнага аб’екта гараджане звярнуліся і ў БЕЛТА падчас акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту».

«Улічваючы меркаванне большасці жыхароў, пасля правядзення грамадскага абмеркавання мы прынялі рашэнне не будаваць на месцы стадыёна шматпавярхоўку. Зараз разглядаецца пытанне аб мадэрнізацыі стадыёна, стварэнні тут сучаснага спартыўнага ядра з арганізацыяй розных пляцовак і напаўненнем іх адпаведным абсталяваннем. Гэты праект таксама абмяркуюць з гараджанамі», – расказаў Уладзімір Скачак.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая