RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве стартаваў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

У Магілёве стартаваў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Урачыстае адкрыццё інтэлектуальнага спаборніцтва адбылося сёння ў абласным цэнтры творчасці.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэя Заблоцкага, у зале сабраліся найлепшыя з найлепшых, тыя, хто змог сфарміраваць тандэм «настаўнік–вучань».

«Навучэнец можа дасягнуць добрага выніку па вучэбных прадметах пры наяўнасці дзвюх рэчаў: калі педагог можа даць веды дзіцяці, а той іх узяць, – падкрэсліў Андрэй Заблоцкі. – І гэта ў вас атрымалася, што даказваюць вынікі раённых і гарадскіх этапаў».

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі падкрэсліў: «Дэвіз «Галоўнае –не перамога, а ўдзел» не зусім падыходзіць для алімпіяды па вучэбных прадметах, паколькі кожны тут выступае не проста за сябе, а абараняе гонар сваёй навучальнай установы, раёна, горада. Акрамя таго, перамога ў гэтым інтэлектуальным спаборніцтве –добры шанец зарэкамендаваць сябе і паступіць у жаданую ВНУ».

Асноўная ж задача, якую ставяць перад сабой арганізатары алімпіяды, педагагічная грамадскасць рэгіёна і журы, – сфарміраваць моцную каманду для рэспубліканскага фіналу, якая зможа годна выступіць і перасягнуць вынікі папярэдніх гадоў. У 2019 годзе нашы вучні заваявалі на чацвёртым этапе 78 дыпломаў. Гэта добры вынік, але ў выкладчыкаў вобласці яшчэ шмат рэзерваў, лічыць Андрэй Заблоцкі.

Ён выказаў словы падзякі педагогам за працу. «Вы ўкладваеце часцінку душы ў кожнага з вучняў, тым самым робіце іх лепшымі, адукаванейшымі, выхоўваеце сапраўдных грамадзян нашай краіны. Самая галоўная ўзнагарода для любога педагога –калі вучань пераўзыходзіць настаўніка. Хачу пажадаць, каб вашы выхаванцы заўсёды дасягалі мэтаў, і вы імі ганарыліся», – адзначыў Андрэй Заблоцкі.

Звяртаючыся да журы, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі заклікаў судзіць строга, але справядліва і аб’ектыўна. Ён падкрэсліў, што склад журы сфарміраваны такім чынам, што ў яго не ўключаліся педагогі, чые навучэнцы выступаюць на абласной алімпіядзе. «Журы абсалютна незалежнае, бо ад вынікаў судзейства залежыць у цэлым ацэнка ўзроўню правядзення мерапрыемства», – сказаў Андрэй Заблоцкі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая