RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ў 2019 годзе пачнуць будаўніцтва новага кардыяхірургічнага корпуса абласной бальніцы

На тэрыторыі Магілёўскай абласной бальніцы пабудуюць новы кардыяхірургічны корпус. На сённяшні дзень вызначана пляцоўка і пачаты праектна-пошукавыя работы, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін.

Да будаўнічых работ плануецца прыступіць восенню-зімой бягучага года. Фінансаванне будзе весціся за кошт спонсарскіх сродкаў, з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. На гэтыя мэты спатрэбіцца прыкладна Вг 30-35 млн. Пастаўлена задача пабудаваць кардыяхірургічны корпус за паўтара года.

Ва ўстанове аховы здароўя штогод робіцца больш за 16 тыс. хірургічных аперацый. Іх колькасць паступальна расце дзякуючы прымяненню высокатэхналагічнага абсталявання, сучасных тэхналогій і асваення новых відаў хірургічных умяшальніцтваў, аднак развіццё абласной хірургічнай службы стрымліваюць цесныя ўмовы працы. У прыватнасці, не хапае плошчаў для ўстаноўкі абсталявання, патрэбны новыя аперацыйныя блокі. «У бягучым годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага кардыяхірургічнага корпуса, – сказаў Аляксандр Жылін. – У ім будзе ўстаноўлена самае сучаснае абсталяванне, што дазволіць выконваць працяглыя аперацыі з мінімальнымі нагрузкамі на арганізм, малаінвазіўныя ўмяшальніцтвы. Гэта дазволіць кардынальна вырашаць праблемы са здароўем пацыентаў, павялічыць іх працягласць жыцця».

Аналагам для праекта новага будынка будзе ўзяты хірургічны корпус абласнога анкадыспансера. Чатырохпавярховы будынак злучаць з бальніцай галерэяй. У новым корпусе мяркуецца размясціць 4 аперацыйныя блокі, у якіх будзе магчымасць рабіць не толькі аперацыі на сэрцы, але і іншыя хірургічныя ўмяшальніцтвы. Тут усталююць камп’ютарны тамограф і ангіяграфічны комплекс. У будынку таксама прапішуцца аддзяленні трансплантацыі, рэанімацыйна-анестэзіялагічнае, стэрылізацыйнае.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая