RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўзнагародзілі найлепшых журналістаў вобласці

У Магілёве ў Палацы культуры старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі правёў сёння ў фармаце адкрытага дыялогу калядную сустрэчу з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і абласных СМІ. На ёй абмяркоўваліся новыя праекты і ідэі аб супрацоўніцтве з мясцовымі органамі ўлады, а таксама адбылося ўзнагароджанне найлепшых журналістаў рэгіёна.

«Выканаўчая ўлада адкрыта для журналістаў і гатова да канструктыўнага дыялогу па ўсіх напрамках жыццядзейнасці вобласці, – сказаў Уладзімір Даманеўскі. – Не скрываю, што не ўсё ў рэгіёне атрымалася ў бягучым годзе з запланаванага ў сацыяльна-эканамічным развіцці, але прыемна тое, што па ўсіх асноўных прагнозных паказчыках, за выключэннем сельскай гаспадаркі, вобласць паказвае тэмпы росту. Дынаміка развіцця рэгіёна станоўчая».

Губернатар заўважыў, што такія сустрэчы і адкрыты дыялог з журналістамі павінны быць як мага часцей, і СМІ павінны актыўна супрацоўнічаць з выканаўчымі органамі, даючы аб’ектыўную інфармацыю аб сітуацыі, быць своеасаблівым сувязным звяном з насельніцтвам рэгіёна. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што трэба больш пісаць пра людзей працы, вяскоўцаў, аб укладзе кожнага ў развіццё сваёй малой радзімы.

Уладзімір Даманеўскі павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з Новым годам і Калядамі, пажадаў поспехаў, натхнення, творчай рызыкі і выканання ўсіх жаданняў. Найлепшым журналістам ўручаны ганаровыя граматы, падзячныя лісты і падзякі аблвыканкама.

Ганаровымі граматамі аблвыканкама адзначаны намеснік галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Генадзь Ляхаў і начальнік упраўлення па працы са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Алена Дзівакова. Падзячныя лісты ўручаны галоўнаму рэдактару інфармагенцтва «Магілёўскія ведамасці» Святлане Шутавай, дырэктару тэлерадыёкампаніі «Магілёў» Таццяне Ларынай, галоўнаму рэдактару «Радыё Магілёў» Ніне Міхновай, уласнаму карэспандэнту карэспандэнцкага бюро (Магілёў) галоўнай рэдакцыі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Андрэю Ястрабаву, кіраўніку Магілёўскага сабкораўскага пункта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня»Паўлу Мінчанку, галоўнаму рэдактару газеты «Зямля і людзі» Уладзіміру Капузу, рэдактарам аддзела інтэрнэт-тэхналогій Магілёўскага рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра Вользе Емяльянавай і Галіне Радзьковай, а таксама намесніку рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі БЕЛТА Сяргею Кулягіну і вядучаму фотакарэспандэнту БелТА Алегу Файніцкаму.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Святлана Шутава падзякавала за душэўны і адкрыты дыялог. «Вядома, для кожнага з нас мае вялікае значэнне такая ўвага з боку кіраўніцтва вобласці і з’яўляецца яшчэ адным падарункам да Каляд, – адзначыла Святлана Шутава. – У гэтай зале сабраліся сапраўды шчаслівыя людзі, якія адбыліся ў прафесіі. Ёсць сярод нас і «акулы пяра», якія па-майстэрску валодаюць словам. Сваю галоўную задачу мы бачым у адлюстраванні рэальных падзей у рэгіёне, падачы аб’ектыўнай інфармацыі, стварэнні станоўчага іміджу нашай дзяржавы і рэгіёна».

Яна выказала ўпэўненасць, што сённяшняя сустрэча надасць новы імпульс канструктыўнаму ўзаемадзеянню мясцовых органаў улады і СМІ, а таксама з’яўленню новых сумесных творчых праектаў і ідэй.
Музычны падарунак – аўтарская песня-віншаванне з Калядамі – прагучаў ад карпункта БелТА ў выкананні Сяргея Кулягіна. Губернатару ўручылі фотаальбом, прысвечаны 100-годдзю Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Тэкст - БЕЛТА

Фотаздымкі - mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая