RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве ўзнагародзілі работнікаў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі рэгіёна

У Магілёве ўзнагародзілі работнікаў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі рэгіёна. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці.

Адкрываючы цырымонію ўшанавання, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што гэтыя даты аб’ядноўваюць людзей аднаго прызвання – стваральнай працай забяспечваць адзіную інфармацыйную прастору Беларусі. «Вы даносіце да людзей самую галоўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў вобласці, прапануеце да абмеркавання розныя тэмы, уздымаеце найвастрэйшыя праблемы, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – У век інтэрнэту і шырокага доступу да інфармацыі ваша прафесія асабліва важная. Вы не толькі несяце людзям навіны, але і ўплываеце на фарміраванне грамадскай думкі. Вам давяраюць сотні тысяч жыхароў Магілёўшчыны. Таму ваша праца патрабуе асаблівай адказнасці, бо, з аднаго боку, яркае, моцнае слова можа з’яднаць людзей, абудзіць веру ў лепшае, а з другога боку, слова можа валодаць і разбуральным эфектам. Таму галоўнымі прынцыпамі вашай працы павінны заставацца аб’ектыўнасць і празрыстасць».

Леанід Заяц выказаў удзячнасць усім журналістам, паліграфістам і работнікам сувязі Прыдняпроўскага краю за адданасць свайму прафесійнаму выбару, годнае асвятленне падзей, дзейсную дапамогу ў вырашэнні сацыяльна значных задач.

Старшыня аблвыканкама пажадаў прадстаўнікам СМІ поспехаў, творчых перамог, вялікіх тыражоў і высокіх рэйтынгаў, даверу аўдыторыі і фінансавага дабрабыту. Найлепшым журналістам і выданням-пераможцам рэгіянальнага конкурсу сярод дзяржаўных СМІ па выніках працы за 2018 год ён уручыў дыпломы і грашовыя прэміі.

Сярод абласных і гарадскіх газет найлепшай прызнана абласная газета «Могилевская правда», сярод раённых – рэдакцыя газеты «Горацкі веснік». Галоўныя рэдактары Ірына Палавікова і Вольга Кімель адпаведна, атрымалі сертыфікаты аб вылучэнні фінансавых сродкаў па 450 базавых велічынь для кожнага выдання.

Другое месца заняла рэдакцыя чавускай раённай газеты «Іскра», трэцяе – рэдакцыя мсціслаўскай раённай газеты «Святло Кастычніка».

Быў вызначаны і найлепшы інтэрнэт-сайт рэдакцыі. Ім стаў рэсурс газеты «Голас Касцюкоўшчыны».

Сярод журналістаў рэгіянальных дзяржаўных друкаваных выданняў першае месца заняў намеснік галоўнага рэдактара газеты «Веснік Магілёва» Юрый Раманаў. Другім стаў вядучы карэспандэнт газеты «Бабруйскае жыццё» Аляксандр Казак, трэцяй – намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты «Голас Касцюкоўшчыны» Наталля Талкачова.

Пераможцам сярод фотакарэспандэнтаў рэгіёна прызнаны фатограф газеты «Бабруйскае жыццё» Аляксандр Анташкевіч.

Таксама больш за 60 журналістаў, спецыялістаў і калектываў рэдакцый былі заахвочаны ганаровымі граматамі і падзякамі Магілёўскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, Саветаў дэпутатаў, абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, абласных упраўленняў УУС, МНС, Дэпартамента аховы, прафсаюзнай арганізацыі. У прыватнасці, за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, садзейнічанне развіццю і павышэнню прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Магілёўскай вобласці, удасканаленне іх у сетцы Інтэрнэт ганаровымі граматамі аблвыканкама ўзнагароджаны дырэктар Магілёўскага рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра Сяргей Вайцяховіч і намеснік дырэктара названага прадпрыемства Андрэй Дварэцкі, намеснік рэдактара аддзела карэспандэнцкай сеткі – кіраўнік Магілёўскага карпункта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Павел Мінчанка, галоўны рэдактар газеты «Кіравец» Наталля Хадакова, начальнік аддзела радыёвяшчання «Тэлерадыёкампанія “Магілёў”» Максім Астравухаў, загадчык аддзела камунальнай выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства «Інфармацыйнае агенства “Магілёўскія ведамасці”» Міхаіл Халамаў і інш.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая