RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве завяршаецца падрыхтоўчы этап будаўніцтва аб’язной дарогі

У Магілёве завяршаецца падрыхтоўчы этап будаўніцтва аб’язной дарогі, якая дублюе трасу «Вуліца Якубоўскага – Загарадная шаша». Пра гэта паведаміў намеснік начальніка вытворчага аддзела ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3» Сяргей Адзінец.

«Падрыхтоўчы этап будаўніцтва трасы-дублёра падыходзіць да канца: заканчваем знос будынкаў, пераносім камунікацыі, – расказаў Сяргей Адзінец. – Ужо пачалі ўзводзіць насып для будучай дарогі».

Новая дарога аблегчыць дарожную сітуацыю ў горадзе і забяспечыць прамое злучэнне мікрараёна Казіміраўка і вуліцы Касманаўтаў, абыходзячы вуліцу Якубоўскага. Будаваць новую праезджую частку будуць у тры этапы: ад кальца на вуліцы Касманаўтаў да вуліцы Пысіна, ад Пысіна да Гарадшчыны і ад Гарадшчыны да вуліцы Грунвальдскай. Працягласць трасы складзе 7 км. Яна стане першай дарогай у Магілёве з бетонным пакрыццём. Цяпер прыступілі да першай чаргі будаўніцтва – неабходна пабудаваць 1,7 км дарогі. Як адзначылі спецыялісты, гэта самая складаная частка працы.

«Каб прыступіць да будаўнічых работ, нам давялося ачысціць тэрыторыю. Заканчваем знос прамысловых аб’ектаў ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат», будынкаў ААТ «Белэлектрамантаж» і «Рэмсэрвіс», прыватных жылых дамоў. Пад знос трапляюць 53 гаражы – іх уладальнікі атрымаюць грашовую кампенсацыю. Акрамя таго, на шляху новай трасы-дублёра дзве чыгуначныя лініі: Магілёў–Гомель і Магілёў–Асіповічы. Праз іх пабудуюць два пуцеправоды даўжынёй 260 м і 33 м», – паведаміў намеснік начальніка вытворчага аддзела.

Паводле праекта, праезджая частка будзе шырынёй 24,5 м – па тры паласы руху ў кожным кірунку. Побач з дарогай размешчаны жылыя дамы, таму ўстановяць спецыяльныя шумаахоўныя экраны. Прамысловыя і адміністрацыйныя будынкі аддзеляць плотам. Пабудуюць пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, добраўпарадкуюць прылеглую тэрыторыю, установяць ліхтары.

«З’яўленне трасы-дублёра – неабходнасць, якая з’явілася з ростам транспартнага патоку ў горадзе. У гадзіну пік гэта дазволіць пазбегнуць затораў. Паколькі вялікая частка прамысловых прадпрыемстваў знаходзіцца на другім баку Дняпра, то грузавыя аўтамабілі змогуць аб’язджаць цэнтр горада па дубль-трасе», – адзначыў спецыяліст.

Паводле праекта, на першую чаргу будаўніцтва адведзена 27 месяцаў. Аднак канчатковыя тэрміны не ставяцца: рэалізацыя праекта будзе залежаць ад фінансавання. Усяго на будаўніцтва трасы-дублёра неабходна каля Br100 млн. Фінансуе праект Банк развіцця Беларусі.

Заказчык па будаўніцтве аб’екта – КУП «Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальным будаўніцтвам». Генеральны падрадчык – ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая