RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Мсціславе адкрылі нанова пабудаваную гарадскую лазню

Новенькая –невялікая, але ўтульная і сучасная –гарадская лазня адкрылася ў Мсціславе. Будынак узвялі з нуля ў рэкордна кароткія тэрміны – за восень – сіламі Клімавіцкай ПМК № 256. Грошы на будаўніцтва выдзеліў абласны бюджэт. Аб’ект для горада значны. З пытаннем, калі ім вернуць грамадскую лазню, жыхары Мсціслава не раз звярталіся ў райвыканкам. Паводле слоў прэс-сакратара старшыні Магілёўскага аблвыканкама Юрыя Пракапенкі, уздымалі яны тэму аб неабходнасці адкрыцця ў райцэнтры грамадскай лазні і на ўзроўні вобласці.

– Зразумела, што грамадская лазня землякам патрэбная, бо ў нас палова райцэнтра –прыватны сектар. Ваннай дома няма, душ –у нямногіх. А сваю лазню пажылому чалавеку часам вытапіць цяжка, – разважае жыхар горада Іван Салаўёў.

– Я сама не аматар парыцца, але ведаю нямала людзей, якія вельмі чакалі, калі адрамантуюць старую лазню або адкрыюць наўзамен яе новую. Яны ўсе жывуць у кватэрах з выгодамі, але сумуюць па тым часе, калі маглі ўвечары пасядзець у парні з венікам, – уключаецца ў размову Людміла Карнеенка, якая прыйшла на адкрыццё значнага аб’екта. – Упэўнена: людзі сюды пойдуць.

Старая лазня працавала з 1973-га года, прымала аматараў папарыцца выключна па суботах. Цяперашняя будзе працаваць чатыры разы на тыдзень: па чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях. Калі дні «мужчынскія», а калі «жаночыя»– значыцца на шыльдзе пры ўваходзе.

– Стары будынак зачынілі ў 2019-м годзе. Яго прызналі аварыйным: у непрыдатнасць прыйшоў падмурак, у кацельні абрынуліся пліты, – удакладняе намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ Валерый Кочын. – Лазня была больш сучаснай: 2 аддзяленні на 25 месцаў. Па суботах яе наведвала ад 25 да 54 чалавек. Сучасную вырашылі зрабіць больш кампактнай. Бо да гэтага часу ў нас з’явілася яшчэ некалькі месцаў, дзе можна папарыцца: саўна ёсць у гарадскім ФАК, на базе адпачынку «Сямігор’е». Але новая размешчана больш выгадна, лічы – у самым цэнтры. Так што ўпэўнены: пуставаць не будзе.

Новая лазня прыгожая звонку і знутры. Памывачнае аддзяленне, распранальні, парня – у светлых, бэжавых танах. Утульна пахне свежай драўнінай. Ацяпленне электрычнае. Дарэчы (што немалаважна), будаўніцтва ў працэсе зрабілі значна таннейшым: замест планаваных першапачаткова 500 тысяч рублёў было выдаткавана ўсяго каля 300.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая