RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Ялізаве запусцілі мадэрнізаваную вытворчасць шклатары

У філіяле ААТ «Гродзенскі шклозавод» ў пасёлку Ялізава (Асіповіцкі раён) сёння адкрылася мадэрнізаваная вытворчасць шклатары.

Тут упершыню ў Беларусі асвоена тэхналогія, якая дазволіць выпускаць палегчаную шкляную ўпакоўку са зніжэннем вагі гатовых вырабаў да 20%. Прадукцыя будзе мець статус інавацыйнай і імпартазамяшчальнай.

«Зусім нядаўна гэта прадпрыемства было ў стадыі ліквідацыі, у яго было шмат розных праблем, – адзначыў у гутарцы з журналістамі намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Алег Швец. – Але пасля таго як маёмасны комплекс завода быў выкуплены Гродзенскім шклозаводам, сітуацыя стабілізавалася. Зараз філіял працуе паспяхова і актыўна развіваецца. Тут дастойны ўзровень заработнай платы. А праведзеная маштабная мадэрнізацыя дае яшчэ больш упэўненасці ў будучыні і перспектывах. У Ялізаве рэалізуецца праграма пераходу Беларусі з пластыкавай тары на шкляную, будзе наладжаны серыйны выпуск палегчанай шкляной тары. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню тут будзе выпускацца канкурэнтаздольная, высакаякасная прадукцыя».

Тэхнічнае пераўзбраенне завода выканана менш чым за два месяцы, што адпавядае сусветнай практыцы для гэтага віду работ. Мадэрнізацыя дазволіла павялічыць прадукцыйнасць абсталявання і тэрмін эксплуатацыі шклаварнай печы, а таксама знізіць энергазатраты.

У планах на 2020-2021 гады – пашырэнне гэтай вытворчасці за кошт мадэрнізацыі яшчэ адной шклаварнай печы і набыцця высокапрадукцыйнага абсталявання для выпуску палегчанай шкляной тары. Гэта дазволіць значна нарасціць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі.

Шкляны завод у пасёлку Ялізава заснаваны ў 1913 годзе. Прадпрыемства адносіцца да групы шматфункцыянальных шкляных кампаній, з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў бясколернай шкляной тары на тэрыторыі краіны. У 2018 годзе маёмасны комплекс завода быў выкуплены Гродзенскім шклозаводам для яго далейшага развіцця. На сённяшні дзень тут працуе больш за 500 чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая