Рус Бел Eng 中文

Увод новых аб’ектаў і праца прадпрыемстваў – Леанід Заяц аб развіцці Магілёўскай вобласці

Пра тое, як у цяперашні час развіваецца Магілёўская вобласць, расказаў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Губернатар адзначыў, што Магілёўская вобласць ужо гатова да ўборкі збожжавых культур. «Цяперашні стан пасеваў гаворыць пра тое, што ўборачная кампанія пачнецца ў большасці раёнаў вобласці ў канцы ліпеня. Тэхнічны парк камбайнаў да гэтага гатовы, мы яго яшчэ ўзмацнілі, зараз дадаткова закупляем у «Гомсельмаша» тэхніку. Такім чынам, зменшыцца нагрузка на адну машыну. Усё гэта дасць магчымасць сабраць ураджай у аптымальна сціслыя тэрміны», – паведаміў ён.

Паводле інфармацыі старшыні аблвыканкама, у вобласці павялічаны пасяўныя плошчы збожжавых культур практычна на 100 тыс. га. Амаль у тры разы павялічаны пасевы кукурузы.

Таксама Леанід Заяц адзначыў, што ўсе галіны прамысловасці ў Магілёўскай вобласці выйшлі на станоўчую дынаміку. «Па выніках працы за пяць месяцаў валавы рэгіянальны прадукт забяспечаны на ўзроўні 98,3%, стаіць задача ў бягучым годзе забяспечыць выкананне гэтага паказчыка ў аб’ёме 102,5%. Праблемы, якія сёння ёсць у свеце, слабеюць. Гэта адчуваецца ўжо і на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Прадпрыемствы, праца якіх звязана са знешнімі рынкамі, аднаўляюць сваю дзейнасць і гандаль. Гэта датычыцца і кампаній, якія займаюцца перапрацоўкай малака. Многія прадпрыемствы вобласці павялічылі свае фінансавыя паказчыкі і выручку. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што мы забяспечым нашага спажыўца харчаваннем, прадуктамі харчавання і ўсім неабходным», – падкрэсліў губернатар.

Старшыня аблвыканкама падзякаваў Прэзідэнту за падаўжэнне да 2025 года дзеяння асноўных палажэнняў указа №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». Гэта дазволіць стварыць дадатковыя ўмовы для комплекснага развіцця рэгіёна, павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

«Мэта гэтай праграмы – вывесці ўзровень жыцця людзей у рэгіёне на сярэднеабласны паказчык і па заработнай плаце, і па ўмовах пражывання, – растлумачыў Леанід Заяц. – Дасягнуць гэтага трэба за пяць гадоў, а пачынаем гэтую працу ўжо з гэтага года. Так, трэба павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, запланаваны ўвод шэрагу сацыяльных аб’ектаў. У Слаўгарадзе ўжо ўводзіцца ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 50 месцаў, у іншых рэгіёнах аб’екты будуць будавацца ў адпаведнасці з патрэбамі насельніцтва». Паводле слоў губернатара, у вобласці практычна кожны месяц здаецца ў эксплуатацыю па некалькі аб’ектаў, пастаянна вядзецца работа па паляпшэнні якасці дарог.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая