RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Вальс выпускнікоў» і акцыя «Магілёў – здаровы горад» пройдуць 30 мая ў абласным цэнтры

Акцыя «Магілёў – здаровы горад», прысвечаная Сусветнаму дню без тытуню і II Еўрапейскім гульням, а таксама «Вальс выпускнікоў» пройдуць 30 мая ў абласным цэнтры. Мерапрыемствы адбудуцца ў межах прафілактычнага праекта «Магілёў – здаровы горад», паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У 12.30 на плошчы Зорак пачнецца сапраўднае свята здароўя і маладосці. Тут жыхары і госці горада змогуць прыняць удзел у працы інтэрактыўных пляцовак, майстар-класах, конкурсах і віктарынах па здаровым ладзе жыцця, спартыўных спаборніцтвах, азнаёмяцца з выставай інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў па пытаннях захавання і ўмацавання здароўя, рэтра-выставай агітацыйных плакатаў 30-50 гадоў, якія заклікаюць весці ЗЛЖ, прайсціся па «Сцежцы здароўя», атрымаць кансультацыі ва ўрачоў-валеолагаў, псіхолагаў. У межах акцыі будзе арганізаваны выязны гандаль, дзе таксама будуць прадстаўлены прадукты здаровага харчавання, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Магілёва.

«Прыемным музычным дадаткам свята стане маляўнічы канцэрт дзіцячых творчых калектываў горада, а кульмінацыяй – усеагульная зарадка, прысвечаная II Еўрапейскім гульням, – адзначылі спецыялісты. – У дзействе змогуць прыняць удзел усе жадаючыя, падтрымаўшы тым самым гарадскі рух “За актыўнае жыццё без тытуню”».

Яркай падзеяй гэтага дня для большасці навучэнцкай моладзі нашага горада стане ўжо традыцыйны «Вальс выпускнікоў». У танцы закружацца выпускнікі школ, кадэты, выхаванцы дзіцячых музычных студый і калектываў горада.У межах мерапрыемства будуць арганізаваны майстар-класы па харэаграфіі, інтэрактыўныя пляцоўкі, флэшмобы, фотазоны і многае іншае.

«Спадзяёмся, што мерапрыемствы стануць сапраўдным упрыгожваннем нашага горада, – адзначылі суразмоўцы. – Запрашаем усіх стаць удзельнікамі свята здароўя, атрымаць зарад бадзёрасці і добрага настрою, а таксама палюбавацца вальсам выпускнікоў».

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая