RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Важна чуць і бачыць праблемы жыхароў беларускай глыбінкі –Андрэй Кунцэвіч

Важна чуць і бачыць праблемы жыхароў беларускай глыбінкі – такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч падчас выязнога прыёму ў Быхаве.

«У цяперашні час устойлівае развіццё рэгіёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Таму Адміністрацыяй Прэзідэнта ў гэтым годзе запланавана правядзенне выязных прыёмаў грамадзян ва ўсіх 118 раёнах краіны, каб ведаць, чым жывуць нашы людзі, якія праблемы іх турбуюць», – падзяліўся Андрэй Кунцэвіч.

Каля 20 чалавек звярнулася да намесніка кіраўніка адміністрацыі падчас выязнога прыёму. Зямельныя спрэчкі, адсутнасць дзіцячых гульнявых пляцовак, канфлікты з суседзямі і жыллёвыя пытанні –сітуацыі ў людзей самыя разнастайныя.

Так, на прыём прыйшоў мужчына, які прадстаўляў інтарэсы свайго бацькі. Як аказалася, сям’я ўжо некалькі гадоў не можа атрымаць тэхпашпарт і неабходныя дакументы на дом, які дастаўся па спадчыне. У дакументах, якія прадастаўляюць мужчыне адказныя структуры, пастаянна выяўляюцца памылкі і недахопы. Андрэй Кунцэвіч даручыў узяць гэтую сітуацыю на кантроль, выправіць усе памылкі і праблемныя пытанні і даць чалавеку магчымасць скарыстацца сваёй маёмасцю.

Жанчына звярнулася па дапамогуў атрыманні жылля. Пасля смерці маці ёй дасталася толькі невялікая частка жылплошчы ў кватэры. Жыць разам з іншымі сваякамі не атрымліваецца. У райвыканкаме адзначылі, што вольнага арэнднага жылля ў населеным пункце няма, жанчыне прапаноўвалі дом у пасёлку. Такі варыянт быхаўчанку не задаволіў. «Давайце вы зараз прама тут запоўніце неабходныя дакументы і заявы, каб стаць на чаргу. А мы паставім гэтае пытанне на кантроль», – прапанаваў Андрэй Кунцэвіч.

Яшчэ адзін быхаўчанін выказаў прэтэнзіі да стану асфальту на некаторых вуліцах горада. Мужчына–пенсіянер, яму цяжка хадзіць па дрэнных дарогах. Акрамя гэтага, ён прапанаваў паставіць у райцэнтры помнік маршалу авіяцыі і Герою Савецкага Саюза С. А. Красоўскаму. У населеным пункце ўжо ўвекавечана памяць героя: у яго гонар названая плошча, аднак мужчына лічыць, што гэтага недастаткова. Неабыякавы жыхар Быхава падкрэсліў, што ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі з’яўленне такога помніка было б сімвалічным.

«У першую чаргу людзей турбуе праца мясцовых органаў улады, службаў і арганізацый. Першапачаткова на прыём грамадзян было запісана больш за 50 чалавек. Падчас падрыхтоўчай працы амаль палова пытанняў была знятая. Гэта гаворыць пра многае. У 2019 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта паступіла больш за 26 тыс. зваротаў, кожны чацвёрты – зварот жыхароў сельскіх раёнаў. Каб зваротаў станавілася менш, павінна быць больш актыўная праца мясцовай улады, раённага дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў і органаў мясцовага самакіравання», – падсумаваў Андрэй Кунцэвіч.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая