RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ветэраны вобласці прапаноўваюць назваць плошчу перад магілёўскім дыягнастычным цэнтрам у гонар Пятра Машэрава

Старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Глаз на пасяджэнні Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый рэгіёна выступіў з ініцыятывай аб увекавечанні памяці Пятра Міронавіча Машэрава.

«Ад магілёўцаў у нашу арганізацыю паступала шмат зваротаў з такой просьбай, – адзначыў Анатоль Глаз. – У 2018 годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзяржаўнага дзеяча Беларусі, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы. Мы ўносілі прапанову аб перайменаванні вуліцы Мінская шаша або яе часткі ў праспект Пятра Машэрава, а таксама ўстанаўленні яго бюста ў арцы на ўездзе ў Магілёў з боку Мінска. Аднак гэта патрабавала значных фінансавых выдаткаў».

Сёння, паводле слоў Анатоля Глаза, ёсць добрая магчымасць вярнуцца да ідэі ўшанавання памяці аб былым кіраўніку Беларусі. «Насупраць гарвыканкама каля дыягнастычнага цэнтра з’явілася вялікая пляцоўка, у якой пакуль няма назвы, – падкрэсліў ён. – Добра, калі б яна стала плошчай Машэрава. Сімвалічна, што побач размяшчаецца Камсамольскі сквер, дзе можна было б устанавіць бюст Пятра Міронавіча або размясціць мемарыяльную дошку на фасадзе дыягнастычнага цэнтра».

Члены Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый Магілёўскай вобласці падтрымалі прапановы Анатоля Глаза аднагалосна. Адпаведнае хадайніцтва ў найбліжэйшы час будзе накіравана на разгляд у Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт і гарадскі Савет дэпутатаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая