RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выхоўваючы дзіцяці і адкрываючы яму дзверы ў свет ведаў, педагогі закладваюць асновы будучага краіны – Валерый Малашка

Адкрываючы дзіцяці дзверы ў свет ведаў, выхоўваючы яго, педагогі фарміруюць асобу юнага патрыёта, закладваюць асновы будучыні Беларусі. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню настаўніка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

«Усё жыццё мы з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаем сваіх настаўнікаў: уважлівых і добрых, якія дапамагалі спасцігаць веды і жыццёвую мудрасць, – адзначыў ён. – Упэўнены: быць педагогам – гэта прызванне, лёс».

Валерый Малашка падкрэсліў, што ва ўсе часы настаўнікі знаходзіліся ў цэнтры грамадскага жыцця, з’яўляючыся захавальнікамі культуры і найвышэйшых духоўных каштоўнасцей. І цяпер, як ніколі, грамадства ўсведамляе вялікую мэту і адказнасць выкладчыка, значэнне яго сапраўды падзвіжніцкай працы для выхавання грамадзяніна.

Кіраўніцтва рэгіёна заўсёды падтрымлівала педагагічную грамадскасць, канстатаваў Валерый Малашка. Пад асаблівай увагай старшыні Магілёўскага аблвыканкама знаходзяцца пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, стварэнне бяспечных і камфортных умоў знаходжання ў іх навучэнцаў, сістэмнае абсталяванне спартыўным інвентаром, абнаўленне аўтобуснага парка.

Звяртаючыся да ветэранаў педагагічнай працы, Валерый Малашка выказаў ім асаблівыя словы падзякі за значны ўклад у праслаўленне Магілёўшчыны на ніве асветы. «Ваша майстэрства і вопыт настаўніка неацэнныя, з’яўляюцца прыкладам прафесіяналізму для маладога пакалення», – падкрэсліў ён.

Намеснік старшыні аблвыканкама пажадаў настаўнікам рэгіёна новых творчых дасягненняў, таленавітых і захопленых вучняў, здароўя і дабрабыту, таксама ўручыў ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства адукацыі, Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў найлепшым з найлепшых. Акрамя таго, нагруднага знака «Выдатнік адукацыі» ўдастоены настаўнік біялогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Наталля Колчына і метадыст Касцюковіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянцін Дзянісаў.

Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня настаўніка, прайшло сёння ў Абласным цэнтры творчасці. У зале прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Петрашова, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Таццяна Марачкова. На ўшанаванне таксама былі запрошаныя начальнікі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта, рэктары ВНУ, начальнікі структурных падраздзяленняў гаррайвыканкамаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, педагогі, прадстаўнікі гарадскіх, раённых камітэтаў прафсаюзаў, ветэраны педагагічнай працы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая