RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Выканаць жалезабетонна» - якія задачы паставіў Аляксандр Лукашэнка на ўборачную кампанію

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Па выніках нарады кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач перад профільнымі ведамствамі і кіраўніцтвам рэгіёнаў.

Выкананне плана - закон

Завяршаючы селектар, кіраўнік дзяржавы нагадаў удзельнікам нарады аб планах на сёлетнюю ўборачную кампанію: збожжавых і зернебабовых неабходна сабраць 8,672 млн т, рапсу - 766,3 тыс. т, ільновалакна - 52,6 тыс. т, цукровых буракоў - каля 5 млн т, кукурузы на зерне - 1,717 млн т, бульбы - 1,1 млн т, агародніны - каля 600 тыс. т.

«Гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Выкананне плана, які вызначаны, - закон».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кантралюючыя органы павінны звяртаць увагу не на колькасць камбайнаў, якія ўдзельнічаюць у работах, а на выкананне плана на ўборачную. «Дзяржзаказ, нарыхтоўка, якасць недзе паглядзець - гэта галоўнае. А мы ходзім па пятах і расказваем, калі сеяць, як сеяць, калі ўбіраць, якой тэхнікай, - яны гэта ўжо даўно прайшлі і забылі. Таму давайце арыентавацца на асноўныя моманты», - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Папоўніць кармавы рэзерв

«Мы ў мінулым неўраджайным годзе за зіму з'елі ўсе запасы: і не толькі збожжа, але і травяністых кармоў, якія ляжалі ў траншэях, у курганах. Трэба гэты рэзерв папоўніць», - паставіў задачу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў кожнай гаспадарцы неабходна запасці кармоў на паўтара-два гады. «І сакавітых, і сухіх», - дадаў ён.

«Запатрабаванне будзе самае жорсткае, калі вы, не дай бог, праваліце ўвод у строй сянажных траншэй. Мы гаворым: трэба нарыхтаваць, трэба нарыхтаваць. Але якасных кармоў у курганах мы не атрымаем - патрэбны траншэі. І гэты план ёсць, ён павінен быць выкананы. Пакуль па гэтым годзе ён выконваецца працэнтаў на 10-15», - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паліва - асабістая адказнасць прэм'ер-міністра

«Па паліве мы дамовіліся - гэта адказнасць урада і асабіста прэм'ер-міністра. Па паліве і ўгнаеннях шукайце схемы: як толькі магчыма, трэба падтрымаць», - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама даручыў пры неабходнасці падтрымаць гаспадаркі збожжаўборачнай тэхнікай, але пры гэтым забяспечыць кантроль за яе правільным захоўваннем.

«Юрый Хаджымуратавіч (міністр унутраных спраў Юрый Караеў. - Заўвага БЕЛТА), калі ласка, падключыцеся да гэтага працэсу. Зрабіце, як вы правялі II Еўрапейскія гульні: нідзе не было відаць міліцыі, а парадак быў ідэальны», - паставіў кіраўнік дзяржавы задачу міністру ўнутраных спраў.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на прафілактыку ДТЗ, учыненых па віне нецвярозых вадзіцеляў: «П'яніц дастаткова. Законы дазваляюць з імі разабрацца належным чынам, асабліва ва ўборачную кампанію. Сеў за руль у п'яным выглядзе - галаву страціў. Паколькі ён паслязаўтра загубіць некалькі чалавек».

Новыя тэхналогіі - паратунак для гультаёў

«Я ўжо гаварыў віцэ-прэм'еру, хачу, каб гэта пачулі губернатары: рулонны прэс, палімерная плёнка - гэта паратунак не толькі пры нарыхтоўцы травяністых кармоў, сенажу і іншага, гэта паратунак для гультаёў. Траву скасіў, у валок згарнуў і скруціў у рулон і ў плёнку, унёс кансервант і, калі не можаш своечасова звезці, - гэта ўжо кармы, і прытым добрыя», - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць выпадкі, калі гэтыя прэсы толькі стаяць пад плотам, паколькі на іх проста не ўмеюць працаваць. Ён сказаў, што ўся гэта тэхніка павінна быць задзейнічана ў час уборачнай. «Гэта ўжо адносна новыя тэхналогіі, і іх трэба больш актыўна асвойваць. Кожнай гаспадарцы, дзе вы лічаце патрэбным, давесці, колькі закруціць сенажу ў палімерную плёнку, - гэта паратунак», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што тэарэтычна рэальна выйсці на ўраджай і 10 млн т, калі ўсё акуратна ўбраць і перавыканаць план па кукурузе, сабраўшы каля 2 млн т зерня. Аднак для гэтага важна тэхналагічна правільна высушыць яе. «Мы таксама ведаем, як гэта рабіць: плюшчыце кукурузу і закладваеце ў поліэтыленавыя рукавы. Мы ведаем, колькі ў нас плюшчылак, іх прадукцыйнасць, мы вырабляем у краіне поліэтыленавыя рукавы - ужо дэфіцыту няма, - звярнуў ён увагу. - Гэта танна, трэба гэтым займацца».

Без дысцыпліны - нічога не выканаць

На думку Аляксандра Лукашэнкі, дабіцца высокіх вынікаў у час уборачнай кампаніі можна толькі пры адпаведнай дысцыпліне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць барацьбу з п'янствам у гаспадарках. «Трэба дапамагчы кіраўнікам, таму што размовы, што рынак усё адрэгулюе, нас прывядуць не туды, - лічыць ён. - Асаблівую ўвагу - утрыманню тэхнікі. Гэта найважнейшае пытанне, гэта велізарныя грошы».

Прэзідэнт рэзюмаваў, што правядзенне ўборачнай кампаніі, якой удзяляецца павышаная ўвага, не павінна перашкаджаць асенняй сяўбе, тым больш пакуль надвор'е спрыяе гэтым работам.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая