Рус Бел Eng 中文

Выкарыстанне мабільных міні-АЗС для лесанарыхтоўчай тэхнікі ў Быхаўскім лясгасе павысіла энергаэфектыўнасць і экалагічнасць

У Беларусі вялікая ўвага надаецца эканоміі і рацыянальнаму выкарыстанню паліўна-энергетычных рэсурсаў, у тым ліку светлых нафтапрадуктаў. Арганізацыі Магілёўскай вобласці праводзяць вялікую працу, якая вядзе да іх эканоміі і выкарыстання з максімальнай эфектыўнасцю, расказаў загадчык групы тэхнічнага забеспячэння Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем ПЭР Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Яўген Мядзведнік.

Так, у ДЛГУ «Быхаўскі лясгас» з ростам аб’ёмаў вытворчасці паўстала неабходнасць у набыцці магутнай лесанарыхтоўчай тэхнікі – харвестэраў, фарвардэраў і інш. Адпаведна, узраслі і аб’ёмы спажывання паліва. Для эканоміі светлых нафтапрадуктаў былі распрацаваны арганізацыйныя мерапрыемствы. У прыватнасці, гаручае дастаўляецца прама да месца працы машын, паколькі тэхніка пастаянна знаходзіцца на дзялянцы. Гэта выключыла халастыя прабегі, што дазволіла істотна зэканоміць спажыванне паліва.

«Але як запампаваць паліва з транспартнай ёмістасці ў бакі машын? Напрыкладу, у бак харвестэраў змяшчаецца каля 200 літраў. Добра, калі машына абсталявана штатнай помпай для запампоўкі паліва. А калі не? Заліваць такі аб’ём уручную – дарагое задавальненне: тэхніка ў гэты час прастойвае, а магла б нарыхтаваць пару кубаметраў драўніны. Таксама магчымыя працёкі паліва, трапленне яго ў глебу, што наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Для вырашэння гэтай праблемы Быхаўскім лясгасам былі закупленыя заправачныя модулі», – расказаў Яўген Мядзведнік.

Такія міні-АЗС запраўляюць поўны бак ўсяго за 5 хвілін. Усталёўваюцца на шасі аўтамабіляў УАЗ, што забяспечвае неабходную мабільнасць нават ва ўмовах бездарожжа. Усяго ў гаспадарцы 11 такіх мабільных заправак ёмістасцю 450 і 900 літраў.
Выкарыстанне на прадпрыемстве заправачных модуляў дазволіла зэканоміць у мінулым годзе 12,7 т у. п. (8,8 т.) дызельнага паліва, што складае 1,1% ад сумарнага спажывання ДТ у 2019-м. Як адзначылі ў лясгасе, акрамя мінімізацыі нанясення шкоды экалогіі, выкарыстанне заправачных модуляў спрашчае ўлік паліва, а адпаведна, зводзіць на нішто чалавечы фактар, выключае выпадкі крадзяжоў нафтапрадуктаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая