Рус Бел Eng 中文

Выставу адной карціны прэзентуюць у Магілёве 18 мая

Штогадовая міжнародная акцыя «Ноч музеяў» пройдзе 18 мая ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава ў анлайн-фармаце, паведаміла намеснік дырэктара ўстановы культуры Карына Валабуева.

«У гэты дзень на сайце музея і ў сацыяльных сетках адбудзецца віртуальнае адкрыццё залы адной карціны, – расказала суразмоўца. – Інтэрнэт-карыстальнікам будзе прадстаўлена праца філасофскага характару вядомага беларускага мастака. Яна дае нам магчымасць адцягнуцца ад паўсядзённых рэалій, пагрузіцца ў свой унутраны свет і паразважаць на агульначалавечыя тэмы. Імя мастака і назва карціны для нашых гледачоў пакуль застаюцца ў таямніцы».

Ужо з 20 мая пабываць на выставе адной карціны зможа кожны жадаючы. Карціну размесцяць ў Камернай зале, у якой падчас экспанавання загучыць ненадакучлівая музыка, будзе прадстаўлены тэматычны відэашэраг. «Такі падыход да экспанавання працы здзівіць кожнага і стане для наведвальнікаў своеасаблівай арт-тэрапіяй», – запэўніла Карына Валабуева.

Абласны мастацкі музей пастаянна прапануе новыя формы працы з аўдыторыяй. На сайце ўстановы культуры сталі выходзіць анлайн-экскурсіі: «Невядомы Масленікаў», «Паэзія нацюрморта», «Фрагмент Фрэскі «Праабражэнне Гасподняе»»,  «Гэта трэба – не мёртвым! Гэта трэба – жывым» да 75-годдзя з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, магілёўскі музей сумесна з Курскай дзяржаўнай карціннай галерэяй імя А. А. Дэйнекі прыняў удзел у стварэнні віртуальнай выставы «Была вайна».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая