RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як адзначаць 75-годдзе Вялікай Перамогі ў Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці з 4 па 9 мая праходзяць акцыі, анлайн-марафоны, інтэрактыўныя выставы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Да 9 мая працягнецца рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае. Памятаем кожнага». У межах мерапрыемства адбудуцца ўскладанні кветак і вянкоў да ўсіх вайсковых пахаванняў, памятных знакаў і мемарыяльных комплексаў у гарадах і раёнах Прыдняпроўскага краю.

З 7 па 9 мая пройдзе рэспубліканская акцыя па ўшанаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Усім ветэранам, якія пражываюць у Магілёўскай вобласці, будуць уручаны юбілейныя медалі «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў», віншавальныя паштоўкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, памятныя падарункі.

8 мая ў 12.00 адбудзецца акцыя памяці «Са слязамі на вачах» на мемарыяльным комплексе «Лагер смерці» па праспекце Шміта. У ёй прымуць удзел кіраўнікі Магілёўскага аблвыканкама, гарвыканкама, адміністрацый раёнаў г. Магілёва, грамадскасць.

8 мая пройдзе акцыя «Запалі свечку памяці».

А першым урокам 8 мая для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі стане адзіны ўрок мужнасці – «Ганарымся! Памятаем! Шануем!».

З 9 мая на працягу месяца будзе працаваць выстава «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым...» ўстановы культуры «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава». Гэта сумесны праект музея і тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў». Убачыць экспазіцыю ў інтэрнэце можна будзе на сайтах музея (maslenikov.by) і тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў» (tvrmogilev.by).

Дзень Перамогі ў Магілёве

9 мая ў 10.00 у Магілёве пройдзе цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да Вечнага агню на плошчы Славы. У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўніцтва Магілёўскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Магілёва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. На тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў» адбудзецца прамая трансляцыя ўскладання кветак і вянкоў да Вечнага агню.

9 мая з 12.00 да 18.00 музычную эстафету «Радуйся, Пераможная вясна!» прымуць гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу, каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава, каледж мастацтваў і гандлёвыя аб’екты горада.

9 мая ў 23.00 адбудзецца святочны салют у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі. Да пачатку салюту на плошчы Славы пройдзе аўдыятрансляцыя канцэрта «Адна на ўсіх – Перамога», арганізатарам якога выступіць гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу.

У эфіры тэлеканала «Беларусь 4. Магілёў» 9 мая пройдзе тэлемарафон «Шляхі Перамогі»

У межах тэлемарафону на працягу дня будуць транслявацца тэлепраекты «Шляхі Перамогі», фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне, тэлефільм «Верасень 43-га. Недзіцячы дзённік», прагучаць песні ваенных гадоў. Асноўная ўвага ў эфіры тэлемарафону будзе нададзена ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, таксама будуць транслявацца архіўныя інтэрв’ю ветэранаў. Гасцямі ў студыі стануць Мікалай Барысенка, ваенны гісторык, кіраўнік пошукавага клуба ВІККРУ, Аляксандр Башарымаў, рэканструктар, Аляксандра Буракова, загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, Паліна Часлаўская, удзельніца конкурсу твораў пра вайну, Леанід Сугака, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова і іншыя.Прамая трансляцыя ўскладання вянкоў і кветак на мемарыяльным комплексе «Змагарам за савецкую ўладу» на плошчы Славы адбудзецца на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў» 9 мая ў 10.00.

Магілёўская вобласць падключаецца да песеннага анлайн-марафону «Дзень Перамогі»

Да 9 мая будуць арганізаваны анлайн-флэшмобы «Песні нашай Перамогі»

У межах святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая ў паштовых аддзяленнях пройдзе акцыя «Адпраў вестку ветэрану», падчас якой кожны жадаючы зможа набыць паштовыя карткі і асабіста падпісаць іх на адрас ветэранаў, пажадаўшы ім здароўя, доўгіх гадоў жыцця і мірнага неба над галавой, а супрацоўнікі «Белпошта» бясплатна даставяць іх па ўсёй рэспубліцы. У Магілёве далучыцца да акцыі можна ў аддзяленні паштовай сувязі № 30 (вул. Першамайская, 28). Час правядзення мерапрыемства з 09.30 да 11.00 гадзін.
Web-марафон «Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы», прысвечаны 75-годдзю Перамогі, запусцілі бібліятэкі Магілёва. Пляцоўкамі для правядзення web-марафону стануць Instagram-акаўнты бібліятэк горада і сайт установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва». Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнай тэматыцы. Усе мерапрыемствы будуць праходзіць анлайн.

Інтэрактыўная выстава «Будуць вечна сады расквітаць...», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пачне працу ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва з 6 мая. У праекце прынялі ўдзел вядомыя магілёўскія фатографы, якія прадставілі панараму святкавання Дня Перамогі ў абласным цэнтры за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. На выставе прадстаўлены работы Рыгора Дондзіка, Мікалая Жалудовіча, Генадзя Карчэўскага, Аляксандра Ліціна, Наталлі Пішчалавай, Ірыны Савосіной, Мікалая Хацяінцава, Мірона Шчудло і іншых. Музей гісторыі Магілёва падрыхтаваў відэапрэзентацыю праекта, а прамая анлайн-трансляцыя цырымоніі адкрыцця адбудзецца 6 мая ў 16.00.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр падрыхтаваў для сваіх гледачоў падарунак да Дня Перамогі – марафон анлайн-трансляцый тэматычных спектакляў. Да 9 мая на сайце тэатра www.mdrama.by і ў сацыяльных сетках (Фэйсбук, УКантакце, Instagram) спасылкі на архіўныя відэазапісы спектакляў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне або звязаных з гэтай тэматыкай.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне запусціў у Telegram серыю стыкераў «Беларусь памятае. Кветкі Вялікай Перамогі».

Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ праводзіць інтэрнэт-чэлендж «#Беларусьпамятае». У межах чэленджа можна будзе размясціць у сацыяльных сетках фатаграфіі члена сям’і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны і дапоўніць публікацыю інфармацыяй на рускай або беларускай мовах пра тое, хто адлюстраваны на здымку (прадзед, дзед, бацька і г.д.), у якой часці служыў падчас вайны, калі ёсць ваенныя ўзнагароды, то іх пералічыць. Пад фота ставіцца хэштэг «#Беларусьпамятае».

На працягу мая Магілёўскім абласным камітэтам ГА «БРСМ», беларуска-Расійскім універсітэтам праводзіцца анлайн-праект «#СпяёмПесні ВялікайПерамогі». У анлайн-праекце могуць прымаць удзел грамадзяне ва ўзросце ад 14 да 31 года ўключна, якія пражываюць на тэрыторыі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўразійскага саюза, а таксама краін далёкага замежжа (відэаматэрыял з запісам песні ваенных гадоў (да 3 мінут 30 секунд), у фармаце MP4 з устаноўкай хэштэга #СпяёмПесніВялікайПерамогі з адзнакай профілю ў апісанні @bruvolunteer).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая