RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Яслі-сад пасля капрамонту адкрылі ў Крычаве

У Крычаве сёння адбылося адкрыццё пасля капітальнага рамонту ясляў-сада №4 па вуліцы Карла Маркса, 19А.

Гэта ўстанова дашкольнай адукацыі знаходзілася ў перадаварыйным стане, таму было прынята рашэнне аб яе капітальным рамонце з правядзеннем аднаўленчых работ. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту ў 2018 годзе было накіравана каля Вг600 тыс. , а адсутная сума ў Вг1 млн была выдзелена з рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі. Менш чым за год спецыялісты «Магілёўаблсельбуда» правялі ўсе неабходныя будаўнічыя работы, і Крычаў атрымаў абноўлены будынак, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей.

«У нашай дзяржаве і Магілёўскай вобласці надаецца вялікая ўвага стварэнню камфортных умоў для выхавання, развіцця і творчай самарэалізацыі дзяцей, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. – Канцэпцыя развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі рэгіёна накіравана на ўдасканаленне механізмаў павышэння якасці, захаванне даступнасці, абнаўленне матэрыяльнага і інфармацыйнага забеспячэння адукацыі. Пацверджанне гэтаму і ўвод у строй абноўленага аб’екта ў Крычаве».

У бягучым навучальным годзе дашкольную адукацыю ў вобласці атрымлівае больш за 45 тыс. дзяцей, на 700 чалавек больш у параўнанні з папярэднім годам. «З 2013 года вярнулі ў сетку дашкольнай адукацыі 5 будынкаў і збудаванняў, якія эксплуатаваліся не па прызначэнні, – адзначыў Дзмітрый Харытончык. – Павялічана колькасць груп кароткачасовага знаходжання выхаванцаў, працуюць 593 групы (у 2015 годзе такіх груп было 311). Звыш 1,5 тыс. выхаванцаў падвозіцца ва ўстановы адукацыі. Праведзеная праца дазваляе захаваць паказчык ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў стабільным, ён складае 97,8%».

Дзмітрый Харытончык выказаў словы падзякі кіраўніцтву раёна, будаўнікам, калектыву дашкольнай установы адукацыі за праведзеную працу і ўручыў сертыфікат на Вг160 тыс. для набыцця дзіцячай мэблі. Ад Крычаўскага райвыканкама ў падарунак атрыманы сертыфікат на набыццё тэхналагічнага абсталявання, а ад абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду ўсім выхаванцам ясляў-сада намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч уручыў салодкія падарункі.

Падарункам у адказ для ганаровых гасцей стала музычная праграма, падрыхтаваная выхыванцамі, а затым яны азнаёміліся са створанымі тут умовамі знаходжання. Паводле слоў загадчыцы яслямі-садам Ніны Пазняковай, у дашкольнай установе працуе 10 груп, у якіх займаюцца 163 хлопчыкі і дзяўчынкі, працягваецца набор яшчэ адной групы.

Падчас будаўнічых работ быў узмоцнены падмурак і сцены будынка ясляў-саду, праведзена яго цепларэнавацыя і цалкам адрамантаваны інтэр’ер. Закуплена новае тэхналагічнае і гульнявое абсталяванне, мэбля. Асвятленне заменена на энергазберагальнае, на прылеглай тэрыторыі ўстаноўлены гульнявыя комплексы. Дзякуючы абнаўленню і мадэрнізацыі тут з’явілася магчымасць адкрыць санаторныя групы.

Тэкст - БЕЛТА

Фота – раённая газета «Крычаўскае жыццё»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая