RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З пачатку пажаранебяспечнага перыяду гэтага года ў Магілёўскай вобласці адбылося 257 загаранняў сухой расліннасці

З пачатку пажаранебяспечнага перыяду гэтага года ў Магілёўскай вобласці адбылося 257 загаранняў сухой расліннасці, плошча перавысіла 133 га, 8 пажараў лесу на плошчы больш за 12 га. Загінула 2 чалавекі, 3 пацярпела. Знішчаны дачны будынак і гаспадарчая пабудова, пашкоджана 2 жылыя дамы, 5 гаспадарчых пабудоў. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Паводле слоў суразмоўніцы, у вобласці рэгулярна праводзяцца рэйды па выяўленні парушальнікаў. Па даных на 4 красавіка праведзена 688 рэйдаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 61 чалавек.

«Вясновыя палы штогод наносяць сур’ёзны ўрон і навакольнаму асяроддзю. У выніку такіх дзеянняў парушаецца натуральны прыродны баланс, акрамя гэтага, палы могуць прывесці да маштабных пажараў у лясах і на тарфяніках, – адзначыла Вольга Нехарошых. – Але не толькі траву не варта спальваць падчас вясновай уборкі. Нельга спальваць вырабы з пластыку (яны вылучаюць дыяксіны), а таксама афарбаваныя кавалкі дрэва (у большасці фарбаў утрымліваўся свінец), гумовыя вырабы, старую мэблю. Пры гарэнні ўсе гэтыя матэрыялы вылучаюць небяспечныя для здароўя рэчывы».

Старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС нагадала, што, згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь. Развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь (арт. 15.58 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях). За знішчэнне або пашкоджанне тарфянікаў, лясных масіваў прадугледжана крымінальная адказнасць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая