RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Завяршаецца анлайн-рэгістрацыя на «Магілёўскі Мебелаін марафон»

Завяршаецца анлайн-рэгістрацыя на «Магілёўскі Мебелаін марафон», які пройдзе ў горадзе на Дняпры 6 кастрычніка. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 5 кастрычніка. У дзень правядзення спартыўнага свята змогуць зарэгістравацца на месцы выдачы стартавых нумароў толькі іншагароднія ўдзельнікі.

Дарэчы, той, хто ўжо зарэгістраваўся, можа атрымаць стартавы пакет удзельніка 4-5 кастрычніка з 10.00 да 20.00 у адміністрацыйна-дзелавым цэнтры «Атрыум» (вул. Лепяшынскага, 12) або 6 кастрычніка з 7.00 да 9.30 у кавярні «Тандыр» (плошча Славы, 2). Пры сабе трэба мець пашпарт, а таксама распіску аб адказнасці за сваё здароўе. Форму можна спампаваць самастойна па спасылцы ці ж запоўніць яе на месцы.

Плануецца, што ўдзельнікамі традыцыйнага «Мебелаін марафону» стануць спартсмены з пяці краін. Заяўкі ўжо падалі прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Латвіі, Украіны і Расіі.

Спартыўнае свята пройдзе ў самым цэнтры горада – на плошчы Славы. Яго ўдзельнікі прабягуць па найпрыгажэйшых месцах Магілёва. Свята ўнікальнае для нашай краіны спалучэннем спартыўнага і культурнага складнікаў, праграма мерапрыемства не абмяжоўваецца толькі спартыўнымі забегамі, а ўключае яшчэ і шырокую забаўляльную частку.

У межах марафону ўпершыню ў Беларусі адбудзецца «Марафон на 4-х». Гэта значыць, што любая каманда з 4 удзельнікаў мае магчымасць прабегчы чатыры кругі марафонскай дыстанцыі (кожны ўдзельнік – па адным крузе каля 10,5 км). У выніку ў актыве ў кожнага бегуна акажацца заваяванне марафонскай дыстанцыі. Найлепшыя каманды атрымаюць каштоўныя падарункі. Ужо вядома, што на старт выйдуць эстафетныя калектывы «Комсомольской правды в Беларуси», Радыё «Свабода», часопіса «Наш спорт», партала TUT.BY, зборная Белтэлерадыёкампаніі, а самае папулярнае спартыўнае выданне краіны «Прессбол» і зусім выставіць дзве каманды. Уласная каманда будзе ў амбасадора марафону Вольгі Хіжынковай, алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Дзінары Алімбекавай і паралімпійскага чэмпіёна Васіля Шапцябоя.

Для юных аматараў спорту ў дзень марафону пройдзе дзіцячы забег. Да ўдзелу ў ім дапускаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў у трох дысцыплінах. Абавязковай умовай з’яўляецца запаўненне згоды бацькоў на ўдзел непаўналетніх у забегу. Рэгістрацыя адбудзецца ў дзень мерапрыемства ў інфацэнтры «Магілёўскага Мебелаін марафону» з 9.00 да 12.00. Праграма стартаў: 13.00–13.10 – узроставая катэгорыя 5-7 гадоў – 100 м; 13.10–13.20 – узроставая катэгорыя 7-9 гадоў – 200 м; 13.20–13.30 – узроставая катэгорыя 9-12 гадоў – 300 м. Колькасць месцаў абмежавана, а максімальная колькасць удзельнікаў у кожнай дысцыпліне – усяго 70 чалавек. Кожны маленькі спартсмен на фінішы атрымае медаль удзельніка, першыя 3 месцы ў кожным старце будуць удастоены памятных прызоў ад спонсараў і партнёраў мерапрыемства.

У працяг спартыўнай часткі свята для жыхароў горада запланаваны розныя актывацыі: зоны забаў для дарослых і дзяцей, конкурсы і прызы, зона фудкорт, майстар-класы, выступленні артыстаў. У завяршэнне свята на галоўную сцэну выйдзе хедлайнер мерапрыемства – гурт NIZKIZ.

Арганізатары адзначаюць, што «Магілёўскі Мебелаін марафон» становіцца маштабным святам і прыцягвае з кожным годам усё больш спартсменаў і гасцей у Магілёў, уносячы значны ўклад у яго развіццё. У пацверджанне гэтых слоў і прытрымліваючыся канцэпцыі марафону «Другое дыханне», супрацоўнікі ЗТАА «Мебелаін» паабяцалі па яго выніках высадзіць колькасць дрэў, роўную колькасці пераможцаў на дыстанцыі 42 195 метраў. Індывідуальныя спаборніцтвы пройдуць па трох дыстанцыях: 42 км 195 м; 10 км; 4 км.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Магілёўскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, Упраўленне спорту і турызму Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, ЗТАА «МЕБЕЛАІН».

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая