RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Зніжэнне арэнды, «касы ўзаемадапамогі» – прафсаюзы прапануюць дадатковыя меры падтрымкі прадпрыемстваў і работнікаў

Прафсаюзы прапануюць ураду распрацаваць і зацвердзіць на дзяржаўным узроўні шэраг рашэнняў па падтрымцы прадпрыемстваў і насельніцтва.

«У сённяшніх умовах спаду эканамічнай актыўнасці ва ўсім свеце, многія прадпрыемствы і работнікі могуць сутыкнуцца з сітуацыяй зніжэння даходаў. Відавочна, што ў гэтых абставінах неабходна прыняць усе меры для таго, каб падтрымаць працоўныя калектывы, захаваць працоўныя месцы, – падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. – Сёння нам трэба згуртавацца, каб дапамагчы тым, хто ў гэтай дапамозе мае патрэбу больш за ўсё».

Прафсаюзы са свайго боку ўжо прынялі шэраг рашэнняў аб аказанні матэрыяльнай падтрымкі найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян. Так, прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў адмовіліся ад няпершачарговых выдаткаў і перанакіруюць усе вызваленыя сродкі на аказанне дапамогі тым членам прафсаюзаў, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

«Для гэтага ў прафсаюзных арганізацыях усіх узроўняў створаныя “касы ўзаемадапамогі”, з якіх будзе аказвацца падтрымка работнікам прадпрыемстваў, пенсіянерам, ветэранам працы», – адзначыў Міхаіл Орда.

У сённяшняй сітуацыі прафсаюзы прапануюць ураду распрацаваць і зацвердзіць на дзяржаўным узроўні шэраг рашэнняў па падтрымцы прадпрыемстваў і насельніцтва. Каб спрацаваць на апярэджанне і падтрымаць прадпрыемствы, такія меры варта прыняць максімальна аператыўна.
У прыватнасці, на думку ФПБ, неабходна прадаставіць прадпрыемствам і арганізацыям, якія найбольш пацерпяць у выніку эпідэміялагічнай сітуацыі, адтэрміноўку па выплаце падатковых плацяжоў і пошлін. А таксама прадугледзець зніжэнне арэнднай платы. Мэтазгодна для гэтых прадпрыемстваў і іх работнікаў і вызваленне ад налічэння пені за нясвоечасовую аплату камунальных паслуг і электраэнергіі.

«Акрамя таго, мы лічым, што сёння на дзяржаўным узроўні неабходна прыняць рашэнне аб магчымасці прадастаўляць работнікам, якія адчуваюць недамаганне, у каго ёсць прыкметы захворвання, магчымасць застацца дома на некалькі дзён з захаваннем заработнай платы на гэты перыяд. Як паказвае вопыт многіх краін, такія меры дапамагаюць у пэўнай ступені разгрузіць установы аховы здароўя і матывуюць людзей клапаціцца пра сваё здароўе», – пракаментаваў старшыня ФПБ.

Прэс-служба ФПБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая