RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З 10 жніўня 2018 года ўнесены змены ў парадак выдачы дазволаў на прадаўжэнне тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый

З 10 жніўня 2018 года ўступіла ў сілу пастанова Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2018 г. № 348 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2009 г. № 52», якой зацверджана новая рэдакцыя Інструкцыі аб парадку выдачы дазволаў на прадаўжэнне тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый (далей – Інструкцыя).

Дадзенае рашэнне прынята ў мэтах аптымізацыі працэдуры падаўжэння тэрмінаў экспартных і імпартных знешнегандлёвых аперацый суб’ектаў гаспадарання.

У прыватнасці, у новай рэдакцыі Інструкцыі ўстаноўлена прыкладная форма заявы суб’екта гаспадарання на падаўжэнне тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый (унясення змен у дазвол), выкарыстанне якой будзе садзейнічаць спрашчэнню падрыхтоўкі інфармацыі суб’ектамі гаспадарання і паскарэнню працэсу разгляду заяў. Таксама аптымізаваны пералік дакументаў, якія прыкладаюцца да заявы, вызначаны парадак накіравання зваротаў і іншай інфармацыі з выкарыстаннем электронных каналаў сувязі.

Акрамя таго, у адпаведнасці з новай Інструкцыяй суб’ектам гаспадарання неабходна звяртацца па атрыманне дазволаў на падаўжэнне тэрмінаў экспартных і імпартных знешнегандлёвых аперацый на тэрмін да аднаго года (пры экспарце, калі тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый перавышаюць устаноўленыя заканадаўствам не больш чым на 185 дзён, пры імпарце – не больш чым на 275 дзён) у галоўныя ўпраўленні Нацыянальнага банка па абласцях зыходзячы з месца сваёй рэгістрацыі. Звароты аб прадаўжэнні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый на перыяд, большы за названы, павінны адрасавацца заяўнікам у цэнтральны апарат Нацыянальнага банка.

Разгляд зваротаў суб’ектаў гаспадарання, накіраваных у Нацыянальны банк да ўступлення пастановы ў сілу, будзе ажыццяўляцца зыходзячы з раней устаноўленага парадку.