RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны падатак для ІП з 1 студзеня будзе разлічвацца па-новаму

Адзіны падатак для ІП з 1 студзеня 2019 года будзе разлічвацца па-новаму, а плацельшчыкі адзінага падатку змогуць самастойна выбіраць рэжым падаткаабкладання. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, каментуючы змены ў Падатковы кодэкс.

Сёння ў дзеючай рэдакцыі Падатковага кодэкса прадугледжаны калідоры ставак адзінага падатку, у межах якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў устанаўліваюць канкрэтныя памеры ставак. Такім чынам, устаноўлены мінімальны і максімальны памеры, і ў гэтым калідоры выбіраецца стаўка, якая будзе дзейнічаць на адпаведнай тэрыторыі. З 2019 года гэтыя калідоры будуць скасаваны, Падатковым кодэксам зацвярджаюцца адзіныя стаўкі адзінага падатку, якія будуць дыферэнцаваны па тэрыторыях (Мінск; абласныя цэнтры; раённыя цэнтры і гарады раённага падпарадкавання; сельская мясцовасць). Дадаткова мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць скараціць прапанаваныя стаўкі падаткаў у 2 разы (павялічваць нельга).

ІП-плацельшчыкі адзінага падатку з 1 студзеня таксама змогуць самастойна выбраць падатковы рэжым. «Калі сёння адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца пэўнымі работамі або аказваюць асобныя віды паслуг, з’яўляецца абавязковым, то з наступнага года яны атрымаюць магчымасць выбраць той падатковы рэжым, які іх задавальняе: можа быць захаваны рэжым выплаты адзінага падатку, абрана спрошчаная сістэма падаткаабкладання або плацельшчык можа перайсці на агульную сістэму выплаты падаходнага падатку», – удакладніў Дзмітрый Кійко.

«Гэта два істотныя новаўвядзенні, якія, з нашага пункту гледжання, значна паляпшаюць становішча індывідуальных прадпрымальнікаў», – адзначыў намеснік міністра.

БЕЛТА