Рус Бел Eng 中文

Аб змяненнях у правядзенні цеплавой мадэрнізацыі і ўстаноўцы энергаэфектыўнага абсталявання ў шматкватэрных жылых будынках

Магілёўскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў звяртае ўвагу грамадскасці і насельніцтва Магілёўскай вобласці на змены ў дзеючым заканадаўстве па правядзенні цеплавой мадэрнізацыі і ўстаноўцы энергаэфектыўнага абсталявання ў шматкватэрных жылых будынках.

4 верасня 2019 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падпісаны Указ № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў».

Указ дае права ўласнікам загадзя, на стадыі праектавання, дапоўніць пералік работ, якія праводзяцца ў межах капітальнага рамонту шматкватэрнага жылога дома, дадатковымі энергаэфектыўнымі, энергазберагальнымі мерапрыемствамі, якія дазваляюць скараціць ўдзельнае цепласпажыванне дома не менш чым у два разы, і,адпаведна, скараціць выдаткі на ацяпленне і павысіць спажывецкія характарыстыкі такіх дамоў.

Вызначаны ўмовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні такіх энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Згодна з Указам, рашэнне аб правядзенні названых работ на добраахвотнай аснове прымае агульны сход удзельнікаў сумеснага домаўладання, калі за яго прагаласавалі ўласнікі, якія валодаюць больш чым дзвюма трэцімі галасоў.

Указам таксама прадугледжваецца стварэнне перадумоў і ўмоў для прыцягнення шырокага кола крыніц фінансавання, у тым ліку сродкаў уласнікаў жылля, мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, у тым ліку міжнародных фінансавых арганізацый (Сусветны банк, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і інш.), скарачэнне аб’ёмаў перакрыжаванага субсідавання ў сферы энергаспажывання і іншыя меры па зніжэнні ўдзельнага цепласпажывання жыллёвага фонду.

Такім чынам, атрымаў «зялёнае святло» прапанаваны раней праект па пашырэнні ўстойлівага энергакарыстання (меркаваны кошт якога каля 60 млн. еўра) па рэалізацыі праграмы цеплавой мадэрнізацыі шматкватэрных жылых будынкаў шляхам апрабавання схемы субсідавання з частковай кампенсацыяй выдаткаў насельніцтвам у растэрміноўку.

У планаваным пілотным праекце па цеплавой мадэрнізацыі шматкватэрных жылых дамоў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, які будзе фінансавацца Сусветным банкам і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам у межах сумеснага праекта «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання», прадугледжаны два варыянты цеплавой мадэрнізацыі:

– Пакет A (частковая мадэрнізацыя) можа ўключаць меры для меркаванай дзяржаўнай субсідыі да 50%. Пакет мер прадугледжвае абмежаваны комплекс мер цеплавой мадэрнізацыі, уключаючы пабудову цеплавых пунктаў, устаноўку тэрмастатычных рэгулятараў у кватэрах, абнаўленне ўваходных дзвярэй і вокнаў у пад’ездах, а таксама іншыя адносна недарагія меры.

– Пакет B (комплексная мадэрнізацыя) можа ўключаць меры для меркаванай дзяржаўнай субсідыі да 50%. У дадатак да аб’ёму работ у межах пакета А ён звычайна ўключае абнаўленне вокнаў у кватэрах, цеплаізаляцыю даху, вонкавых сцен і склепа.

У абодва пакеты ў якасці магчымага варыянту для ўласнікаў жылля будуць уключаны ўстаноўка індывідуальных прыбораў уліку цеплавой энергіі і ўкараненне сістэмы налічэння платы за ацяпленне па факце спажывання на пакватэрным узроўні.

Фінансаванне рэалізацыі мерапрыемстваў на першапачатковым этапе будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і прыцягнутых сродкаў. Уласнікі будуць штомесячнараўнымі долямі пагашаць частку выдаткаў (але не менш за 50% ад памеру выдаткаў) толькі пасля завяршэння работ па павышэнні энергаэфектыўнасці дамоў, на працягу 10-15 гадоў з даты падпісання апошняга акта прыёмкі выкананых будаўнічых і іншых спецыяльных работ па рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Памер кампенсацыі будзе вызначацца прапарцыйна долі кожнага ўласніка ў агульнай плошчы жылых і (або) нежылых памяшканняў.

Указам устаноўлены парадак такога пакрыцця:

– для ўласнікаў нежылых памяшканняў, убудаваных у шматкватэрныя жылыя дамы, – у поўным памеры штомесяц роўнымі долямі на працягу 3 гадоў;

– для ўладальнікаў жылых памяшканняў –у памеры не менш за 50 % ад выдаткаў штомесяц роўнымі долямі на працягу 10 гадоў.

Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права працягваць да 15 гадоў тэрмін кампенсацыі выдаткаў сацыяльнанеабароненымі і малазабяспечанымі грамадзянамі.

Памер штомесячных плацяжоў уласнікаў жылых памяшканняў, членаў арганізацый забудоўшчыкаў мяркуецца ўстанавіць фіксаваным на дзесяцігадовы перыяд, напрыклад, з разліку адной базавай велічыні на сям’ю з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв. метраў, што на сённяшні дзень складае 25,5 рубля (або каля 53 кап.на 1 кв. м агульнай плошчы) на месяц.

Улічваючы, што калі цяпер насельніцтва аплачвае каля 20 % сабекошту цеплавой энергіі, то з кожным годам гэты працэнт будзе павышацца. І тыя магчымасці, якія дзяржава дасць сёння ў выглядзе растэрміноўкі (беспрацэнтнага крэдыту) на 10 гадоў, не ўлічваюць верагодную інфляцыю. Такім чынам, сродкі, якія ўласнік укладзе першапачаткова, акупяцца з лішкам. Пытанне эканоміі відавочнае, як лічбы на калькулятары.

Эканомія грашовых сродкаў на набыццё цеплавой энергіі цалкам пакрые жыхарам панесеныя выдаткі на цепламадэрнізацыю ўжо на працягу 10-гадовага перыяду пагашэння. Далей жыллёва-камунальныя выдаткі значна скароцяцца, і жыхары атрымаюць істотную эканомію фінансавых сродкаў.