RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Крэдытная гісторыя – анлайн

Крэдытная гісторыя ёсць ва ўсіх фізічных асоб, якія заключылі хоць бы адну крэдытную здзелку з банкам або мікрафінансавай арганізацыяй. Пад крэдытнай здзелкай у гэтым кантэксце разумеецца крэдытны дагавор, дагавор, які змяшчае ўмовы авердрафтнага крэдытавання, дагавор пазыкі, у тым ліку дагавор мікрапазыкі, дагавор фінансавай арэнды (лізінгу), дагавор фінансавання пад саступку грашовага патрабавання (факторынгу), дагавор, які прадугледжвае саступку грашовага патрабавання пры ажыццяўленні факторынгавай аперацыі, дагаворы закладу, гарантыі, паручыцельства, якія заключаюцца з банкамі, мікрафінансавымі, лізінгавымі арганізацыямі.

Кожны карыстальнік крэдытных паслуг можа і павінен правераць сваю крэдытную гісторыю для кантролю выканання крэдытных дагавораў, унясення адпаведных змяненняў і выкарыстання права аспрэчвання сваёй крэдытнай гісторыі ў выпадку наяўнасці ў ёй няправільных запісаў.

Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь з канца 2017 г. прадастаўлена магчымасць па атрыманні грамадзянамі дыстанцыйнага доступу да асабістых крэдытных справаздач. Фізічныя асобы могуць самастойна атрымліваць свае крэдытныя справаздачы ў электронным выглядзе ў рэжыме анлайн праз вэб-партал крэдытнага рэгістра www.creditregister.by. Для гэтага неабходна прайсці ідэнтыфікацыю ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (далей – МСІ) (папярэдне зарэгістраваўшыся па адрасе https://ipersonal.raschet.by/) або ў сістэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ААТ «Белгазпрамбанк».

Рэгістрацыя ажыццяўляецца без выплаты якіх-небудзь камісій або ўзнагароджанняў і прадугледжвае:

увод асабістых даных для першаснай аўтарызацыі ў сістэме банкаўскай ідэнтыфікацыі: прозвішча, імя, ідэнтыфікацыйны (асабісты) нумар і нумар тэлефона ў міжнародным фармаце;

згоду з умовамі карыстання і палітыкай прыватнасці, прапанаванымі сістэмай;

атрыманне часовага пароля для рэгістрацыі шляхам SMS-паведамлення на ўказаны нумар мабільнага тэлефона;

стварэнне асабістага пароля для наступнай аўтарызацыі ў асабістым кабінеце МСІ.

Пасля працэдуры рэгістрацыі ў МСІ прадастаўляецца магчымасць:

атрымання крэдытнай справаздачы;

афармлення заявы на ўнясенне змен у крэдытную гісторыю;

прагляду гісторыі крэдытных справаздач;

прагляду гісторыі запытаў і паведамленняў.

Адзін раз на працягу каляндарнага года крэдытная справаздача прадастаўляецца бясплатна і неабмежаваную колькасць разоў на працягу каляндарнага года – з выплатай узнагароджання, памер якога для крэдытнай справаздачы ў выглядзе электроннага дакумента з 01.11.2019 складае 2,79 бел. руб. (для параўнання: на папяровым носьбіце – 12,83 бел. руб.).

Атрыманне крэдытнай справаздачы ў электронным выглядзе дазваляе грамадзянам пазбегнуць фізічнай прысутнасці ў структурных падраздзяленнях Нацыянальнага банка, што асабліва актуальна для жыхароў невялікіх населеных пунктаў, а таксама паменшыць выдаткі ў выпадку атрымання паўторных крэдытных справаздач ў электронным выглядзе на працягу года, паколькі іх кошт у 4,5 разы ніжэйшы за аналагічны дакумент на папяровым носьбіце.