RU BY EN 中文
Instagram

Какими традициями и легендами живет Белыничский район? Новый выпуск проекта «Галасы вёсак»

«А мы ў полі жыта жалі, у снапочкі звязалі...»

Песні, паданні і мова Бялыніччыны захоўваюць памяць і пачуцці мясцовых жыхароў

Бялыніччына — край Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, мастака, які славіў Беларусь у фарбах. Але і без ягонага пэндзля гэтая зямля заўжды была сама па сабе жывою карцінай. Тут мова гучыць мякка, песні — задумліва, а людзі трымаюцца за тое, што прыйшло ад продкаў: працу, веру, абрады, памяць. У кожнай вёсцы раёна — свой акцэнт, свой рытм і нават свой гумар. Жанчыны яшчэ спяваюць старажытныя песні, перадаючы іх дочкам і ўнучкам. У фальклоры — жыццё: праца ў полі, чаканне каханага, радасць вяселля… І пакуль яны гучаць, гучыць і душа Беларусі.

Пра гэтыя жывыя галасы і пра людзей, што нясуць іх праз час, другая серыя нашага праекта «Галасы вёсак». Рушым, каб пачуць мову, якую не заменіць ніводзін слоўнік, і песні, якія нельга адшукаць у архівах. Бо сапраўдная спадчына жыве не ў кнігах, а ў сэрцах.

1. Больш не будзеш майго мужа ў госці зазываці

Першая кропка нашай падарожнай карты — вёска Малы Кудзін. Тут нас сустракае Людміла Канстанцінаўна Самуйлава, 1955 года нараджэння. Па яе ўспамінах, дзяцінства — простае, але поўнае спраў, сяброў і песень:

— Рабілі з малых гадоў: на зернетаках, на сенакосе. Хадзілі сена зграбаць. Хлопцы — на валакушах. Бульбу капалі. І абавязкова жанчыны спявалі. Многа. Цяпер так не спяваюць.

Чаму? — пытаюся.

Таго шта цяпер целефоны ёсць мабільныя, каторыя спяваюць самі, магнітафоны… Тады ж такога не было. У нас свет паявіўса — я ўжо хадзіла ў трэці клас. Делала ўрокі пры каптушкі ў начальнай школе. У бутылачку налівалі керасіну, бульбіну — наверх і фіцілёк са льну. І тады запальвалі. Дым ідёць, а ўрокі делаць нада.

Суразмоўца гаворыць з усмешкай, нібы бачыць усё перад сабой: снег на дахах, грукат санак, дзіцячы смех.

— Зімой навівала многа снегу. Не праехаць было. Ту б зіму цяпер! Як было весела, усе дружна каталісь. У мяне лыжы былі ў адной. Сабіралісь уся детвара і па очараді. Я стаяла ў вочараді за сваімі лыжамі!

Мама Людмілы Канстанцінаўны працавала настаўніцай беларускай мовы, тата — шафёрам у калгасе.

— У калхозе работалі «за палачку», — распавядае Людміла Канстанцінаўна. — А ў канцы года шчыталі, сколькі ён там заработаў, і аддавалі зярном. Тады бядней жылі людзі, но былі дабрэй. Сасед саседу абязацельна памагаў. Шчас кожны жывець абасоблена: мая хата — мой мірок.

Пра святы сяльчанка ўспамінае асабліва цёпла. Кажа, што іх адзначалі вельмі добра:

На кастрычніцкія сабіраліся на некалькі двароў. Хто што прынесе: вінегрэт, дранікі, студзень, капусту квашану, скваркі, густы кісель. На Каляды — каўбасу, сала, бліны. Гулялі па полнай.

Асобных вячорак Людміла Канстанцінаўна не прыгадвае, але кажа, што людзі збіраліся разам, каб пагаварыць, паслухаць навіны, проста пасядзець пасля працы. Тады яшчэ не трэба было нагоды, каб сустрэцца:

— У маю хату к папке з мамкай прыхадзілі чалавек пяць і разгаварывалі. Без гарэлкі, без сталоў. Радзіва ў нас паявілась тоже ў первых — прыхадзілі паслухаць. Садзяцца на стулы (другі раз і стулоў не хватала), паслухалі, а тады начынаюць абсуждаць.

На адной з такіх дамашніх пасядзелак бабуля суразмоўцы спявала:

* * *

1. Куры, мае куры, куры-шчабятуры,

Не даў бог мне чалавека па маей

натуры*.

2. Каб гарэлачку не піў, табаку не нюхаў,

Чужых жонак не любіў, адну мяне слухаў.

3. Ён гарэлачку п'е, табачок нюхае,

На мяне не глядзіць — з кумою гуляе.

4. Ой, дай жа мне, божа, вечара даждаці,

То пайду я да кумы новасць узнаваці.

5. Я прыхожу да кумы, стала

пад сцяною,

А мой мілы-чарнабрывы любіцца

з кумою.

6. Нясі на гарэлку, шчэ й жарану рыбку,

Маё серца не стрымала —

я разбіла шыбку.

7. Прыйшла я дадому з бальной галавою,

Павязала галованьку белай хустынёю.

8. Прыходзіць мой мілы:

«Калі забалела?»

Тады забалела, як шыбка ляцела.

9. Ой, дай жа мне, божа, раніцы даждаці,

То пайду я да кумы новасць узнаваці.

10. Я прыхожу да кумы,

яна шчэ няўмыта.

А чаго ж у цябе, кума, шыбачка разбіта?

11. Ёсць у мяне курка-курачка пугліва.

Паляцела цераз хату —

шыбачку разбіла.

12. Будзе гэта курка кожны раз лятаці,

Калі будзеш майго мужа ў госці зазываці!

*Другі радок кожнага слупка спяваецца двойчы.

А пасля спеваў і гутарак бабуля часта дзялілася жыццёвымі хітрыкамі ды старадаўнімі замовамі, якія дапамагалі ў побыце. Адну з іх Людміла Канстанцінаўна памятае і цяпер:

Выйді за сарай, вазьмі ў падол корку хлеба (іменна гарбушку) і прагавары: «Зара-зарніца, красная дявіца, на табе хлеб-соль, аддай майму дзіцяці сон». Тры разы прагавары і ідзі назад.

Мясцовая гаворка ў кожнай вёсцы была свая, і суразмоўца прыгадвае гэта так:

У Пачэпку, напрыклад, казалі «каморка». А ў нас у Кудзіне так не гаварылі. Гаварылі «кладовая». У мяне муж з Крычава. Там вапшчэ не так! Свякроў — мне: «Залезь на гару, дастань яблак». На якую гару я палезу, якіх яблык даставаць, таварышчы мае? На мужа паглядзела, гавару: «А куды гэта?» — «На чардак», — адказвае. Тады яшчэ адзін случай. «Люд, наварі парёнак». Госпадзі, у нас паронкі нікада не ядзяць, толькі свінні елі. А гэта значыць «адпарыць бульбу». Або «нарві хряпья» — бацвінне з буракоў, картошкі.

Кажуць, зямля гэтая памятае ўсё — і радасць, і боль, і тое, што не ўсвядоміць, а толькі сэрцам адчуць. У Малым Кудзіне з пакалення ў пакаленне пераказваюць гісторыі, што дыхаюць таямніцай і страхам.

Адно павер'е гаворыць: калі шведы ішлі праз гэтыя мясціны, іх войска спынілася ля старога кладбішча. Там быў шведаў роў. Многія з іх загінулі ў баі і засталіся ў гэтай зямлі назаўсёды. Салдат хавалі каля святой крыніцы, а зверху насыпалі вялікі курган. Кожны швед, што заставаўся жывы, нёс да таго месца па жменьцы зямлі, і так разам насыпалі магільны ўзвышак.

Іншае павер'е яшчэ больш змрочнае. Калісьці праз вёску цякла рэчка, шырокая, судаходная, з чыстай вадой. Але аднойчы там патанула ведзьміна дачка. Ведзьма прасіла мужчын выцягнуць цела, але незвычайна: трэба было зрабіць «вісельніцу» — прывязаць вяроўку, нырнуць і пацягнуць дзяўчыну за ногі. Усе адмовіліся. Тады яна сказала ім з гневам: «Раз не хочаце дапамагчы, няхай ваша рака высахне і знікне!» І сапраўды з таго часу рэчка стала мяльчэць, ператварылася ў ручаёк. А зараз толькі невялікая лужына засталася на яе месцы.

2. Калі дзяўчына заседжвалася ў дзеўках...

У Малым Кудзіне жыве Ганна Рыгораўна Галубцова, якая збірае мясцовы фальклор, запісвае абрады, песні, прыказкі, каб не згубілася тое, што жыло ў памяці нашых бабуль і маці. Родам яна з бялыніцкай вёскі Навасёлкі, але пасля замужжа пераехала ў Малы Кудзін — і з таго часу гэтая зямля стала для яе крыніцай натхнення.

У нас многа старадаўніх рытуалаў, — кажа яна, — я пра іх яшчэ ад мамы чула.

Першы, святочны, рабілі на Каляды. Тады трэба было сабраць усю сям'ю, рассыпаць пад стол гарбузовыя семачкі і сказаць: «Ну-ка, дзеткі, сабярыце, цып-цып-цып, мае цыпляткі!» Лічылася, што пасля гэтага куры будуць добра несці яйкі, а гаспадарка будзе спраўнай і шчодрай.

Другі абрад — на Масленіцу. Калі дзяўчына заседжвалася ў дзеўках, яе сяброўкі і хлопцы бралі вялікую калоду, абвязвалі яе вяроўкай і цягнулі да хаты «вінаватай». Пад акном спявалі:

Выйдзі-выйдзі на вуліцу, Масленіца.

Вынісь сыра — родзіш сына, Масленіца.

Вынісь мачку — родзіш дочку, Масленіца.

А калі ня вынесеш, дык я цябе падапру!

І тая дзяўчына, каб выйці замуж, аддавала пачастункі.

Ганна Рыгораўна працягвае збіраць фальклорныя скарбы, перадаючы іх з вуснаў старэйшых жыхароў вёскі. Адным з такіх носьбітаў стала Галіна Еўдакімаўна Чайкоўская — ёй ужо больш за 90 гадоў, але яна дагэтуль памятае, як у даўнейшыя часы ратавалі дзяцей ад хвароб і страху. Бабуля расказвала, што, калі малы плакаў і ніхто не ведаў, што з ім рабіць, яго ў люльцы выносілі ў куратнік і пакідалі там на некалькі хвілін. А потым вярталі ў хату — і дзіця супакойвалася. А калі не дапамагала і гэта, ужывалі малітву-загавор: «Першым часам, добрым часам загаварваю ў лекі: каціныя, сабачыя, чалавечыя, свіныя, ветраныя, вадзяныя, агняныя, ударныя, павальныя, пазасценныя. Адгаварваю (імя дзяцёнка) ад колі, іспугу, пасылаю на тэй жа аблок. Госпадзі божачка, памажы і сахрані».

Такімі простымі словамі, без лекаў і дактароў, жанчыны вярталі дзецям сон і спакой, верылі: малітва і любоў маці маюць найвялікшую сілу.

Дарэчы, на развітанне Ганна Рыгораўна расказала цікавую гісторыю пра паходжанне назвы вёскі. Побач існуюць дзве — Вялікі Кудзін і Малы Кудзін. Паводле народнага падання, некалі на гэтых землях жылі два паны, старэйшы і малодшы браты. Калі прыйшоў час дзяліць зямлю, аднаму дасталася большая частка, другому — меншая. Так і паўсталі дзве вёскі, што і сёння нясуць у сваіх назвах адгалосак таго спрадвечнага падзелу.

3. Пачаставацца камамі і чачохай з самакішай...

Далей наш шлях ляжыць у самыя Бялынічы. Таццяна Аляксееўна Батвінкова, 1953 года нараджэння, нарадзілася ў Магілёве, дзяцінства правяла на Крычаўшчыне, але ў маладосці лёс прывёў яе ў райцэнтр. Сорак гадоў яна вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры, але, кажа, менавіта тут, на гэтай зямлі, адкрыла для сябе сапраўднае багацце беларускага слова.

Калі прыехала сюды, я не ведала, што такое клюква, — смяецца суразмоўца. — На Крычаўшчыне клюквы не было! Прыйшла ў госці, а гаспадыня кажа дачцэ: «Пачастуй настаўніцу камамі». Я і сяджу думаю: што ж гэта за страва такая? Аказалася, звычайная адварная бульба.

Так паступова адкрывалася для яе мова Бялыніччыны. Чачоха — гэта амлет, самакіша — прастакваша, курчына — шасток над рускай печчу, дзе сушылі адзенне ці ставілі гаршкі. Кірха — месца, дзе да маразоў трымалі бульбу і гарбузы. Абгалганіць — падстрыгчы налыса. Калі хата напіта — значыць, дзверы адчынены насцеж. Сядзець крыцаю — нічога не рабіць, толькі балбатаць. А лахардзік — гэта ўсё салодкае: цукеркі, варэнне, пячэнне.

— Колькі слоў! — усміхаецца Таццяна Аляксееўна. — І ўсе яны жывуць, пакуль мы імі карыстаемся.

Раней, па ўспамінах суразмоўцы, вяселлі спраўлялі зімой. На Каляды знаёміліся, а ў Мясаед гулялі. Дзяўчыну, якая рыхтавалася да шлюбу, называлі маладухай. Сукенку яна шыла загадзя, часцей з белага штапелю — лёгкай тканіны, што прыгожа клалася складкамі. Калі надыходзіў час другой прымеркі, нявеста прыходзіла з сяброўкамі. Асаблівую ўвагу надавалі фаце, якую называлі кісеяй. Яе рабілі з простай доўгай марлі, прыкладна на тры метры. Кісею крахмалілі так, каб яна трымалася. У дзень вяселля маці маладой апраналася ў лепшае адзенне і ішла ў тую хату, дзе нявесту рыхтавалі да прыезду жаніха. Гэта быў своеасаблівы абрад — перадача жаночай мудрасці і блаславення на новае жыццё.

Вясельны ўбор сведчыў пра лёс дзяўчыны. Калі яна была сіратою, вянок рабілі з белых васковых кветак. Калі ў маладой заставаўся хоць адзін з бацькоў, да белага дадавалі зялёныя лісточкі. А калі сям'я была поўная, у вянку перапляталіся ўсе колеры.

Калі збіраліся сваты і прыходзілі да дзяўчыны, спявалі:

* * *

Бачыла Манечка дзіўны сон*.

Ай-на раненька ўстала,

Сваёй мамачцы сказала:

«Бачыла, мамачка, дзіўны сон:

Каля нашых варог рэчка йшла,

А па рэчачцы чаўночак,

А ў чаўночку селязенька».

А я ш табе, дачушка, сону павяду.

Ой не рэчка йшла — сваты йшлі,

Ой не чаўночак — вазочак,

Ой не селязенька — Ванечка.

*Кожны радок спяваецца двойчы.

Пасля выкупу хросная падводзіла нявесту да кажуха. Лічылася, што калі дзяўчына была цнатлівая, яна павінна сесці на кажух, і толькі пасля гэтага ёй надзявалі вянок.

— Я такога выпадку не помню, каб дзяўчына на кажух не села, а вось бабуля мая пра такі расказвала, — удакладняе Таццяна Аляксееўна. — Слёз было…

Вяселле працягвалася цэлы дзень і нават ноч. Пасля вясельнага абраду маладую выпраўлялі да жаніха, бацькі зноў благаслаўлялі яе і абсыпалі жытам, каб у доме панавалі шчасце і дастатак. А ўжо на наступны дзень жаніх павінен быў паехаць да цёшчы з падарункам. Традыцыйна гэта быў адрэзак матэрыі — пэркалю.

Цёшча ж рыхтавала для зяця сняданак — яешню з сямі яек. Адсюль народная прымаўка: «Як зяць на парог — дык цёшча за яйцы».

Дзе радасць, там і сум. Асабліва глыбока пачуцці болю адчуваюцца ў старажытных баладах. У Бялынічах гэтую песню Таццяне Аляксееўне спявала мужава бабуля:

* * *

1. Выпраўляла маці сына ў салдаты*,

Маладу нявестку ў поле лён ірваці:

2. «Як не вырвеш лёну — не прыходзь дадому,

Заставайся ў полі і стань тапалёю».

3. Равала я нарвала, рвала-вырывала,

Засталася ў поле, тапалёю стала.

4. Як прыйшоў сын з войска, ды й да сваёй хаты,

Ён ў сваёй мацер-мацеры пытае:

5. «Маці мая, маці, што ў нас за навіна,

Што на нашым поле расце тапаліна?»

6. «Не пытайся, сыну, пра гэту навіну,

Бяры тапар востры, сячы тапаліну».

7. Секануў адзін раз — топаль пахіліўся.

Секануў другі ён, а ён накланіўся:

8. «Не сячы, мой мілы, я не тапаліна.

Не сячы, мой любы, я твая Галіна».

9. «Маці мая, маці, што ж ты нарабіла?

Я кахаў дзяўчыну, а ты разлучыла».

*Першы радок куплета спяваецца двойчы; кожны куплет — двойчы (пры паўторы першы радок — адзін раз).

Некаторыя песні, што гучалі ў беларускіх вёсках, як плач па страчаным, як голас жанчыны, што вылівае ў словах сваю долю. Такія мелодыі спявалі ціха, нібыта для сябе. Наступная, якую праспявала нам Таццяна Аляксееўна, адна з такіх.

* * *

Зялёная вішня з-пад корня ня вышла.

Аддай мяне, мама, дзе я непрывычна.

Аддала мяне мама, дзе я непрывычна.

Як выйду да долу, ды й крыкну да дому:

Вары, маці, вячэру, шчэ й на маю долю.

Варыла-варыла, не мала, не трошкі,

Няма ж табе, дочка, ні міскі, ні ложкі.

Я й ложку ня мыла, я й міску разбіла,

Ідзі, мая дочка, дзе раньше рабіла.

Успомні мяне, мама, хоць раз у аўторак,

А я ж цябе, мама, на дні разоў сорак.

Успомні мяне, мама, хоць раз у суботу,

А я ж цябе, мама, йдучы на работу.

Успомні мяне, мама, хоць раз у нядзелю,

А я ж цябе, мама, сцелючы пасцелю.

4. Унікальная малітва краю

Вёска Лямніца сустракае цішынёй і лёгкім пахам вільгаці, што стаіць у паветры пасля дажджу. Тут, сярод старых хат з нізкімі страхамі, яшчэ жыве памяць пра тое, як людзі верылі ў сілу слова і малітвы. Феня Нікіфараўна Нікіціна, якой сёлета споўнілася 93 гады, гаворыць разважліва, нібы перабірае ніткі часу. Яна памятае, як яшчэ дзяўчынкай слухала гісторыі ад старэйшых.

Ехалі цыгане на кібітках, — прыгадвае. — Папрасілі ў мясцовых вады напіцца, а ім ня далі. «Каб вы без вады засталіся!» — сказалі цыгане. І сапраўды — высыхла тады рэчка.

Калі ў вёсцы хтосьці не спаў ноччу або пакутаваў ад цяжкіх думак, людзі ведалі, што трэба рабіць.

— Каб добра спаць ноччу, — тлумачыць Феня Нікіфараўна, — трэба сорак раз прачытаць «Багародзіцу»: «Богородіце, дево, радуйся, благодатная Марые, Гасподзь з тобою; ды ў жэнах и благаславен плод чарэва тваева, яко спаса радзіла есі душ нашых».

Дадае яна яшчэ адну старажытную, без сумнення ўнікальную малітву, што пераходзіла ў яе родзе ад маці да дачкі:

На сіянскай гарэ Божая Маць

адпачывала.

Прыйшоў да яе сам Ісус Хрыстос

з трэмя ангеламі:

«Ці ты спіш, ці так адпачываеш?»

Ах, сынок мой, не ўміраці,

усіму свету назіраці,

І ня сплю, ня адпачываю,

праз цябе сон бачу.

Здаецца мне, што твае ручкі

кам'ёй скавалі,

На тваю галоўку цернеў вянец

надзявалі,

Із твае галоўкі войска із кабы вылеталі,

крывавыя рэкі выцякалі.

Скланулася скалая зямля, адвалілася

ад дрэва кара.

Маць мая прысвятая,

ня едзь гэта сона, а ісціная праўда.

Хто ту малітву маліцца будзе, дасць яму бог

шчасця і долю.

Муж яго не пасасае,

звер яго не пакусае,

На агні не пагарае, на вадзе

 не патапае.

Умрэць ён пакаянная смерцю,

Паложаць на белу лаву,

панясуць да божай хвалы,

Будзе пекла замыкацца,

рай раскрывацца

З трымя лістамі мяртвай рукою

ва векі векоў. Амінь.

Людзі верылі, што яна здольная абараніць ад любой шкоды.

А тутэйшай Людміле Рыгораўне Каралёвай родная бабуля, 1903 года нараджэння, часта расказвала казкі, якія немагчыма забыць. Вось адна з такіх казак:

* * *

Жыла сям'я — бацька з маці. Калі маці памерла, бацька ўзяў другую жонку. У сям'і заставалася двое дзяцей. Аднаго хлопчыка мачэха пакінула, а дзяўчынку вырашыла выгнаць у лес. Бацька павёз дзяўчынку ў гушчар, павесіў тапор на дрэва, а сам пайшоў. Тапор стукаў, дзяўчынка плакала, і цямнела вакол, нібы лес сам абуджаў страх.

Тады з'явілася лісічка. «Чаго ты плачаш?» — запыталася яна. Дзяўчынка распавяла, што бацька яе пакінуў адну. Лісічка прапанавала дапамогу — пайсці разам. І яны рушылі праз цёмны лес, але хутка пачулі воўка: «Хто ў лесе, хто ў цёмным, хадзі ка мне начаваць».

Дзяўчынка і лісічка сталі жыць у воўка. Лісічка хвосцікам месіла бліны, а дзяўчынка тапіла печку, робячы ўсё па хаце. Аднак праз некаторы час лісічка сказала: «Колькі мы тут жыць будзем? Лепей уцякчы!» І дзяўчынка разам з лісічкай разбурылі акно і пабеглі. Воўк пагнаўся за імі, але яны паспелі забегчы да лесніка, які застраліў злую жывёлу, і дзяўчынка нарэшце засталася ў бяспецы.

Фальклор жыве не толькі ў старых песнях і паданнях, але і ў памяці людзей, якія перанялі яго ад сваіх продкаў. Людміла Рыгораўна ўспамінае, як яе бабуля — Лізавета Якаўлеўна Шмігельская — перадавала ёй песні і абрады, што суправаджалі штодзённае жыццё і святы.

* * *

А мы ў полі жыта жалі,

У снапочкі звязалі.

А вы, жнейкі-красуні,

Ідзіце па жытнёвай руне.

Мы снопачкі злажылі

Ды верхавіком накрылі.

— Гэта, — тлумачыць суразмоўца, — песня для зажынак, калі пачыналі жніво.

А вось яшчэ адзін абрад — насіць ікону з дому ў дом, каб у хаце панавалі мір і дабрабыт, а бяда абыходзіла бокам.

* * *

Прыйшоў Мікола на работу —

У гразі ўвязлі коні па самыя гужы.

На Міколу дзяўчаты на полі,

Ткуць, вяжуць. Казакі кажуць:

Прынеслі ў хату Міколу,

Каб не было бяды ніколі.

Так у кожнай сям'і сустракалі ікону і маліліся аб абароне на ўвесь год.

Напрыканцы нашай сустрэчы жанчына выканала жартаўлівую «загаворную» прыпеўку, якая, паводле павер'я, дапамагала дзяўчыне выйсці замуж:

* * *

Сарокі-бака-белабокі,

Скачэце, сорак птушак напячыце!

Пасадзіце на дрэўка —

Каб замуж выйшла дзеўка,

Пасадзіце на крышу —

Каб вечар пацішаў,

Пасадзіце на сені —

Каб збылося вяселле!

Праз падарожжа па вёсках Бялыніччыны адкрываецца свет, дзе кожная песня, кожнае павер'е і кожная казка — частка жыцця людзей, іх радасцей і клопатаў. Тут захоўваецца сапраўдная душа краю. Размаўляючы з мясцовымі, становіцца відавочна: традыцыі тут не проста помняцца — яны жывуць у паўсядзённасці і святах, у працы і адпачынку. Нават самая маленькая песня ці просты абрад могуць раскрыць глыбокія пачуцці, гісторыю сям'і і памяць цэлага краю. У наступнай серыі праекта мы працягнем збіраць фальклор, каб адшукаць яшчэ больш мелодый, легенд і абрадаў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Чакайце ў госці!

Сергей Грудницкий, фото Алисы Другаковой, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна