RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: Мы моцныя сваімі каранямі

За апошнія тры гады Прыдняпроўскі край стаў прыкметна прыгажэйшы і зручнейшы для яго жыхароў. Пабудаваны новыя масты, паліклінікі, спартыўныя аб'екты, жылыя дамы, больш глянцу набылі малыя населеныя пункты. Апошні прыклад — Бялынічы, якія сёлета прымалі рэспубліканскае свята — Дзень пісьменства. Невялічкі гарадок за год набыў сапраўдны еўрапейскі выгляд. Тут і плошчы, і шматфункцыянальны забаўляльны цэнтр з 3D-кінатэатрам, і нават новы ўдвая большы, чым быў, музей з сучасным абсталяваннем. І гэты райцэнтр — не выключэнне. У размове са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама высвятляем, што зроблена на працягу апошніх трох гадоў, якія прайшлі пад знакам Года малой радзімы.

— Леанід Канстанцінавіч, завяршаецца 2020 год, апошні ў трылогіі Года малой радзімы. Наколькі ён быў рэзультатыўны?

— Год быў няпросты. Утрымаць пазіцыі — гэта была задача-мінімум для ўсяго рэгіёна. Нават ва ўмовах сусветнай пандэміі і закрыцця граніц мы здолелі захаваць бесперапынную работу прадпрыемстваў і не дапусцілі масавых скарачэнняў работнікаў. У першым паўгоддзі сутыкнуліся са зніжэннем вытворчасці, але пачынаючы з чэрвеня ўзровень валавога рэгіянальнага прадукту пачаў аднаўляцца і па дзесяці месяцах перавысіў узровень мінулага года. Улічваючы сітуацыю ў свеце, нават сам факт захавання леташніх пазіцый — добры вынік. У суседніх краінах наогул зафіксаваны спад вытворчасці. Еўропа перажывае новы эканамічны крызіс. Узважаная, абдуманая палітыка нашай дзяржавы і Прэзідэнта сыграла ключавую ролю ў тым, што Беларусь годна спраўляецца з усімі выклікамі.

— Год быў цяжкі, але плённы ў плане будаўніцтва. Столькі новых аб'ектаў у Магілёве і вобласці не адкрывалася, напэўна, нават у лепшыя гады.

— Так. У нас атрымалася нарасціць аб'ёмы будаўніча-мантажных работ. Уведзена ў эксплуатацыю каля 300 тысяч квадратных метраў жылля, больш за 1000 шматдзетных сем'яў змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Мы ўвялі ў строй шэраг вельмі важных сацыяльных аб'ектаў — паліклінікі ў Магілёве, Кіраўску, Асіповічах, Мсціславе, дзіцячую бальніцу ў Бабруйску, дзіцячыя садкі ў Шклоўскім раёне, Бабруйску і Слаўгарадзе, біятлонны комплекс у Чавусах, басейны, спартыўныя пляцоўкі, цэнтры культуры. Вялікая ўвага аддаецца будаўніцтву і рамонту дарог, развіццю транспартнай інфраструктуры. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю мост праз раку Сож у Слаўгарадскім раёне. Удзел у яго адкрыцці браў асабіста Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. А ў канцы лістапада мы паставілі кропку ў глабальнай рэканструкцыі вялікага ўчастка аўтамабільнай дарогі «Магілёў—Чэрыкаў—Касцюковічы».

У Магілёве поўным ходам ідзе будаўніцтва дубль-трасы вуліцы Якубоўскага, у наступным годзе плануецца здаць у эксплуатацыю першую чаргу. Новыя мікрараёны горада Спадарожнік і Казіміраўка будуць звязаныя з праспектам Касманаўтаў яшчэ адной дарогай. Гэта шмат у чым вырашыць транспартную праблему ў абласным цэнтры.

Калі казаць пра іншыя важныя аб'екты, то тэрміны іх уводу ў эксплуатацыю не мяняюцца. Па плане ідзе будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Фаціна ў Магілёве. Сёлета мы ўводзім першую чаргу — адміністрацыйны корпус, а налета будзе завершана будаўніцтва двух басейнаў. Таксама ў наступным годзе плануем запусціць у работу вельмі неабходны для нашых жыхароў сучасны кардыяхірургічны корпус абласной бальніцы.

У планах таксама будаўніцтва новага інфекцыйнага корпуса для Магілёўскай бальніцы № 1. Магіляўчане і жыхары раёнаў не па чутках ведаюць пра сённяшні стан магілёўскай інфекцыйнай бальніцы па вуліцы Бярозаўскай. Відавочна, што неабходна паляпшаць умовы лячэння пацыентаў з інфекцыйнымі захворваннямі. Мы пракансультаваліся з аўтарытэтнымі спецыялістамі і прыйшлі да высновы, што ўзводзіць новы будынак разумна побач з існуючым стацыянарам. Вырашана, што гэта будзе Магілёўская бальніца № 1, дзе сёння працуе інфекцыйнае аддзяленне.

Цэнтралізацыя інфекцыйнай службы на базе шматпрофільнага стацыянара дазволіць не толькі палепшыць умовы для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыйнымі захворваннямі, але і арганізаваць цэнтралізаваны амбулаторны прыём і дыспансерызацыю інфекцыйных пацыентаў. Сусветная пандэмія каранавіруса, якая закранула і нашу краіну, навучыла нас многаму. Спатрэбіліся новыя падыходы ў рабоце выканаўчай улады, у сістэме аховы здароўя і эканоміцы.

— Сёлета было падоўжана дзеянне Праграмы па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны і з'явіліся новыя прэферэнцыі. Наколькі гэта важна для развіцця раёнаў, якія ўключаны ў дадзеную праграму?

— Гэта новыя магчымасці для іх развіцця, і вялікі дзякуй Прэзідэнту за тое, што дзеянне дакумента падоўжана яшчэ на пяць гадоў. Новы ўказ мае шэраг прэферэнцый. Вызначаны парадак кампенсацыі выдаткаў юрыдычных асоб пры рэалізацыі імі інвестпраектаў з прыцягненнем крэдытаў Банка развіцця. А гэта 20 % ад кошту капітальных выдаткаў без ПДВ аднаразова па факце ўводу аб'екта ў эксплуатацыю і 15 % штомесяц на працягу трох гадоў з даты выхаду аб'екта на поўную праектную магутнасць. Для грамадзян, якія маюць бесперапынны працоўны стаж у арганізацыях паўднёва-ўсходняга рэгіёна і якія жывуць у арэндным жыллі дзесяць і больш гадоў, прадугледжана магчымасць выкупу яго па цане ў памеры 10 % ад ацэначнага кошту. Пагадзіцеся, гэта вельмі істотныя прэферэнцыі.

Што датычыцца мерапрыемстваў у сферы вытворчасці, то асноўная стаўка робіцца на суб'екты малога і сярэдняга бізнесу, якія плануюць далейшае развіццё сваіх вытворчасцяў. У асноўным гэта сфера дрэваапрацоўкі.

Калі казаць пра прамысловасць, то найбольш значныя праекты — стварэнне вытворчасці драўнянага вугалю ў Клімавіцкім раёне і арганізацыя вытворчасці кандытарскіх вырабаў у Слаўгарадскім.

Працягнецца работа па тэхнічным пераўзбраенні лесанарыхтоўчых вытворчасцяў лясгасаў і набыцці сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Паколькі паўднёва-ўсходні рэгіён мае сельскагаспадарчую накіраванасць, асноўная стаўка будзе зроблена менавіта на павышэнне эфектыўнасці работы арганізацый гэтай галіны праз зніжэнне выдаткаў і павышэнне якасці прадукцыі. У сельскагаспадарчых арганізацыях стаіць задача да 2025 года забяспечыць тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў параўнанні з 2019 годам на ўзроўні 195,9 працэнта.

У сацыяльнай сферы прадоўжыцца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, забеспячэнні іх абсталяваннем і сродкамі навучання, абнаўленні аўтобуснага парка для падвозу навучэнцаў. У праграме таксама закладзены мерапрыемствы па рэканструкцыі і капітальным рамонце ўстаноў аховы здароўя і адукацыі.

Для прыцягнення ў рэгіён рабочай сілы і замацавання наяўных працоўных рэсурсаў, у тым ліку маладых спецыялістаў, у гэтым годзе ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне вобласці плануецца ўвесці ў строй 20 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў. А за перыяд з 2021 да 2025 года — 77,5 тысячы квадратных метраў.

— Сёлета да абласных «Дажынак» рыхтаваліся Асіповічы. Правесці маштабныя гулянні не дазволіла неспрыяльная эпідабстаноўка. Тым не менш, горад стаў прыгажэйшы, абнавіліся яго сацыяльна значныя аб'екты. Як падобныя мерапрыемствы дапамагаюць «падцягнуць» невялікія гарады да абласнога ўзроўню ў плане камфортнага пражывання і доступу да паслуг?

— Прымаючы такія святы, любы населены пункт імкнецца дастойна сустрэць гасцей, пакінуць добрае ўражанне. Асіповічам патрэбны быў глянец. Таму ў ходзе падрыхтоўкі да свята раённы цэнтр актыўна добраўпарадкоўвалі. Зроблены рамонтныя работы вулічна-дарожнай сеткі, капітальна адрамантаваны некалькі вуліц, новае аблічча прыняў цэнтральны гарадскі парк, праведзены капітальны рамонт шэрагу жылых дамоў. Горад змяніўся, атрымаў больш сучасны выгляд.

Але не фактар правядзення якога-небудзь свята павінен быць галоўны ў імкненні «падцягнуць» невялікія гарады да абласнога ўзроўню. Ёсць пэўныя сацыяльныя стандарты, ёсць людзі з іх патрэбамі, жаданнем жыць у камфортным асяроддзі. Нават калі б гэтае свята ў Асіповічах не планавалася, рэканструкцыя той жа раённай паліклінікі, гімназіі, цэнтра сацыяльнай абароны, стадыёна ўсё роўна адбылася б. У гэтым вы можаце пераканацца, калі праедзеце па іншых райцэнтрах вобласці. Напрыклад, у Мсціславе сёлета мы адкрылі паліклініку і гарадскую лазню.

Развіццё малых гарадоў — гэта сапраўды вельмі важнае пытанне, якое павінны вырашаць і вырашаюць органы ўлады. Неабходна і далей рабіць усё, каб чалавек мог камфортна жыць, выхоўваць дзяцей, годна зарабляць, а не глядзець у бок абласных цэнтраў ці сталіцы.

— «Дажынкі» і «малая радзіма» — паняцці сугучныя, бо чым лепшы вынік работы канкрэтнай гаспадаркі, тым багацейшы населены пункт, дзе яна знаходзіцца. Гэты год, нягледзячы на ўсе яго складанасці, быў выніковы. Магілёўшчына сёлета прадэманстравала станоўчыя паказчыкі ў раслінаводстве і ў жывёлагадоўлі. Як вы ацэньваеце зробленую работу?

— Сёлета мы сабралі адзін мільён 283 тысячы тон збожжа — на 38 % больш, чым летась. Істотна вырасла і сярэдняя ўраджайнасць. Яна склала 36 цэнтнераў з аднаго гектара. Па двух гэтых паказчыках Магілёўшчына заняла чацвёртае месца ў рэспубліцы, а па шэрагу іншых выйшла на перадавыя пазіцыі ў краіне.

У вобласці была зроблена стаўка на зерне кукурузы — яе пасевы мы павялічылі ўдвая. Для забеспячэння жывёлагадоўлі таннымі травянымі кармамі працягваем работу па пашырэнні плошчаў і паляпшэнні структуры шматгадовых траў, у першую чаргу бабовых. Мы засеялі люцэрнай 20 тысяч гектараў, павялічыўшы яе плошчы ў структуры шматгадовых траў да 30 %.

За кошт выканання тэхналагічных рэгламентаў забяспечаны рост аб'ёмаў вытворчасці ў жывёлагадоўлі, прыплод буйной рагатай жывёлы павялічыўся ў 1,3 раза.

Уведзены ў эксплуатацыю два свінакомплексы ў Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах, запланавана будаўніцтва свінагадоўчага

комплексу на 24 тысячы галавы адкорму ў год з замкнёным цыклам і рэпрадуктара на 1164 прадукцыйныя свінаматкі ў Клімавіцкім раёне.

Вынік мог быць некалькі вышэй, але ў аднолькавых умовах не ўсе раёны змаглі паказаць неабходны вынік.

— За апошнія тры гады з'явілася шмат новых турыстычных маршрутаў па раёнах вобласці, развіваецца агратурыстычны бізнес, з'яўляюцца новыя турыстычныя аб'екты. Наколькі ўсё гэта важна?

— У душы я заўсёды быў вясковым чалавекам, мае карані на Случчыне. Добра памятаю духмяны водар хатняга хлеба, смажанага сала і ні з чым не параўнальную калодзежную ваду. Гэта не настальгія па маленстве, а звычайная памяць сэрца.

Лічу, што паняцце «малая радзіма» для ўсіх аднолькавае. І тое, што сёння мы гэтаму аддаём так шмат увагі, цалкам натуральна і правільна. Пра свае карані трэба памятаць.

Апошнім часам шмат зроблена для развіцця ўнутранага турызму. Сёлета ў Магілёўскай вобласці распрацаваны новыя турыстычныя маршруты патрыятычнай накіраванасці — «Купальскае кальцо» з праездам па малой радзіме першага беларускага Прэзідэнта, «Таямніцы блакітнай крыніцы», «Край белых начэй» і іншыя. Стала больш самастойных турыстаў, якія даволі актыўна наведвалі музеі вобласці і аграсядзібы.

А вось што датычыцца візітаў да нас замежнікаў, то іх паток сёлета паменшыўся больш чым у тры разы. У красавіку—жніўні візіты замежных турыстаў былі практычна зведзены да нуля, паколькі шмат якія краіны закрылі свае межы. У выніку значна ўпала загрузка гасцініц, санаторыяў і турыстычных баз.

Для пераадолення эканамічных наступстваў пандэміі ажыццяўляецца падтрымка суб'ектаў гаспадарання ў турыстычнай сферы ў адпаведнасці з нормамі Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №№ 178 і 143. Напрыклад, прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» атрымала субсідыю для ажыццяўлення даплат работнікам да велічыні мінімальнай заработнай платы і выплаты абавязковых страхавых узносаў. У дачыненні да суб'ектаў турыстычнага бізнесу прынята рашэнне аб памяншэнні сумы падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.

— Мы ўвесь час змагаемся за чысціню навакольнага асяроддзя, заклікаем берагчы экалогію. Але ўтылізацыя бытавых адходаў — гэта наш біч, які наносіць прыродзе вялікую шкоду. Як можна вырашыць праблему і што для гэтага робіцца ў вобласці?

— Год таму Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Канцэпцыю стварэння аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў і палігонаў для іх захавання. У адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй на тэрыторыі Магілёўскай вобласці прадугледжана стварэнне трох рэгіянальных аб'ектаў з Магілёўскай, Бабруйскай і Крычаўскай зонамі абслугоўвання. Работа ў гэтым кірунку вядзецца, вызначаны адказныя арганізацыі, распрацоўваюцца рэгіянальныя схемы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі. У наступным годзе пачынаецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода для Бабруйска.

Адначасова вядзецца работа з насельніцтвам. Людзі павінны разумець важнасць раздзельнага збору бытавых адходаў.

— Прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі дапамагаюць найбольш дакладна меркаваць пра тое, што турбуе насельніцтва, якімі клопатамі яно жыве. Што сёння больш за ўсё актуальна для жыхароў вобласці, як вырашаюцца іх праблемы?

— Кіраўніку любога ўзроўню важна мець зносіны з насельніцтвам наўпрост, без пасрэднікаў. Гэтым летам я вырашыў праехаць па ўсіх раёнах вобласці і правесці сустрэчы з жыхарамі. Людзі былі адкрытыя, казалі аб праблемах і, што асабліва прыемна, адзначалі пазітыўныя моманты ў жыцці іх раёнаў.

Пытанні паступаюць розныя, у асноўным звязаныя з камунальнай гаспадаркай, гандлем, аховай здароўя, будаўніцтвам, рамонтам аб'ектаў сацыяльнай сферы. Нешта атрымліваецца вырашаць у аператыўным парадку. Так былі адкрыты крамы ў аграгарадку Міхалёва Магілёўскага раёна і вёсцы Брожа Бабруйскага, выкананы капітальны рамонт моста ў Быхаве, набыты аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі для Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Сухары.

У наступным годзе мы плануем пачаць рамонтныя або будаўнічыя работы на шэрагу важных сацыяльных аб'ектаў, на якія звярнулі ўвагу жыхары Магілёўскай вобласці. Напрыклад, намечана будаўніцтва басейна ў Хоцімску.

На жаль, даводзіцца вырашаць пытанні, якія павінны здымаццца на мясцовых узроўнях. І ў гэтым вялікая недапрацоўка тамтэйшай улады. Уладкаванне пандуса для інвалідаў або змяненне графіка руху грамадскага транспарту — праблемы, здавалася б, нязначныя, але вельмі важныя для людзей. І ўлада павінна рэагаваць.

— Год заканчваецца, а разам з ім і трохгоддзе малой радзімы. Але кірунак на паляпшэнне дабрабыту грамадзян, сацыяльную стабільнасць застаецца. Падзяліцеся, калі ласка, планамі на наступны год.

— Асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на ўмацаванні эканомікі за кошт такіх фактараў, як рост экспарту, інвестыцый, павышэння эфектыўнасці работы арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Мы распрацоўваем комплекс мер, рэалізацыя якіх дазволіць павялічыць даходы мясцовых бюджэтаў на 7,9 % да ўзроўню 2020 года, павысіць намінальную налічаную сярэднямесячную заработную плату на 7,6 %, нарасціць аб'ём інвестыцый у асноўны капітал да 2,4 мільярда рублёў. Гэта даволі амбіцыйныя планы, але яны выканальныя. У гэтым я глыбока перакананы.

У нас ёсць праблемы. Але я неаднаразова казаў: усе нашы праблемы вырашальныя — у мірнай, спакойнай, кіруемай краіне. Такой, як наша Беларусь.

— Леанід Канстанцінавіч, работа адымае ў вас шмат часу. Пастаянныя сустрэчы, перагаворы, паездкі, нарады і ў будні, і ў выхадныя дні. Як у вас хапае сіл на работу 24 гадзіны ў суткі?

— Гэта, вядома, перабольшанне: 24 гадзіны ў суткі працаваць немагчыма. Я таксама адпачываю. Разам з жонкай Алай Васілеўнай па меры магчымасці наведваем тэатр, ходзім на канцэрты, аднойчы нават атрымалася трапіць на футбол. Калі ёсць час, люблю пачытаць. Апошняя з прачытаных кніг — «Астравы памяці». Чатыры беларускія аўтары — Лідзія Ачыновіч, Вячаслаў Баршчэўскі, Анатоль Стаскевіч і Ала Суднік — напісалі пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, партызанаў, якія змагаліся ў тыле ворага на тэрыторыі Клічаўскага раёна. Рэкамендую гэтую кнігу ўсім, асабліва моладзі. Твор заснаваны на ўспамінах людзей, якія прайшлі вайну, многае перажылі і праз усё жыццё пранеслі памяць аб сваіх баявых таварышах і сябрах.

Адпачынак з кнігай, з сям'ёй лічу самым карысным, але, калі шчыра, цалкам адключыцца ад работы ўсё ж не атрымліваецца. Адказваць за цэлую вобласць — гэта вельмі сур'ёзна. Кіраўнік дзяржавы накіраваў мяне сюды, паставіў задачы, і я не маю права, не магу падвесці ні Прэзідэнта, ні жыхароў вобласці.

Нэлі Зігуля zviazda.by, фота Андрэя Сазонава, СБ, tribunapracy.by, ctv.by, dzyannica.by і іншых адкрытых крыніц

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна