RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы старшыня Бялыніцкага райвыканкама прадстаўлены актыву і дэпутатам раёна

Сення адбылася 17-я сесія Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў ХХVІІІ склікання. Удзел у яе працы прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, старшыні сельскіх саветаў дэпутатаў, начальнікі служб і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прадстаўнікі СМІ.

У парадак дня сесіі райсавета дэпутатаў было ўнесена пытанне «Аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта», даклад па якім зрабіў губернатар Леанід Заяц. Леанід Канстанцінавіч адзначыў, што ў змене кіраўніка райвыканкама ніякай надзвычайнасці няма. Ёсць агульная для ўсіх задача вывесці эканоміку раёна на значна больш высокі ўзровень развіцця з тым, каб на канец наступнага года забяспечыць сярэднямесячны заробак работнікаў на ўзроўні Br1 тыс. А для гэтага трэба ў паўтара-два разы павялічыць грашовую выручку на кожнага працаўніка, забяспечыць рост аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, яе якасць, значна нарасціць пагалоўе грамадскага статку буйной рагатай жывёлы, перагледзіць структуру зерневага поля і вырошчваць толькі тыя культуры, у прыватнасці, жыта, якія ў наступным годзе дазволяць атрымаць у раёне 70 тыс. т валавога намалоту збожжа.

«Для вырашэння гэтай задачы патрэбен вопытны арганізатар, умелы гаспадарнік і кіраўнік, – адзначыў Леанід Заяц. – Такога чалавека, які здольны мабілізаваць усіх на плённую працу, прапаноўваю на пасаду старшыні райвыканкама. Гэта Васіль Аляксеевіч Захарэнка. Прашу падтрымаць яго кандыдатуру, узгодненую Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка».

У падтрымку кандыдатуры Васіля Захарэнкі выступілі начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Сiманава і старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Ганчук.

Адкрытым галасаваннем дэпутаты раённага Савета дэпутатаў адзінагалосна зацвердзілі Васіля Захарэнку на пасадзе старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц уручыў Васілю Аляксеевічу службовае пасведчанне, цёпла павіншаваў яго з прызначэннем на новую пасаду і назваў шэраг бягучых і перспектыўных задач для кіраўніцтва і працоўных калектываў Бялыніччыны.

zara.by

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна