RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Трудовой семестр на Кировщине набрал обороты

Сярод старэйшых школьнікаў і навучэнцаў устаноў адукацыі раёна ўсё больш папулярна праца ў студэнцкіх атрадах. Карысць відавочная: гэта не толькі магчымасць нядрэнна падзарабіць падчас канікулаў, але і акунуцца ў рамантыку працоўных будняў, атрымаць неабходныя навыкі і ўменні. Па словах першага сакратара Кіраўскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Вікторыі Пяўнёвай, з пачатку працоўнага семестра сваёй дзейнасцю паспелі вызначыцца сем студатрадаў. Адны ўжо адпрацавалі, іншыя завяршаюць змены ці толькі пачынаюць.

Ужо каторы год студэнты — жаданыя члены калектыву ЗТАА «Кіраўскі харчовы камбінат». У летні перыяд яны дапамагаюць нарыхтоўваць мясцовую прадукцыю. Вось і сёлета першымі адпрацавалі сваю змену (16 дзён) старшакласнікі СШ № 1. Як нам расказалі, у абавязкі студатрадаўцаў уваходзяць падрыхтоўка харчовай сыравіны, штампоўка прадукцыі, упакоўка і інш. На момант нашага прыезду на камбінаце актыўна займаліся нарыхтоўкай прадукцыі на аснове агуркоў. Рабяты аказвалі дапамогу ў сартаванні пладоў, укладцы іх у тары.

Працоўны дзень студатрадаўцаў пачынаецца з васьмі раніцы. За працэсам уважліва назіраюць майстры і інжынер па ахове працы прадпрыемства. Работа наладжана з улікам усіх норм: праводзяцца інструктажы па тэхніцы бяспекі, выдаюцца спецвопратка, сродкі індывідуальнай засцярогі. Арганізаваны і час для адпачынку: можна паабедаць у пакоі для прыняцця ежы, а напрыканцы працоўнага дня — памыцца ў душавых.

Майстры задаволены работай падапечных: дысцып­лінаваныя, сумленна выконваюць работу. Рады і яны самі: чакаюць атрымаць неблагія грошы.

Уключылася студатрадаўская моладзь і ва ўборку ўраджаю, якая зараз імкліва набірае абароты. Аднымі з першых прыйшлі на дапамогу аграрыям навучэнцы Жыліцкага сельгаскале­джа. У КСУП «Ніва-Барсукі» іх ахвотна прынялі на часовую работу і накіравалі на збожжаток у Капусціна. Там мы студэнтаў і сустрэлі. З хлебных палёў сельгасарганізацыі ў гэтыя дні актыўна стала паступаць свежаабмалочанае збожжа новага ўраджаю. У працэсе яго перапрацоўкі разам з работнікамі гаспадаркі задзейнічаны і навучэнцы.

Як мы высветлілі ў размове з маладымі працаўнікамі, яны добра разумеюць, што студатрады — не проста вясёлае баўленне часу і магчымасць зарабіць. Гэта яшчэ і эфектыўны спосаб граматна арганізаваць дзейнасць у летні перыяд, прымеркаваць працу да клопату аб малой радзіме.

Аляксандр Хахлоў, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна