Рус Бел Eng 中文

Уверенно восстанавливает былую славу сельхозкооператив «Гигант» в Бобруйском районе

Дырэктар бабруйскага СВК «Гігант» Васіль Жук: «Абяцаў калектыву прыўмножыць поспехі. Першыя крокі зроблены»

Амаль год таму СВК «Гігант» у Бабруйскім раёне ўзначаліў выпускнік Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Васіль ЖУК. Сельгаспрадпрыемства мяса-малочнага напрамку, а ў раслінаводстве — вытворчасць бульбы, зерня і насення рапсу. Цэнтральная сядзіба — вёска Вялікія Бортнікі — адна з першых у раёне атрымала статус аграгарадка.

Малады дырэктар і яго паплечнікі заўзята ўзяліся за справу. Для больш эфектыўнага выкарыстання машынна-трактарнага парка працоўны дзень механізатараў і вадзіцеляў цяпер пачынаецца раней. Перагледзелі і арганізацыю працы жывёлаводаў. Вынік не заставіў сябе доўга чакаць: пайшлі ў рост эканамічныя паказчыкі вытворчай дзейнасці, і адпаведна людзі сталі больш атрымліваць за старанне. Сярэднямесячны заробак кожнага з трохсот працаўнікоў перавышае 1100 рублёў.

Хлебаробы гаспадаркі паспяхова справіліся з уборкай. За год амаль у паўтара раза вырасла валавая вытворчасць малака. Штодзённа на перапрацоўчае прадпрыемства ААТ «Бабушкина крынка» рэалізуецца 14 тон прадукту. Рэнтабельнасць малочнай галіны вырасла да 30 працэнтаў.

Калектыў папаўняецца новымі працоўнымі кадрамі. Для сем’яў перасяленцаў рамантуюцца дамы, плануецца і будаўніцтва новага жылля.

У гаспадарцы даводзілася бываць і раней, сустракацца з былым дырэктарам Міхаілам Леваковым, спецыялістамі і працаўнікамі. У памяці засталося, як захапляюча кіраўнік расказваў пра калектыў, справы на палях і фермах, пра газіфікацыю Вялікіх Бортнікаў.

— Да апошняга свайго дня Міхаіл Пятровіч жыў справамі гаспадаркі, — ціха прамовіў дырэктар СВК «Гігант» Васіль Жук. — Мяне запрашаў на пасаду намесніка дырэктара. У канцы мінулага года, калі не стала Левакова, мне прапанавалі ўзначаліць гэты калектыў. Гаспадарка маштабная і шматпрофільная. У яе гісторыі былі ўзлёты і падзенні. Кіраваць такім вялікім калектывам даволі адказна. Прапанову прыняў: з дзяцінства прывучаны смела крочыць па жыцці. Скажу шчыра, калектыў мяне не адразу прыняў. Штодзённай працай сябе зацвярджаў. Былі вельмі крытычныя моманты, калі ледзьве не зламаўся, але вытрымаў.

З часам усё стабілізавалася. Калі ўзнікае неабходнасць, не цураюся апрануць ветэрынарны халат і аказаць тэрміновую дапамогу жывёле. У нашым радаводзе я ў трэцім пакаленні ветэрынар. Дзядуля па мацярынскай лініі ўсё жыццё лячыў жывёлу. Бацькі мае таксама ветэрынары. З дзяцінства я сябе бачыў у гэтай прафесіі. І зараз па-ранейшаму не прапускаю навінкі навуковай літаратуры па ветэрынарыі. Самастойна паглыбляю веды па агранаміі, эканоміцы.

Нікога з галоўных спецыялістаў не памяняў. Кіруючае звяно ўзмацніў маладым пакаленнем, каб перанімалі вопыт у старэйшых і раскрываліся ў практычнай дзейнасці. Сярэдні ўзрост пяці маіх намеснікаў — 40 гадоў.

— Якой прынялі гаспадарку?

— З добра аснашчаным машынна-трактарным паркам. Але тэхніка выпрацавала фізічны рэсурс. Часта выходзіць са строю, што стрымлівае тэмпы работ і адмоўна ўплывае на канчатковыя вынікі вытворчай дзейнасці. Прынялі рашэнне неадкладна абнаўляць тэхнічны арсенал.

Набываем у асноўным энерганасычаную тэхніку.

Што тычыцца эканомікі, то гады два яшчэ трэба, каб па асноўных вытворчых паказчыках выйсці на былыя рубяжы. На вынікі хлебаробскай працы надта ўплывае надвор’е. Імкнёмся на палях аператыўна мяняць тактыку дзеянняў, своечасова пераключацца ў залежнасці ад кліматычных сітуацый. Вось у канцы чэрвеня на пераўвільготненым полі пасеялі кукурузу. Па тры метры вырасла. Больш як па 300 цэнтнераў зялёнай масы дасць кожны гектар. А на другім полі, засеяным імпартным насеннем, спадзяёмся атрымаць па паўтысячы тон сіласнай масы кукурузы. І бульба добра ўрадзіла, амаль па 300 цэнтнераў дае кожны гектар. Сабраную з паніжаных палёў адразу рэалізуем. А астатнюю засыплем у сховішча. Яно разлічана на захоўванне 20 тысяч тон клубняў. Спадзяёмся сёлета сабраць больш за дзесяць тысяч тон. Стартавая цана на бульбу — 70 капеек за кілаграм, а далей будзе відаць, па якой цане рэалізоўваць яе.

— Разлічвалі на такія станоўчыя вынікі вашага дырэктарства?

— Інакш быць не магло. Але лічу, што самае важнае для мяне — дастукаўся да людзей. Вялікая ўдача адчуць узаемапаразуменне з калектывам. Механізатары прынялі прапанову раней пачынаць працоўны дзень, як у той прымаўцы: хто рана ўстае, таму Бог дае. Нават у гэтыя асеннія дні ў сем гадзін раніцы ўся тэхніка на полі. У такі час на зямлі спраў хапае, толькі паспявай упраўляцца. Сеем азімыя, нарыхтоўваем кармы, капаем бульбу, рыхтуем глебу.

Наведваючы гаспадарку, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц пацікавіўся, што новага з’явілася ў нас. Адказаў яму, што вясною арганізавалі раннюю падкормку азімых збожжавых і рапсу. Сваёй спецыялізаванай тэхнікі не было. Узялі ў арэнду агрэгат і заправілі пасевы. Добра апрацавалі ўсе палі. Усё гэта станоўча паўплывала на ўраджайнасць. На 400 тон больш, чым у папярэднія гады, намалацілі насення рапсу. Перапрацоўваем яго на сваёй вытворчасці. Жмыхам узбагачаем рацыён буйной рагатай жывёлы і свіней. Збалансаваны корм больш эфектыўна ўжываецца. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе парасят перавышае 700 грамаў.

— Побач з гаспадаркай — прамысловы Бабруйск, які пераманьвае моладзь. Працаваць на палях і фермах ёсць каму?

— Працоўных рук хапае. Калі раней першынствавалі маральныя стымулы, то цяпер людзі чакаюць заробкаў. Не граматамі, а рублём разлічваемся за выкананую працу. Заробкі пастаянна растуць.

Кіраўніку важна дбаць пра перспектыву гаспадаркі. Падтрымліва-ем сувязь з ДУА «Бортнікаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад — сярэдняя школа». Сёлета ў выпускным класе тры вучні, а ў 10-м — чатыры. Абнадзейвае, што дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі ў 1-ы клас. Перадалі школе газонакасілку, тэлевізар, баскетбольныя мячы. Аказваем спонсарскую дапамогу і аздараўляльнаму лагеру, дзе летам адпачываюць дзеці нашых працаўнікоў. Будзем з малодшых класаў школьнікаў прызвычайваць да працы на зямлі. А потым накіроўваць на вучобу з выплатай дастойнай стыпендыі. У жніво падлеткі збіралі на полі каласкі. Каб зацікавіць іх, кожнаму выплацілі па 500 рублёў. Матэрыяльна дапамагаем і шматдзетным сем’ям.

Усё робім у рамках дзеючага заканадаўства. Як гаспадарцы з прыватнай формай уласнасці нам не даводзіцца дзяржзаказ на пастаўку сельгаспрадукцыі. Але і рэалізаваць яе за межамі вобласці не маем права. З-за гэтага страчваем магчымасць прадаць тавар па больш выгаднай цане. Атрыманую выручку маглі б накіроўваць на развіццё вытворчасці, умацаванне прамысловай базы.

У вытворчым працэсе імкнёмся да мінімуму звесці чалавечы фактар. Стаўка — на тэхнічнае забеспячэнне.

— Васіль Пятровіч, якой вам, маладому кіраўніку, бачыцца перспектыва гаспадаркі?

— І надалей развіваць усе вектары вытворчай дзейнасці. Плануем стварыць меліярацыйную сістэму і максімальна наблізіцца да выкарыстання палівальнай тэхнікі ў засушлівы перыяд. Гэта дазволіць рэгуляваць ураджайнасць сельгас­культур. Настроены навесці парадак на зямлі і ў вытворчай зоне.

Пры гэтым пастаянна будзем клапаціцца і пра сацыяльную сферу. Вясковец не павінен загружаць сябе вялікай хатняй гаспадаркай. Яго асноўны занятак — праца ў калектыве. Стабільна высокія заробкі дазваляюць мець усё неабходнае для жыцця і адпачынку. Задумваемся над стварэннем разнастайнага культурна-масавага сэрвісу: спартыўнай залы, розных пляцовак для аматараў спорту, правядзення разнапланавых мерапрыемстваў. Намераны ў пустуючым будынку стварыць музей гісторыі гаспадаркі. Важна жаданне суаднесці з магчымасцю, каб нядзеля стала сапраўдным выхадным для вяскоўца.

— Што для вас найбольш каштоўнае ў жыцці?

— Вышэй за чалавека нічога няма. Так з малых гадоў выхаваны. Вырас у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна, дзе захаваўся ўнікальны помнік архітэктуры — мураваная царква. Духоўнасць заўжды шанавалася ў нашай сям’і. І сваіх дачок мы з жонкай Ірынай так імкнёмся выхоўваць. Старэйшая Насця вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, а меншая Валерыя пайшла ў дзявяты клас новай сярэдняй школы ў Бабруйску, у адкрыцці якой сёлета прымаў удзел Кіраўнік дзяржавы.

— Вы па натуры зайздросны?

— У такой меры, як і кожны чалавек. Памятаю, як узначальваў суседнюю гаспадарку, зайздросціў калектыву «Гіганта», што вытрым­лівалася тэхналогія на вытворчасці, заробкі былі лепшыя. Работнікі мелі выхадныя дні, а мы такой раскошы не маглі дазволіць.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Залішняя даверлівасць мяшае прымаць правільныя рашэнні. Звычайна даверлівасць запальвае ініцыятыву, а потым розумам шукаеш у гэтым рацыяльнае. А мо і нядрэнная гэта рыса — дабрыня.

— Вашы парады маладым кіраўнікам.

— Давяраць людзям і ўмець дараваць ім памылкі. У маёй сітуацыі, каб паставіць чалавека ў рамкі, часцей даводзіцца прымяняць пакаранні. Але ўсё перманентна.

 — Што значаць для вас любоў і шчасце?

— Сапраўднае шчасце — калі ёсць любоў і праца. Удзячны лёсу, што не абдзелены гэтым. Даражу сям’ёй, роднымі. Калі на сходзе калектыву мяне выбіралі кіраўніком, абяцаў прыўмножыць поспехі. Першыя крокі зроблены. Упэўнена кіруемся далей. Большага шчасця і не ўяўляю.

Владимир Суббот, фото автора, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна