RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На Краснапольшчыне пачалі гукаць вясну

22 сакавіка – свята Саракі. У народзе кажуць: “Як прыйдуць Саракі, пабяжыць снег да ракі”. Менавіта з 22 сакавіка на Краснапольшчыне пачыналі гукаць вясну. Абавязковым было выпяканне птушачак і гушканне на арэлях. Гэта традыцыя добра захавалася на Краснапольшчыне да нашых дзён.

Абавязковымі ўдзельнікамі свята Саракі з’яўляюцца дзеці. Менавіта яны разносяць птушачак па вёсцы, развешваюць іх на галінках, узбіраюцца на ўзвышшы – пагоркі, дахі, платы – і заклікаюць жавароначкаў, што сімвалізуе абнаўленне, абуджэнне прыроды і жыцця.

У цяперашні час востра адчуваецца неабходнасць адраджэння духоўнасці, ведання сваіх каранёў, традыцый, мінулага.

Клубныя ўстановы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” імкнуцца паяднаць далёкае мінулае і сучаснасць, адшукваюць шляхі і сродкі захавання багатай культурнай спадчыны свайго народа і перадачы яе маладому пакаленню.

Стымулам да творчай дзейнасці і пошукаў з’яўляецца для клубных устаноў іх уключэнне ў доўгатэрміновы конкурс фальклорных праграм “Фальклорны жыццявір”, вынікі якога будуць падведзены ў канцы года.

Сваю конкурсную праграму “Саракі” у рамках конкурсу прадставіў Яноўскі СДК.

У вясновы перыяд клубнымі ўстановамі  раёна праводзяцца абрадавыя святы, тэатралізаваныя пастаноўкі, фальклорныя дзействы, звязаныя з народным календаром, – Саракі, Благавешчанне, Пасхальнае валачобніцтва, Навіна, Юр’е, Сёмуха…

Фальклорная спадчына – гэта нашы рэальныя вытокі, тая жыватворная сіла, якая стагоддзямі фарміравала наш дух і маральны свет. У ёй мы знаходзім мудрасць, вопыт і веру ў сябе, адчуваем сваю еднасць і сілу.

 

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”