RU BY EN 中文
Twitter Instagram

День белорусской письменности отпраздновали в Краснополье

ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА СВЯТКАВАЛІ НА КРАСНАПОЛЬШЧЫНЕ

 

Табе я прысвячаю свой вянок,

Мая Радзіма, сэрцу дарагая…

Здаецца, сапраўдны вянок сваёй Радзіме прысвяцілі краснапольскія аматары творчасці, мастацкага слова, фальклору, роднай мовы, якія прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускага пісьменства і Году гістарычнай памяці.

Праграма святкавання Дня беларускага пісьменства на Краснапольшчыне была насычанай і цікавай, пазнавальнай і творчай.

 

НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА

Творчая гасцёўня “Нам засталася спадчына”, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, прапаноўвала зазірнуць у гісторыю беларускага пісьменства і кнігадрукавання, аддаць даніну павагі продкам, якія стварылі падмурак беларускай адукацыі, літаратуры, пісьменства, сустрэцца з творчымі асобамі Краснапольшчыны: паэтамі, носьбітамі і аматарамі фальклору, якіяя так цесна звязаны з літаратурай, пазнаёміцца з кніжнымі выставамі – цікавымі і ўнікальнымі, і, канешне, пабыць у прасторы роднай беларускай мовы.

Дзень беларускага пісьменства – свята, якое аб’ядноўвае ўсіх тых, хто любіць беларускую культуру і літаратуру, любіць беларускае слова. Менавіта такая аўдыторыя і стала наведвальнікам і актыўным удзельнікам творчай гасцёўні, дзе можна было задаволіць сваю цікаўнасць да пазнання, творчасці і духоўных складнікаў жыцця.

Асабліва была адзначана дзейнасць Францыска Скарыны, беларускага першадрукара. З таямнічым светам кнігадрукавання, якому ў гэтым годзе спаўняецца 505 гадоў, гледачы былі азнаёмлены праз відэасюжэт.

У гасцёўні гучалі песенныя і музычныя творы ў выкананні артыстаў РЦК (Г. Снытка, А. Трафімавай, К. Чалпанава) і маладога спецыяліста ДШМ, выкладчыка па класу баяна Р. Астапенка.

Асалоду роднай мовы дарылі вершы паэтаў-аматараў Краснапольшчыны і класікаў нацыянальнай літаратуры. Вершы на роднай мове і пра родную мову гучалі з вуснаў наведвальнікаў гасцёўні, якія добраахвотна выходзілі да мікрафона. Сярод іх – Л. Васількова, З. Смаршкова, Н. Паплыка.

На мерапрыемстве прысутнічалі мясцовыя СМІ.

100 гадоў назад на Краснапольшчыне выйшаў першы нумар раённага друку – газета “Чырвоны сцяг”. У тыя далёкія часы актыўным селькорам газеты з’яўляўся Пятрусь Бядулін з вёскі Дзернавая – паэт Краснапольшчыны. Яшчэ адна знакамітая асоба, чыё жыццё непарыўна звязана з краснапольскай газетай, – паэт Аляксей Пысін з Высокага Борка.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачаў друкаваць свае допісы і вершы ў “раёнцы” яшчэ адзін наш славуты зямляк з в. Горанка, пісьменнік Мікалай Ткачоў. Таксама з газеты “Чырвоны сцяг” пачалося жыццёвае станаўленне пісьменніка Сцяпана Кухарава. Непарыўную сувязь з гісторыяй раённай газеты маюць жыццёвыя пуцявіны нашага земляка, ураджэнца в. Асінаўка, пісьменніка Анатоля Казлова.

Шмат іншых асоб працавалі на старонках раённай газеты, апавядалі сваім чытачам пра самыя значныя падзеі на Краснапольшчыне і цікавых людзей, тым самым фіксуючы адметныя факты гістарычнага жыцця раёна.

У гасцёўні ў адрас раённай газеты прагучалі віншаванні з Днём беларускага пісьменства, са стагоддзем з дня заснавання і любімаму “Сцяжку” быў прысвечаны верш мясцовай паэткі В. Марчанка.

Такая форма, як гасцёўня, дае шмат магчымасцяў і добрых сродкаў далучэння да пазнання, да мовы і літаратуры, і такія сродкі былі выкарыстаны. Акрамя вышэй адзначаных былі скарыстаны і такія, як хвілінка “Сябруем з роднай мовай”, дзе ўдзельнікі гасцёўні рабілі пераклад з беларускай мовы на рускую і разам цытавалі 10 запаветаў аб роднай мове. Адбыліся сустрэчы з цікавымі людзьмі і былі прадстаўлены ўнікальныя выстаўкі літаратуры і выдавецкай прадукцыі.

Адным з субяседнікаў у гасцёўні стала В. Марчанка, якая разам са сваім народным фальклорным ансамблем “Горскія харашухі” неаднаразова прымала ўдзел у рэспубліканскіх святах Дня пісьменства, якія праходзілі ў гарадах Шклове, Быхаве, Мсціслаўлі. Напярэдадні сёлетняга 29-га свята Дня пісьменства, якое адбудзецца на Гомельшчыне, яна прыняла ўдзел у рэспубліканскім літаратурным конкурсе, арганізаваным Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Конкурс называўся “І. Шамякін. Сэрца на далоні”. Па адной з намінацый конкурсу трэба было даслаць кнігу паэзіі, выдадзеную ў 2021 або 2022 годзе. В. Марчанка прыняла ўдзел у конкурсе са сваёй кнігай “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”. Пераможцай конкурсу яна не стала, але кнігі 28 ўдзельнікаў гэтай намінацыі будут размеркаваны па бібліятэках Гомельшчыны, так што чытачы аднаго з куткоў гомельскай зямлі змогуць пазнаёміцца з паэткай Краснапольшчыны і яе творамі, якія дыхаюць любоўю да малой і вялікай Радзімы, да роднай мовы, спадчыны роднай зямлі і заклікаюць да народнага адзінства.

А якія цікавыя выстаўкі, аформленыя ў гасцёўні, прыцягвалі ўвагу аматараў літаратуры!

Кожная з іх – цікавая і ўнікальная. Выстаўка кніг пад назвай “Культурна-гістарычная спадчына” знаёміла з кнігамі-рарытэтамі, бо яны ўбачылі свет …больш за паўстагоддзя таму назад!

 Яшчэ адна выстава “Родная зямля – крыніца натхнення” была аформлена ў гасцёўні па выніках паэтычнай і сацыяльна-культурнай дзейнасці членаў народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК.

 І трэцяя выстава была прысвечана класікам нацыянальнай літаратуры Я. Коласу і Я. Купалу. Яе аформіла УК “ЦБС Краснапольскага раёна”.  

“Невычэрпная крыніца духоўнай сілы нашага народа”, - так можна ацаніць творчую спадчыну Якуба Коласа і Янкі Купалы, 140-годдзе якіх з дня нараджэння адзначаецца ў гэтым годзе. Творчасць класікаў літаратуры была прадстаўлена ў гасцёўні праз выставу і праз відэафрагмент, які аддаў даніну павагі неўміручай 110-гадовай па ўзросце п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”.

Год гістарычнай памяці заклікае нас да звароту да сваіх каранёў, да культурнай спадчыны.  Кажуць, каб лепш уведаць народ, трэба пачуць яго песні. Традыцыйна наша гасцёўня ў Дзень беларускага пісьменства не абыйшлася без сустрэчы з носьбітамі вуснай народнай творчасці, з якой цесна звязана беларуская літаратура.  Носьбіты фальклору ўзбагацілі сустрэчу народнымі песеннымі творамі розных куткоў Краснапольшчыны: Н. Яцутка прадставіла фальклор заходняй часткі рэгіёна, В. Марчанка – усходняй.

Народ, які жыў і жыве на зямлі Беларусі, стварыў багатую і самабытную культуру. Мы атрымалі гэту культуру ў спадчыну, нам яе берагчы і перадаваць сваім нашчадкам. І такія сустрэчы-роздумы, як і гасцёўня “Нам засталася спадчына”, упэўніваюць, што гэтай спадчынай трэба даражыць і што лёс Радзімы залежыць ад кожнага з нас.

Такую думку падтрымала і спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М. В. Разгонава, якая прыняла ўдзел у творчай гасцёўні “Нам засталася спадчына”. Яна павіншавала прысутных з Днём беларускага пісьменства і выказала падзяку народнаму аматарскаму паэтычнаму аб’яднанню “Світанак” Краснапольскага РЦК і метадысту РЦК В. А. Марчанка за арганізацыю свята, а ўсіх прысутных падзякавала за цікаўнасць да духоўных традыцый свайго народа.

 

З МАСТАЦКІМ СЛОВАМ ДА ЛЮДЗЕЙ

Цікавай імпрэзай Дня беларускага пісьменства на Краснапольшчыне стала святкаванне юбілея народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК. Аб’яднанню споўнілася 5 гадоў.

Прыхільнікі творчасці сваіх землякоў змаглі перагарнуць старонкі яшчэ маленькай, але цікавай і значнай як для саміх “світанкаўцаў”, так і для  краснапальчан гісторыі і творчай дзейнасці аб’яднання.

Кіраўнік аб’яднання В. А. Марчанка адказала на пытанні вядучых: з чаго пачалася ідэя стварэння творчага саюза аматараў слова, чым насычана дзейнасць “Світанка”, якімі поспехамі можна пахваліцца і інш. Гутарку суправаджала слайд прэзентацыя па дзейнасці аб’яднання.

Жаданне аб’яднаць творчых людзей, якія сябруюць са словам было рэалізавана ёй у 2017 годзе, бо яна разумела, што ёсць тыя, хто піша “у стол”, не мае смеласці данесці свае творы да слухача, ды і ў культурным асяроддзі раёна не хапала мерапрыемстваў, дзе б гучала слова, родная мова, дзе б узрушваліся пачуцці і думкі. На той час ідэю стварэння творчага аб’яднання падтрымала былы рэдактар раённай газеты А. Сідарэнка.

На сённяшні дзень аб’яднанне світанак – значная і неабходная творчая адзінка ў сферы культуры Краснапольшчыны. У 2021 годзе пастановай Міністэрства Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі аб’яднанню “Світанак” прысвоена ганаровае найменне “Народны”. Аб’яднанне ўзнагороджана і Ганаровай граматай Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама.

Значнае месца ў сацыяльна-творчай дзейнасці аб’яднання займае арганізацыя розных конкурсаў, паэтычных пляцовак, гасцёўняў да розных святаў і падзей краіны і малой радзімы, прэзентацый кніг і выдавецкай літаратуры па творчасці членаў аб’яднання, арганізацыя выставак і іх прэзентацыі, удзел у мерапрыемствах Краснапольскага РЦК, выяздныя паэтычныя віншаванні і канцэрты, удзел у конкурсах за межамі раёна і інш.

З гонарам кіраўнік аб’яднання паведала аб розных формах удзелу аб’яднання ў сацыяльна-творчым жыцці Краснапольшчыны і аб такіх значных мерапрыемствах, якія арганізуюцца аб’яднаннем да дзяржаўных і міжнародных святаў. Гэта і Дзень беларускага пісьменства, і міжнародны Дзень роднай мовы, і Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі і інш. Творчыя гасцёўні ў вопыце работы “Світанка” сталі традыцыйнымі і рэгулярнымі і праводзяцца кожны год. Яны збіраюць аўдыторыю тых, каго цікавяць духоўныя складнікі жыцця чалавека. Гасцёўні даюць магчымасць творчых зносін. Згадзіцеся, на свеце няма нічога больш цікавага, чым жывы чалавек – з яго думкамі і перажываннямі.

Некаторыя з паэтаў-аматараў змаглі на юбілеі пахваліцца  брашураванымі выпускамі сваёй творчасці. Толькі ў 2022 годзе былі выдадзены брашуры С. Сыранкова “Жывём у чаканні…”, Г. Яўсеенка “Уводит Муза”, хутка з’явіцца брашура Г. Каваленка. Вынікам творчай дзейнасці кіраўніка аб’яднання сталі яе кнігі “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, “Перламутровые росы”, “Скрыпкі маёй душы”, якія былі выдадзены Клінцоўскай тыпаграфіяй у 2022 годзе.

На свяце былі прадстаўлены члены аб’яднання, з іх вуснаў гучалі творы.

Усхвалявана і эмацыянальна чытала свае вершы Г. Каваленка. Яе любімая тэма – родны куточак, прырода, якія яна любіць усім сэрцам, углядаецца ва ўсё да драбніц і з усёй эмацыянальнасцю апявае ў сваіх радках.

С. Сыранкоў аддае даніну павагі сваім знакамітым землякам, гістарычным старонкам, сучасным падзеям, якія адбываюцца на яго малой радзіме, знаходзіць словы і для паэтычных замалёвак пра прыроду, яе стан у розныя поры года.

Усе яны такія розныя, члены аб’яднання, - па ўзросту, прафесіі, тэмпераменту, здольнасцях, светаўспрыманню, але ўсе яны – удзельнікі важнага працэсу на сваёй малой радзіме – працэсу культурнага і сацыяльна-значнага.

Конкурсы – добры стымулятар для творчых людзей. У выніку – нараджаюцца новыя творы, набываецца вопыт і, канешне, адбываецца папулярызацыя малой і вялікай Радзімы, выхаваўчы ўплыў, бо падвядзенне вынікаў конкурсаў традыцыйна адбываецца ўрачыста і пры пэўнай аўдыторыі слухачоў.

Аб’яднаннем “Світанак” за час яго існавання было арганізавана шмат конкурсаў: “Краснапольшчына ў сэрцы маім”, “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, “Малая радзіма ў кожнага ёсць”, “Пра цябе, родны краю, спяваю”, “Мы на матчынай мове жывём” і інш.

Каб ацаніць і ўзровень сваёй творчасці, члены аб’яднання спрабуюць прымаць удзел у конкурсах за межамі раёна - у рэгіянальных, абласных, міжнародных. На юбілейнай сустрэчы ім было чым пахваліцца. На працягу года чытачы раённай газеты і карыстальнікі інтэрнэта мелі магчымасць сачыць за поспехамі краснапольскіх паэтаў-аматараў і творчым жыццём аб’яднання, якое рэгулярна асвячаецца ў СМІ яго кіраўніком.

Жадаючых павіншаваць аб’яднанне “Світанак” з 5-цігоддзем прыйшло нямала.

Віншуючы юбіляраў, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М. В. Разгонава адзначыла, што дзейнасць “Світанка” станоўча ўплывае на развіццё ўласнай творчасці яго членаў, на эстэтычнае, духоўнае, патрыятычнае выхаванне насельніцтва, на далучэнне яго да роднай мовы, мастацкага слова, да культурных і духоўных працэсаў, творчасць і дзейнасць аб’яднання абуджае любоў да малой і вялікай Радзімы, спрыяе фарміраванню і адчуванню згуртаванасці, разуменню неабходнасці народнага адзінства. М. В. Разгонава выказала і ўручыла аб’яднанню, яго кіраўніку і членам аб’яднанні Падзякі аддзела.

Многа цёплых і ўдзячных слоў было выказана дырэктарам ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна” А. М. Раманенка. Ад імя клубных устаноў да юбіляраў звярнулася загадчыца Пачапоўскага СДК Л. Я. Каратцова.

А старшыня Краснапольскай раённай ветэранскай арганізацыі Н. М. Шарахоўская і прадстаўнікі аддзялення для наведвання пажылых людзей уручылі “Світанку” тапіярый, зроблены ўласнымі рукамі, у якім адразу ўгадаўся сімвалічны сэнс той дзейнасці, якой займаецца аб’яднанне. Тапіярый уяўляе сабой дрэва, галінкі якога – клубочкі з нітак.

“Так думкі і словы пад вашым пяром сплятаюцца ў паэтычныя радкі і вершы. Няхай дрэва вашай творчасці развіваецца, расце, квітнее і поўніць наша жыццё добрым словам, добрымі думкамі, святлом і любоўю”, - пракаменціравалі свой падарунак-сімвал  гэтыя пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў “Світанка”.

Звяртаючыся да сваіх калег па пяру, кіраўнік аб’яднання пажадала, каб заўсёды ў іх былі цікавыя думкі ў галаве, нараджаліся цікавыя мастацкія вобразы і лёгкія рыфмы, каб вершы прасіліся ў сшыткі і знаходзілі свайго чытача і слухача. А ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, падзякавала за цікаўнасць, пастаянства зносін і за тое, што менавіта яны, слухачы з’яўляюцца неабходнай патрэбай для тых, хто піша, бо без слухача няма паэта. Як казаў паэт Васільеў, паэзія, якая толькі ў душы паэта, яшчэ не паэзія – так пра яе ніхто не ведае, гэта тое ж, што і – нішто.

У паэзіі мясцовых паэтаў Краснапольшчыны можна адчуць любоў да роднай зямлі, захапленне прыгажосцю прыроды, разуменне каштоўнасцей роднага куточка. Паэты-аматары робяць жыццё больш цікавым, прыгожым, багатым. Чытайце творы сваіх землякоў і далучайцеся да культурнага жыцця малой радзімы, у якое струменем чыстай вады ўліваецца творчасць народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК.

 

ПЕСНІ З СЯЛЯНСКІХ ХАТ

Пад такой назвай на Краснапольшчыне да Дня беларускага пісьменства адбыўся канцэрт фальклорнай песні, які пераўтварыўся ў сапраўднае “спеўнае кола”, бо да родных песень, песень з сялянскіх хат, далучылася і спявала іх уся зала.

Фальклорная песня, якую народ пранёс праз стагоддзі, з’яўляецца найвялікшым духоўным нацыянальным скарбам. І той бедны, хто не мае гэтых вечных скарбаў, бо гэта – скарбы душы.

Багатую вышыўку з народных песень стварылі носьбіты фальклору, салісты і калектывы клубных устаноў раёна, якія прынялі ўдзел у канцэрце. Гучалі песні абрадавыя і лірычныя пазаабрадавыя, перанятыя ад носьбітаў у розных кутках Краснапольшчыны.

Кажуць, народная песня жывая, калі яе моладзь спявае. Сярод удзельнікаў-выканаўцаў былі людзі рознага ўзросту. А гэта ўпэўнівае, што песні з сялянскіх хат будуць гучаць і ў новых стагоддзях, што і ўнукі пачуюць голас зямлі, дзе вякамі жылі іх продкі.

 

Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры, кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага раённага Цэнтра культуры