RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рыхтуецца прэм’ера купальскага мюзікла “Вянок на вадзе”

У гэтым годзе ўстанова культуры “Магілёўская абласная філармонія” плануе прадставіць гасцям свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) свой новы творчы праект – купальскі мюзікл “Вянок на вадзе”. Ці лёгка стварыць купальскі мюзікл? З чаго пачынаецца праца, як хутка ідэя атрымлівае ўвасабленне, ці вялікая каманда стаіць за гэтым праектам? Распавядае аўтар – мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі Алёна Беланожка.

- Як нарадзілася ідэя стварэння купальскага мюзікла?

- Купалле – адно з самых прыгожых, містычных і рамантычных свят беларускага календара. Не дзіва, што на працягу стагоддзяў музыкі, паэты, пісьменнікі натхняюцца яго незвычайным хараством і таямнічасцю. Ідэю стварэння мюзікла па матывах купальскай абраднасці мы выношвалі не адзін год, але толькі зараз яна аформілася ў прыгожую канцэпцыю, над увасабленнем якой працуе вялікая творчая група.

Аб чым будзе мюзікл?

- Мы разглядалі некалькі сінопсісаў, але вырашылі спыніцца на прыгожай гісторыі пра каханне. У аснову гісторыі лёг сюжэт пра трох маладых хлопцаў, якія, каб дабіцца ўзаемнасці ад прыгажуні, адпраўляюцца ноччу ў лес, каб адшукаць чароўную папараць-кветку. На шляху ім сустракаюцца спакусы і пагрозы, але сіла кахання і кемлівасць адважных беларускіх дзяўчат разбураюць чараўніцтва і выратоўваюць хлопцаў ад бяды, а кветка дастаецца таму, хто сапраўды гэтага варты.

Хто складае каманду праекта?

- Мною створаны сцэнарый і тэксты песень – мы рыхтуем трынаццаць абсалютна новых кампазіцый. Мюзікл будзе цалкам беларускамоўны – для мяне было вельмі важна стварыць беларускі мюзікл менавіта на роднай мове. Да нашага праекта далучыўся магілёўскі кампазітар і аранжыроўшчык, з якім мы супрацоўнічалі раней і напісалі некалькі добрых дзіцячых і падлеткавых песень – Сяргей Цямрук. Рэжысёрам выступіць рэжысёр філармоніі Міхаіл Мікалаенка. Плануем задзейнічаць у пастаноўцы ўсе асноўныя творчыя сілы нашай установы.

- Што, на вашу думку, самае складанае ў працы над мюзіклам?

- Самае складанае – запаліць у сэрцы кожнага ўдзельніка праекта шчыры інтарэс да матэрыялу, каб усе працавалі з зацікаўленасцю, поўнай аддачай. Гэта ў аўтараў атрымалася. Другая складанасць – у задачах, якія мы ставім перад сабою: раскрыць незвычайную прыгажосць і глыбокі сімвалізм свята, але зрабіць гэта так, каб матэрыял быў цікавы сучаснаму гледачу. Астатняе – метадычная і руплівая праца, вынікам якой, дзякуючы прафесіяналізму нашых артыстаў, мастакоў, арганізатараў – усіх, кто мае дачыненне да праекта – будзе прыгожая лірычная пастаноўка, адрасаваная шырокай аўдыторыі гледачоў. Будзем рады бачыць усіх на прэм’еры мюзікла “Вянок на вадзе” 10 ліпеня 2021 года ў Александрыі! 

З аўтарам праекта гутарыла Валянціна Якушава, kupalle.by