У лесе пахне восенню, вільготна, жоўтае лісце і хваіны сыплюцца на галаву, вецер качае высокія яліны. Але навакольнага пейзажу не заўважае кампанія, якая сядзіць абапал вялікага плоскага каменя, прыкладна ў метр даўжынёй. Дзяўчына, два хлопцы і мужчына паліваюць пліту вадой, задумліва гладзяць яе рукамі і ўглядаюцца ў выбітыя на камені старыя надпісы.
— Уверсе выразна чытаецца «Дара», — гаворыць адзін з хлопцаў.