RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» пройдзе 21-23 студзеня ў Магілёве

Самых хуткіх і трапных хлопцаў і дзяўчат Магілёўскай вобласці 21-23 студзеня аб’яднаюць рэгіянальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў абласным вучэбна-метадычным цэнтры фізічнага выхавання насельніцтва.

За ўзнагароды на лыжнай трасе ў Пячэрскім лесапарку пазмагаецца каля 280 дзяцей з 23 каманд. Гэта навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ад 11 да 16 гадоў – найлепшыя са школьнікаў, якія прынялі ўдзел у раённых і мясцовых этапах.

«Галоўная ўмова турніру – адсутнасць прафесійных спартсменаў. Гэта значыць, у спаборніцтвах не ўдзельнічаюць выхаванцы спартыўных навучальных устаноў, у асноўным гэта вучні сельскіх школ, – удакладнілі суразмоўцы. – Акрамя таго, дзіцяча-юнацкія спаборніцтвы адрозніваюцца ад дарослых тым, што бягуць удзельнікі без вінтоўкі: спартыўная зброя – на агнявых пунктах».

Дыстанцыі залежаць ад узросту спартсменаў. Так, біятланістам малодшай групы неабходна пераадолець 1 800 м, спартсменам сярэдняй групы – 2 400 м, старэйшай – 3 000 м. Прычым, за кожны промах на агнявым рубяжы дадаецца 50 м да дыстанцыі. Усяго спартсменаў чакае тры кругі і два агнявыя рубяжы.

Пераможцаў вызначыць галоўная судзейская калегія. Па выніках абласнога этапу будзе сфарміравана зборная каманда з 24 найлепшых спартсменаў-школьнікаў, якая прадставіць Магілёўшчыну ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Наймацнейшых лыжнікаў-стральцоў ад кожнай вобласці і горада Мінска 4 лютага чакаюць на вучэбна-трэніровачным зборы ў спарткомплексе «Раўбічы». Заняткі з адоранымі дзецьмі будуць праходзіць да 7 лютага. Дзеці вывучаць тэхніку бяспекі, навучацца карыстацца сапраўднай малакалібернай вінтоўкай, 5 лютага пачнецца лыжная падрыхтоўка. Фінал спаборніцтваў пройдзе з 8 па 10 лютага.

З моманту першых стартаў у 2007 годзе спаборніцтвы «Снежны снайпер» сталі аднымі з самых масавых. Юныя аматары біятлона таксама маюць магчымасць пагутарыць са сваімі кумірамі. У розны час у якасці ганаровых гасцей у фінальных мерапрыемствах прымалі ўдзел такія легендарныя спартсмены, як Сяргей Булыгін, Святлана Парамыгіна, Алег Рыжанкоў, Ігар Басінскі, Алена Зубрылава, Сяргей Далідовіч, Дар’я Домрачава і Людміла Ананько.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая