Рус Бел Eng 中文

Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў сёння, наведваючы ў Касцюковіцкім раёне фарэлевую гаспадарку «Лахва».

«Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі добрыя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэту праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы - дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне», - сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся работай гаспадаркі: тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца, рэнтабельнасцю, аб'ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў. У першую чаргу кіраўніка дзяржавы цікавілі магчымасці далейшага развіцця. «Калі ёсць, трэба рабіць хутчэй», - сказаў ён.

Як далажылі Прэзідэнту, магчымасці для пашырэння вытворчасці ёсць. Рыбная прадукцыя, і ў прыватнасці фарэль, запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. У 2019 годзе чаканая вытворчасць рыбы ў краіне складзе 16,6 тыс. т, у той жа час у Беларусь штогод імпартуецца 180 тыс. т з улікам патрэбнасцей перапрацоўкі і наступнага экспарту.

Па выніках наведвання фарэлевай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць прадумаць перспектыву, у тым ліку на базе дзеючых рыбгасаў. «Мне гэта вытворчасць вельмі падабаецца. Нічога складанага, толькі неабходна выконваць тэхналогію. Трэба рабіць з улікам ужо існуючага вопыту, каб усюды было эканомна і разумна», - рэзюмаваў беларускі лідар.

Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці прадугледжана адной з падпраграм дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016-2020 гады. На адпаведны перыяд вызначаны аб'ём вытворчасці рыбных рэсурсаў у водных аб'ектах краіны, які склаў на 2018 год - 14,9 тыс. т, на 2019 год - 16,5 тыс. т, на 2020 год - 18,2 тыс. т. Гэтыя планы выконваюцца з перавышэннем. Так, у 2018 годзе атрымана 16,1 тыс. т, або 108 працэнтаў да задання, а ў 2019-м чаканая вытворчасць рыбы складзе 16,6 тыс. т, або 100,6 працэнта да задання.

У структуры вытворчасці сажалкавай рыбы 79,5 працэнта займае карп. Да 2025 года для зніжэння сабекошту вырошчвання дзякуючы зніжэнню выкарыстання канцэнтраваных кармоў плануецца нарасціць аб'ём расліннаедных відаў рыб (таўсталобіка і белага амура) да 28 працэнтаў у структуры вырошчваемай рыбы за кошт зніжэння долі карпа да 55 працэнтаў. Прыняты ў Беларусі напрамак на развіццё індустрыяльнага рыбаводства знайшоў адлюстраванне ў будаўніцтве новых для краіны рыбаводных гаспадарак па вырошчванні каштоўных відаў рыб з выкарыстаннем установак замкнёнага водазабеспячэння. Гэта ў асноўным фарэль, асятровыя і сом. У структуры вытворчасці пераважае фарэль - больш за 80 працэнтаў.

 Акрамя таго, адным з новых відаў рыбнай прадукцыі ў Беларусі з'яўляецца вытворчасць чорнай ікры. Гэтым цяпер займаюцца два прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая