RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Арсенал узораў баявой тэхнікі на Буйніцкім полі папоўніла супрацьтанкавая самаходная артылерыйская ўстаноўка

Арсенал узораў баявой тэхнікі на Буйніцкім полі папоўніла савецкая супрацьтанкавая самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-100. Перадача экспаната адбылася сёння на мемарыяльным комплексе ў Магілёўскім раёне.

Гэта грозная зброя –знішчальнік танкаў. Патрэба ў такой устаноўцы ўзнікла пасля з’яўлення ў радах праціўніка новага цяжкага танка «Тыгр». З дыстанцыі 500 метраў яго лабавая 101-міліметровая браня не прабівалася бранябойнымі снарадамі палкавых і дывізіённых гармат. У якасці альтэрнатывы была прапанавана СУ-100.

«Такія машыны ўступілі ў баявыя дзеянні на апошнім этапе вайны, – расказаў намеснік дырэктара Музея гісторыі Магілёва і намеснік кіраўніка пошукавага клуба «Віккру» Яўген Балбераў. – У канцы 1944 года прайшлі выпрабаванні гэтай устаноўкі і ў пачатку 45-га яна паступіла на фронт. Прымала ўдзел у разгроме фашысцкай Германіі, у баях на тэрыторыі Венгрыі, Чэхаславакіі і інш. У пасляваенны час была задзейнічана ў шэрагу лакальных канфліктаў».

Яўген Балбераў выказаў надзею, што традыцыя папаўнення парку тэхнікі на Буйніцкім полі новымі экспанатамі часоў Вялікай Айчыннай вайны працягнецца, бо ўзоры, на якіх ваявалі нашы дзяды і прадзеды, дасягалі вялікіх перамог – гэта тое, на чым можна выхоўваць маладое пакаленне.

Супрацьтанкавая самаходная артылерыйская ўстаноўка стала 12-м экспанатам у музеі пад адкрытым небам. Тут ужо ёсць зеніткі, гаўбіца, баявая машына дэсанту. Можна ўбачыць на Буйніцкім полі савецкі танк ІС-2 і інжынерна-разведвальную машыну, якая, дарэчы, з’явілася тут вясной гэтага года і стала падарункам жыхарам рэгіёна да 9 Мая.

Ва ўрачыстай абстаноўцы тэхнічныя дакументы на ўстаноўку дырэктару Музея гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову перадаў кіраўнік грамадскага аб’яднання «Ваенна-патрыятычны клуб “Пошук”» горада Шклова Валерый Сёмушкін. Менавіта яго хлопцы 1,5 месяца аднаўлялі баявую машыну, якую забралі з палігона ў Мар’інай Горцы. Амаль тры гадзіны спатрэбілася, каб устанавіць 28-тонную махіну на Буйніцкім полі.

Цырымонія перадачы савецкай супрацьтанкавай самаходнай артылерыйскай ўстаноўкі СУ-100 стала часткай урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 79-й гадавіне абароны Магілёва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая