RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Банк развіцця перадаў Магілёўскаму радзільнаму дому новае абсталяванне

Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных магілёўскай радзільні, дзякуючы падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, значна папоўніла медыцынскі арсенал.

У распараджэнні медработнікаў з’явіўся новы дыхальны апарат высокага класа, апарат для неінвазіўнай рэспіраторнай падтрымкі, два сучасныя інкубатары вытворчасці ЗША, Японіі і Германіі. Абсталяванне набыта па праграме «Здаровы малы», якая рэалізуецца Міністэрствам аховы здароўя сумесна з Банкам развіцця. Яна прадугледжвае перааснашчэнне перынатальных цэнтраў рэспублікі сучасным абсталяваннем, каб нованароджаныя, калі ёсць нейкія адхіленні, змаглі атрымаць дапамогу нават у невялікім раённым цэнтры.

Як расказала загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных Наталля Матусевіч, самае важнае–гэта першыя дні жыцця дзіцяці, таму асабліва значна, каб ён не марнаваў сілы на выжыванне, а накіроўваў іх на рост і развіццё. Новыя інкубатары высокага класу. Адзін з іх –трансформер, які выконвае функцыі кювеза і адкрытага рэанімацыйнага месца, дазваляе стварыць неабходныя ўмовы для выходжвання нованароджаных з невялікай вагой –менш за 1000 грам. Дзякуючы падключэнню мабільнага блока харчавання, у ім можна перавозіць дзіця з аднаго памяшкання ў іншае. У цэлым абодва інкубатары дазваляюць стварыць аптымальныя ўмовы для выходжвання неданошаных немаўлят, а таксама для дапамогі хворым дзеткам. У іх падтрымліваецца тэмпературны рэжым, вільготнасць, забяспечваецца падача вільготнага кіслароду і абарона ад знешніх гукаў. Усе даныя пацыента адлюстроўваюцца на дысплеі, таму яго стан пастаянна пад чулым кантролем спецыялістаў.

Новы дыхальны апарат рэалізуе адначасова некалькі спосабаў рэспіраторнай падтрымкі пацыентаў з дыхальнай недастатковасцю: традыцыйны –самастойнае дыханне з пастаянным станоўчым ціскам і неінвазіўнай вентыляцыяй лёгкіх праз спецыяльныя назальныя канюлі або маску на твары. Тут устаноўлена цалкам інтэграваная сістэма кантролю стану дзіцяці, а таксама спецыяльны генератар, праз які ажыццяўляецца падача кіслародна-паветранай сумесі і падтрымліваецца ціск у дыхальных шляхах на пастаянным узроўні, мінімізуючы працу дыхання.

«Новая сістэма жыццезабеспячэння неданошаных і малавесных дзяцей –неабходнае абсталяванне для радзільні, якое дапамагае спраўляцца з усімі складанасцямі, якія ўзнікаюць у працэсе родаў, – расказаў галоўны ўрач Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Павел Арахоўскі. – Гадоў 15–20 таму, безумоўна, былі б страты. Сёння пра гэта нават не думаем. Урачам прыемна працаваць з такім абсталяваннем. Мы не баімся нічога, бо ведаем, што гатовыя абсалютна да любой сітуацыі, у нас ёсць усё, каб аказваць якасную і высокакваліфікаваную дапамогу парадзільніцам і дзецям. Дарэчы, Банк развіцця паставіў практычна ўсё абсталяванне для дзіцячай рэанімацыі».

Паводле слоў старшыні праўлення Банка развіцця Беларусі Андрэя Жышкевіча, праграма дапамогі медыцынскім установам і стымулявання нараджальнасці доўжыцца ўжо трэці год. «Гэты кірунак для нас на бліжэйшы час з’яўляецца прыярытэтным, – падкрэсліў ён. – Інвестыцыі значныя, але яны толькі дапаўняюць вялікія ўклады, якія ажыццяўляе рэспубліканскі і абласны бюджэты, многія спонсары працуюць у гэтым кірунку. Аб’яднаннем намаганняў дасягаецца высокі сацыяльны эффект».

Абноўленая радзільня ў Магілёве пачала прымаць парадзіх у лістападзе 2019 года. Гэта перынатальны цэнтр трэцяга ўзроўню, які абслугоўвае не толькі горад, але і палову вобласці. Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных абсталявана 21 інкубатарам, 9 рэанімацыйнымі адкрытымі месцамі, 9 апаратамі ШВЛ, 6 з якіх ужо працуе, а тры – на стадыі ўвядзення з эксплуатацыю. У 2019 годзе тут пралячылася 330 дзетак, у тым ліку 43 –вагой 1,5 і менш кілаграм. Асноўная прычына заўчасных родаў –здароўе мам: парушэнне гарманальнага фону, інфекцыйныя хваробы і стрэсы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая