RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 8,2 тыс. школьнікаў Магілёўскай вобласці аздаровяцца ў лагерах на зімовых канікулах

У 2019 годзе зімовыя канікулы ва ўстановах адукацыі Магілёўскай вобласці пройдуць з 26 снежня па 11 студзеня пад дэвізам «Актыўна, карысна, бяспечна!». У гэты час кожнае дзіця зможа знайсці занятак па душы, запэўнілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама.

«Паводле папярэдніх звестак, у рэгіёне ў перыяд зімовых канікул у аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ аздараўленне пройдзе 8245 навучэнцаў», – адзначылі суразмоўцы.

Яны дадалі, што ўстановы адукацыі распрацавалі «Даведнік па вакацыях», які ўключае памятку аб правілах бяспечных паводзін, спіс мерапрыемстваў, якія можна наведаць падчас канікул як самастойна, так і ў складзе арганізаваных груп з указаннем часу, месца правядзення і кароткага апісання.

Каб вольны час школьнікаў быў максімальна карысным і цікавым, праграмы ва ўстановах адукацыі, культуры, спорту абяцаюць быць насычанымі. У лагерах пройдуць валанцёрскія ранішнікі, розныя конкурсы і гульні, плануюцца экскурсіі, прагляды кінафільмаў. Сваю фізічную падрыхтоўку і спрыт школьнікі змогуць прадэманстраваць падчас спартландый, эстафет. Яшчэ адзін блок – мерапрыемствы, прысвечаныя навагоднім і калядным святам.

Падчас зімовых канікул працягнуць працу гурткі па інтарэсах. Тэматычныя праграмы падрыхтавалі тэатральна-відовішчныя арганізацыі, клубныя ўстановы. Публічныя бібліятэкі вобласці прадставяць кніжныя выставы, адкрытыя прагляды літаратуры, гульні і квэсты. Кінатэатры правядуць навагоднія спецыяльныя паказы, кінапрадстаўленні і святы, музеі – выставы.

Важным напрамкам выхаваўчай работы стане прафілактыка дзіцячага траўматызму з удзелам спецыялістаў розных службаў і ведамстваў. Пра бяспечныя паводзіны зімой, на дарозе, паблізу вадаёмаў, пры НЗ, у абыходжанні з электрапрыборамі, пра шкоду курэння і алкаголю размова пойдзе на аглядных лекцыях і тэматычных гутарках, кіналекторыях.

«У цэлым мерапрыемствы, запланаваныя на зімовых вакацыях, накіраваны на захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, іх патрыятычнае, экалагічнае, духоўна-маральнае выхаванне, фарміраванне правілаў бяспечных паводзін», – канстатавалі ў галоўным упраўленні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая